Думаў і думаю над гэтымі тамамі пра веліч рускай літаратуры яшчэ і з такога боку,— гледзячы на яе праз геніяў, не праз тых «сярэдніх», што ў іншых літаратурах лічыліся б вялікімі, а праз тых, што так і засталіся ў сваім часе, прыпаяныя да яго, прапусціўшы наперад, у вечнасць, вялікіх.
Ці варта было ім, «прыпаяным», думаць пра як найлепшую апрацаванасць, дабротнасць свайго слова? (Была, відаць, узнікала ў каго-небудзь і такая недарэчная думка?) І падумалася пра тых, чыя работа ў іншых галінах чалавечай дзейнасці таксама была дабротнай, і не магла не быць такой, нават калі яна не разлічвалася на вечнасць, а на пэўную даўгавечнасць, патрэбная была, перш за ўсё, у сваім часе. Былі ў іх, тых «прыпаяных», таксама і зародкавыя адчуванні, і абдумванне, і чарнавікі, і цэнзура, і хваляванні, і промахі, і ўдачы. І гэта зноў жа павінна вучыць нас, новых «прыпаяных», да свайго часу, сціпласці, адчуванню абавязку.
*
Кінафільм пра Леаніда Быкава, акцёра, рэжысёра, таварыша, якога ўжо няма.
Таленавіты чалавек, лепш — чалавечны талент коміка. Урыўкі з фільмаў, у якіх ён быў абаяльны ў сваёй разнавіднасці.
Там, дзе ён у ролі франтавога лейтэнанта дырыжыруе самадзейным афіцэрска-салдацкім хорам-аркестрам, я ледзь не падскочыў у крэсле, адчуўшы, нарэшце, што і мне пра свайго П. у новай рэчы трэба пісаць з усёй любоўю да яго, не саромеючыся яе, не абмалёўваючы. Так яно пойдзе!..
*
В. Канецкі, «Третий лишний»:
«Введение самого себя в книгу дело щекотливое и лишних хлопот получаешь полон рот, не если, черт возьми, чувствуешь, что так надо?!»
Знаёма гэта і мне.
Даўно забітая ці здохлая чайка,— а мо і варона, бо не пазнаць,— выкачана хвалямі на бераг. Два хлопцы і дзяўчына спыніліся каля яе. Хлопцы збоку гавораць пра нешта сваё, а хлопцападобная па вопратцы паненачка стаіць, нахіліўшыся над слізкай, агіднай «кансервай» і патэтычна песціцца:
— Встань! Да встань же!..
Младая поэтесса?
*
Успаміналі Ніліна. Я — між іншым і тое, як ён аднойчы казаў: «Калі мне з Саюза звоняць, што трэба прыйсці на пахаванне, я так і ведаю, што памёр хтосьці нязначны»...
«Злосны ён трохі быў».
«А ці проста злосны?,,»
*
Калісьці, яшчэ ў юнацтве, бывала сумна і прыкра ад мастацкай бездапаможнасці некаторых рэвалюцыйных песняў — самадзейных, складзеных на мясцовым матэрыяле, спяваных на мелодыі... нават модных у той час вальсаў. Выводзілася гэта часамі «хто ў лес, хто па дровы», а за гэтай шчырасцю стаялі і катаванні, і турма. Я гэта ведаў, аднак «эстэтычны скрыгат» у душы заставаўся. І помніцца.
Зусім іншая справа — светлая, звонкая радасць першай сустрэчы — у выкананні той самай моладзі — з песняй, якая і сёння хвалюе: «Там вдали за рекой...», і з іншымі песнямі, пачутымі па савецкім радыё ці таямніча прынесенымі з-за мяжы, прафесійнымі («Мы рождены, чтоб сказку сделать былью...») і народнымі.
Гэтая музыка маладосці спалучана ў памяці з вобразамі людзей, сярод якіх было добра.
*
Мора сёння ў 7.30 раніцы прысцёбвала лёгкай хваляй неяк нібы абыякава, з няроўнымі паўзамі, толькі для ліку, што яно не спіць. Падумалася ў паўзмроку, што гэта пены намыла на стыку хвалі з берагам, а праверыў — белая, крышталічная намаразь.
Над соснамі на абрывістай градзе — яшчэ далекаваты сонечны ўсход, зара. А высока на паўднёвым захадзе, у лёгкай марознай замурзанасці неба — асколак нядаўняй поўні.
Мама сказала б: «Схода месяца».
*
Шагінян пра Шаўчэнку. Грунтоўна аўтарытэтнае сцверджанне велічы Кабзара.
Прыемна прачытаць такое:
«Он никогда не выдумывал материала своей прозы. Фабулу он, конечно, сочинял, очень нехитрую и несложную, но его описания достоверны, как документ; в них нет и тени вымысла (кроме разве переноса положений)».
...«Брюллов приучил Шевченко к одному из прекраснейших занятий и лучшему способу выработки личной и бытовой культуры — к чтению вслух».
Гэтым і я займаўся нямала.
І свае новыя рэчы блізкім чытаў. Яшчэ і ў шэсцьдзесят шостым годзе, прыехаўшы з Каралішчавіч, чытаў Ніне, Калесніку і Янкоўскаму свежанькія «Апоўначы» і «Глядзіце на траву». Сам хваляваўся і рад быў бачыць крадком хваляванне слухачоў.
Чаму цяпер не чытаю сябрам свежанапісанае, што адбіла ад гэтага?
...Дома трэба будзе, нарэшце, прачытаць усю прозу Шаўчэнкі. Толькі дзённік яго чытаў і перачытваў (пасля падарожжа па Волзе), а іншае і мне здавалася не на ўсю сілу ягоным.
Апошнім часам часта думаю (па-руску сказаў бы: с нежностью думаю) пра Якубаву кнігу. Як помнік яму, у нейкай меры ўзняты і ўгрунтаваны і маімі рукамі. Чакаю, узвальваю на далоні, гартаю — пакуль што ў думках... [45]
45
«Маё маўклівае сэрца», кніга літаратурнай спадчыны Якуба Міско, выйшла на пачатку 1983 года.