Выбрать главу
Па-над рэчкай дрэмле дуб, Задрамі і ты, Якуб!

Вобраз! І коласаўскі вельмі. А ў перакладзе ён, дарэчы, размыты;

Już dębinę sen omroczył, Zmruż i ty, Jakubie, oczy.

Дуб, што дрэмле пад рэчкай,— тут і краса, і сіла, якую не вельмі «omroczysz» [48]

У ціхім, любым коласаўскім настроі ўзяў з паліцы на стол увесь чатырнаццацітомнік, пераглядзеў фотаздымкі, трохі дзённік, што ў ім калісьці адзначаў на палях, сёе-тое з апошніх вершаў.

Коласаўскі пастрой пачаўся не ўчора. Пераглядаючы прэсу, што сабралася за месяц [49], прыемна спыніўся на артыкуле Генадзя Каханоўскага ў «Голасе Радзімы».

Сябар Коласа па турме, асілак ды весялун Мацей Цярэшка з-пад Маладзечна, які «мог на плячах утрымаць васемнаццаць пудоў», а цару жадаў «добрай асіны і пятлі», выйшаў на волю раней за крамольнага настаўніка, а потым ужо настаўнік наведаў яго ў вёсцы якраз на «дзяды».

Гэта здалося мне тэмай апавядання. Ажно Караткевічу пазваніў.

*

Хто мог падумаць,— ці сам ён, ці яго блізкія,— што гэта звычайнае ў іхнім пасёлку прозвішча — Багрым — так падхопіць ветрам нашага адраджэння, так панясе гісторыя народа, што стварыў сваю літаратуру?

*

«Сталічная вышка», чым так стараюцца гіпнатызаваць нас некаторыя рэдактары і крытыкі.

А на вышцы ў тых некаторых і калені дрыжаць і галава кружыцца,— больш, чым у тых, што не на вышцы, а бліжэй да зямлі.

*

Дунін-Марцінкевіч. Трэба яшчэ лепш ведаць яго. А першае, што памятаю з юнацтва:

Паночку Яночку! дай табе божа За год даждаці святога спаса, Каб, як лес, расло ўсякае збожжа,— Дык будуць пірогі і густая каша...

Больш мне ў тым вершы як быццам і не трэба было, каб адчуць смак чагосьці блізкага,— і да роднага слова, і да роднай зямлі, і да родных людзей, і да працы з яе глыбокім сэнсам, і да сумленнай стомы з салодкім чаканнем заслужанага адпачынку.

*

Узяў толькі мой твар, а іншае ўсё прыдумаў. І нейкае пейзажна-філасофскае акно, і нейчы стол з машынкай, і нейкую белую куртачку мне, як у кухара. Славутае, моднае: ён так мяне бачыць? Добра, што хоць не ўніз галавою! Такі вялізны партрэт, у такой агромністай, светлай зале... І хочацца сказаць: «Таварышы, дальбог жа я тут ні пры чым!»

Як ні пры чым,— а хто пазіраваў?

А верыць жа ў маладыя таленты трэба?

*

Музыка слова. Для мяне ў маленстве гэта было так хвалююча, так прыгоне: «Гогенцалерны! Бялуджыстан! Перекати-поле!..» А баец-акружэнец, цыбаты хлопец з Валагодчыны, у сорак першым годзе, прывыкаючы ў вёсцы да беларускай мовы, са смакам паўтараў: «Панцак! Ланцуг! Абцэнгі!»

*

Рыльскі (з паэмы «Сашко»):

...І всі знайшли, а я шукаю,— І як ім знати, скількі мук Таіть у радості й одчаі Із серця выхоплений звук!

*

«Працай» над кнігай, над часопісам, над газетай у яго лічыцца багатае падкрэсліванне радкоў то чырвоным (станоўчае), то сінім (адмоўнае) алоўкам, а звыш таго яшчэ і надпісы ды знакі на палях — клічнікі, пытальнікі, плюсы, мінусы. Проста так, «для душы». Або каб напісаць, «куды належыцца», з адабрэннем ці, часцей, з пратэстам.

*

На канцэрце Імы Сумак я заснуў. Дэманстрацыя пераходаў ад сапрана да баса, усе тыя славутыя сем ці восем рэгістраў,— не мастацтва, не адухоўленасць, а проста фізіялогія.

А назаўтра таварыства дружбы запрасіла і мяне, у ліку работнікаў культуры, на сустрэчу з гэтай перуанскай ды сусветнай выдатнасцю. Раз пазванілі ў гасцініцу,— будзе. Другі раз пазванілі,— магчыма, будзе. Трэці раз — яна прымае ванну. Апошні званок — не, не зможа прыйсці.

І пайшлі мы дахаты. Шырма, Цікоцкі, Цітовіч, паэты, мастакі. Сярод белага дня...

*

Нa выстаўцы карціна «Памяць». Тры былыя партызаны, мужчыны пажылыя ўжо і з выгляду зусім неваяўнічыя, стаяць з поўнымі шклянкамі і глядзяць кудысьці — са шматзначнай тупасцю п'яных...

І тут адзнака часу.

*

Нешта адразу пасля вайны адзін мешчанін сялянскага паходжання, які не пры масавым заплыве, а далёка загадзя ўцёк з вёскі ў горад, гаварыў знаёмаму, прыехаўшы да яго ў вёску:

— Зарэж карову. Зачэм цябе дзве?

Так яно пачыналася — забіванне любові да гаспадарання на зямлі.

вернуться

48

Omroczyć — азмрочыць, адурманіць, увесці ў забыццё.

вернуться

49

Запісана ў Мінску, пасля вяртання з санаторыя.