Выбрать главу

Кніга гэтая, здадзеная ў выдавецтва самім аўтарам, выйшла месяцы праз два пасля яго смерці. Добра думалася пра старэйшага таварыша, сяброўства з якім было пачалося.

*

Караленка:

«Я старался только не закрывать своими чувствами того внутреннего ужаса, который заключен в этом явлении и отразился в непосредственных записях».

Гэта — пра «Бытавое явление», у пісьме Льву Мікалаевічу ад 7.IV.1910 г.

Запісваю, бо падумаў, што так і мы стараліся, робячы сваю «Я з вогненнай вёскі...».

*

Зноў паўтараецца «не тое», «не тое»... Як быццам, каб зноў пачаў жыццё спачатку, было б толькі тое, што трэба. Трэба жыць, давай, што можаш даць, бяры, што засталося на твой узрост, і дзякуй добраму лёсу.

*

Першая чырванагрудая ластаўка на драціне, толькі што праведзенай ад вугла нашага доміка да слупа. Як прывітанне даўняга, вясковага, як знак абжытасці гэтага кутка [53].

*

Як прывітанне з вёскі, ад N., зайшлі дзве яго маладыя сваячкі. Правадніца экспрэса Мінск — Масква, чарнявая красуня, і работніца намярнога завода, таксама ў сталіцы. На аднолькава новых веласіпедах, купленых у сельмагу (нікель і светла-зялёнае). Прывезлі некалькі каліваў сунічнай расады. Пасадзілі мы іх у місе, пакуль мая гаспадыня вернецца з Мінска. Чарнявая замужам за хлопцам з Гомельскай вобласці — так мы з ёю ішлі далей, удакладняючы,— Петрыкаўскага раёна, са станцыі Капцэвічы, побач з якой, у вёсцы Слабада (яна, маладзічка, дапамагла мне ўспомніць) мы калісьці запісвалі мудрую бабку Булаву [54]. Свет і сапраўды цесны ці, лепш сказаць, людзі так дзіўна распаўзаюцца ды збіраюцца — па ўсёй краіне і зноў па родных кутках.

Пасадзілі паненкі расаду, развіталіся міла і паехалі цераз лес, па пясчанай і не пясчанай дарозе ў зноў амалоджаных маем дрэвах.

*

Неўзабаве пайду па полі даўно знаёмаю сцежкаю, мінаючы ціха-гудлівыя слупы, яшчэ без ластавак на дратах. І калі нават хмарна будзе і далей, буду бачыць нізка над лугамі і лесам за ракою сонца, вялікае сонца яшчэ адной ранняй раніцы. Буду бачыць — успамінаючы мой першы сёлета праход на толькі што натупанай сцежцы, першае сонца ў гэтых родных мясцінах, першую рунь не зводдаль, не з дарогі, а пад сабой і навокал сябе, ідучы пасярэдзіне маладзонька-зялёнай ячнай прасторы. Успамінаючы радасць жыцця, свабоды, здольнасці на патрэбнае людзям. Дарма, што ў свеце столькі сумнага, жахлівага, балючага — што ўжо было, што ёсць, што можа быць...

*

Днямі зноў думалася пра крыніцу — родную мову, якой служу і буду служыць як першааснове выхаду ў агульналюдскае. І не таму, што без гэтага мяне не будзе, а таму, што толькі так, толькі кожны ад свайго, ад сыноўняй любасці, ад мудрай пашаны да свае крыніцы, да свайго карэння па-сапраўднаму выходзяць да ўсіх людзей.

*

Ціхае шчасце сціпласці патрэбна нам для разумнай свабоды паводзін, для найбольш плённага назірання жыцця — з самай сярэдзіны. А тут уваходжу ў тралейбус, а N.. што можа сёе-тое зляпаць, збоцькаць, згарадзіць у так званай літаратуры, убачыў мяне і крычыць з другога канца поўнага вагона: «Прывітанне!.. (З падкрэсленай выразнасцю — імя і па бацьку.) Над чым працуеце? Я канчаю раман...» Прыйшлося без пары, на наступным прыпынку выйсці.

*

Перакладаючы нядаўна «Дым» Канапніцкай,— зноў жа, як з Прусам было, з удзячнасцю за перажытае над гэтымі старонкамі ў маленстве,— яшчэ раз ясна бачыў, што галоўнае ў творы — укладзенае ў яго пачуццё. У гэтым выпадку — пачуццё шчырай любові да простага, працоўнага, беднага чалавека, жаночае разуменне, адчуванне матчынай радасці, матчынага гора.

*

Торнтан Уайдлер, «Мост караля Людовіка святога» і «Дзень восьмы».

Многа агульнага, у сэнсе інтэрнацыянальнага ў бачанні галоўнага, што не павінна бянтэжыць і стрымліваць. Гавары сваё і па-свойму, гавары перажытае, і галоўнае — у гэтым.

*

На перадплеччы маладога, вусаценькага шабашніка татуіроўка: «Тот не знает цены свободы, кто не был ее лишен». Рука праз краты выпускае голуба, а над кратамі і пад імі на палавіне гэтай фразы, калісьці вельмі змястоўнай для маладога чалавека. Убачыўшы гэта, я ўспомніў адразу свае гады палону, Пестраковы адзінаццаць год турмы... А сёння зноў вось успомніў тую татуіроўку, прачытаўшы пра Дастаеўскага,— як ён мог, умеў, хацеў у кожным бачыць чалавека.

*

вернуться

53

Гэты і далейшыя запісы — у пасёлку Крынічнае на Міршчыне.

вернуться

54

Я з вогненнай вёскі...», раздзел «Дзіця бяжыць разораю».