— Вось Вашы словы, запісаныя медсястрой учора вечарам, — і прачытаў яму словы малітвы на сумесі стараславянскай і арабскай моў.
У палаце наступіла цішыня. Было чутна, як за адной яе сцяной плача жанчына, за другой — надрыўна стогне цяжкахворы. Першым загаварыў Кухар:
— Я не ведаю гэтых моў, ды і чаму я павінен маліцца за некага? Прабачце, вы хто?
Замест адказу Мікалай Кунцэвіч паказаў пасведчанне.
— Зразумела, — сказаў Кухар, нават не прачытаўшы яго. — Я, калі быў у коме, сніў нейкі дзіўны сон. Сутнасці яго я не памятаю, але там я, здаецца, быў нейкім вандроўнікам. Пэўна, прыснілася нешта такое, пра што я некалі чытаў. Вылезла з падсвядомасці.
— Аб нечым такім мне расказваў і Станкевіч, — Кунцэвіч падняўся з крэсла, на развітанне хітнуў галавой: — Выздараўлівай, капітан, — і, не азіраючыся, выйшаў з палаты.
9
Выпісалі Кухара з бальніцы ў адзін з ясных, пагодлівых кастрычніцкіх дзён. Ён выйшаў на бальнічны панадворак, на поўныя грудзі ўдыхнуў свежае, без звыклага паху лекаў, паветра, падняў угору галаву, напружана прыслухаўся — недзе там, у крохкім ад сонечнага святла небе, развітальна курлыкалі журавы, і яму раптам стала так шкада гэтых птушак, што ён ледзь-ледзь стрымаў камяк, падступіўшы да горла, аднак усё ж выказаў сваю горыч цяжкім уздыхам.
— Добры дзень, таварыш капітан, — нечакана зусім побач прагучала жаночае прывітанне.
— Дзень добры, — машынальна адказаў ён, апусціў галаву і паглядзеў у той бок, адкуль да яго данёсся голас — там, на лаўцы пад клёнам сядзела Таня і з лагоднай усмешкай назірала за ім. Ён таксама ўсміхнуўся ёй у адказ:
— Вельмі прыемна бачыць вас, Таня, тут сёння, хаця, скажу чэсна, для мяне гэта поўная нечаканасць.
— Мне нядаўна патэлефанаваў Ваш сябар, капітан Міклашэвіч і папрасіў сустрэць вас, заняць чым-небудзь на 30—40 хвілін, пакуль ён вырашыць тэрміновыя справы ў пракуратуры.
— Што ж, займайце, — Кухар усміхнуўся і зноў зірнуў угору. Але журавы былі ўжо далёка, і іх самотная песня ўжо ледзьве далятала да зямлі, затухала, і гэтае яе затуханне адазвалася невыразным болем пад яго сэрцам. На душы стала горка і пагана, быццам праводзіў у далёкі шлях не клін птушак, а некага роднага і дарагога.
— Можа, пасядзім у кавярні? — прапанавала дзяўчына. — Вы ж, пэўна, у бальніцы маркоціліся па добрай каве?
— Я сумую па працы, — сур’ёзна адказаў Кухар, аднак тут жа спахапіўся, паправіўся: — А разам з вамі я гатовы піць не толькі каву, але і атруту.
Таня ветліва ўсміхнулася ў адказ, але прамаўчала.
У кавярні было амаль бязлюдна — рабочы дзень у самым разгары, таму Кухар з дзяўчынай селі за свабодны кутні столік, заказалі каву.
— Чым зараз будзеце займацца? — пацікавілася Таня. — У вас жа, пэўна, будзе працяглы адпачынак.
— Так, — без усялякага энтузіязму пагадзіўся міліцыянер. — Два месяцы на аздараўленне, потым — водпуск. Хаця баюся, што гэтага часу мне можа і не хапіць, каб знайсці адказы на шматлікія пытанні па маёй аварыі.
— А я чула, што вы перавысілі хуткасць і не справіліся з кіраваннем.
— Гэта афіцыйная версія, а неафіцыйную ведаю толькі я адзін, і яна жудасная, неверагодная.
— На дарозе быў чалавек, дзіця, і вы, каб не забіць яго, звярнулі з дарогі і ўрэзаліся ў дрэва?
— Нешта такое.
— Дык вы ж герой! — здзівілася Кухаравай сціпласці Таня. — Пра вас у газетах пісаць трэба!
— Калі я раскажу праўду — мяне прымуць за вар’ята і, калі і напішуць нешта, дык толькі ў рубрыцы «Трызненні вар’ята».
— Я не разумею вас, Андрэй.
— Я сам пакуль яшчэ нічога не разумею, аднак вам скажу, бо вы сястра Максіма і мне паверыце, не будзеце смяяцца — мяне спрабаваў забіць той, хто забіў вашага брата.
— Што?
Кухар пачакаў, пакуль афіцыянтка паставіць на столік кубкі з кавай і толькі, калі яна адышлася, ціхім голасам пачаў расказ:
— Я зараз разумею, чаму Максім хаваў усе свае напрацоўкі і запісы, чаму ён не хацеў пасвячаць вас у свае справы. Ён вас любіў, шкадаваў, баяўся наклікаць на сваю сям’ю зло. Ён наблізіўся вельмі блізка да разгадкі нейкай тайны, вось толькі якой?
— Аб тым, што Макс мяне бярог, я здагадалася ў той вечар, калі вы паехалі ад нас. Тады мне пазванілі і сказалі, каб я забылася пра ўсё і ніколі ні з кім не абмяркоўвала гэтыя тэмы, каб я ўсё выкінула з галавы. Інакш абяцалі пакараць і мяне, і маіх бацькоў. Я тады вельмі спалохалася.
— Зараз я разумею, чаму вы не пазналі мяне наступнай раніцай, — мужчына крыху памаўчаў, потым загаварыў аб іншым: — У бальніцы я меў шмат вольнага часу на роздум і разважанні, і тое, аб чым я мог бы вам расказаць, настолькі неверагоднае і бязглуздае, што я сам у яго яшчэ не да канца веру, хаця гэта і здарылася асабіста са мной. Апошні месяц я жыву, быццам у сне.
— Раскажыце, — гэткім жа паўшэптам папрасіла дзяўчына. — Я вам веру і, магчыма, чым-небудзь змагу дапамагчы.
— Я нават не ведаю, з чаго пачаць, — крыху сумеўся Кухар, — тут так усё пераплецена. Тым адвячоркам я вяртаўся дадому. Асфальт быў сухі, бачнасць — добрая, хуткасць — недзе каля сямідзесяці. Раптам пасярод дарогі з’явілася белая постаць нейкай здані са старажытным мячом у руках. Я разгубіўся, перапалохаўся, а яна ўзмахнула мячом і ўсё — больш я нічога не памятаю.
— Гэта неверагодна!
— Але гэта не ўсё. Калі я ляжаў у стане комы, то сніў дзіўныя сны. Быццам маю душу аднесла ў далёкае мінулае і яна ўсялілася ў нейкага Мікіту.
— Не, тут крыху не так, — запярэчыла Таня. — Хутчэй за ўсё ваша душа некалі належала гэтаму Мікіту, а ў стане комы проста абвастрылася гістарычная памяць і вы ўспомнілі мінулае, тое, што ваша душа ўжо некалі перажыла.
— Магчыма, вы маеце рацыю. Але я сніў, што і ў мінулым сваім жыцці, у Мікітавам целе, я сустракаўся з гэтай белай пачварай. Зараз я збіраюся пакорпацца ў архівах, каб дакладна разабрацца, хто такі гэты Мікіта, чым ён вядомы, дзе быў і што рабіў у сваім жыцці. Яшчэ я хачу больш ведаць пра царскага ваяводу Пятра Абаленскага, які згубіў свой скарб каля Лядава, і пра нямецкую арганізацыю «Аненербэ».
— Вы адпраўляецеся па шляху Максіма.
— Напэўна. Вось толькі Максім усё рабіў у адзіночку, а я спадзяюся на падтрымку Пашы Міклашэвіча. Мне будзе лягчэй, чым вашаму брату, бо я ўжо сутыкаўся з забойцам і ў адным сваім жыцці, і ў другім.
— А давай мы будзем на «ты», — прапанавала Таня. — Калі ты і на самай справе збіраешся ўвязацца ў бойку з невядомым, то так нам будзе прасцей мець зносіны.
— А ці патрэбныя нам гэтыя зносіны?
— Патрэбныя.
Кухар на імгненне задумаўся, потым хітнуў галавой:
— Я згодны, — і, зірнуўшы ў акно, засмуціўся: — Пашка прыехаў. Нам час развітвацца.
— Але ж ты тэлефануй, трымай мяне ў курсе спраў.
— Добра, — паабяцаў мужчына і падняўся з-за стала.
10
Патэлефанаваў Кухар сваёй знаёмай толькі праз два тыдні. Патэлефанаваў вечарам, знянацку.
— Добры вечар, Таня, — праз шум і трэск у трубцы данёсся да дзяўчыны яго далёкі голас. — Прабач, што доўга не званіў.
— Я ведаю, што ты зараз корпаешся ў архівах, — чамусьці гучна адказала Таня і, шчыльней прытуліўшы слухаўку да вуха, дадала: — Мне на мінулым тыдні тэлефанаваў Міклашэвіч.
— Зараз я ў вашым горадзе і званю табе з чыгуначнага вакзала.
— Ты тут? — шчыра абрадавалася дзяўчына. — Прыязджай тады да нас.
Праз паўгадзіны стомлены, даўно няголены, але шчаслівы Кухар стаяў
перад уваходнымі дзвярыма хаты Камяневічаў. Убачыўшы яго з вусамі і невялікай бародкай, Таня шырока ўсміхнулася:
— Калі б я сустрэла цябе такога на вуліцы днём, то не пазнала б.
— А вечарам?
— Вечарам? — дзяўчына засмяялася. — Крый божа, сустрэць цябе такога вечарам! Аднак, што мы стаім на вуліцы, заходзь у хату.