Выбрать главу

Пакуль Кухар распранаўся ў вітальні, Таня аб нечым перашэптвалася на кухні са сваімі бацькамі. Потым выйшла да яго і прапанавала памыць рукі і павячэраць разам з імі.

— Я перакусіў ужо ў вакзальным рэстаране, — падзякаваў госць і зірнуў на наручны гадзіннік — Ды і апошні аўтобус на Дубоўну адпраўляецца праз дзве гадзіны, а я хачу расказаць табе пра сваю паездку.

— Ну давай хаця пап’ём чаю!

— Ад чаю не адмоўлюся.

Аднак пасля таго, як Кухар зайшоў на кухню, павітаўся з Танінымі бацькамі і сеў на табурэтку ля халадзільніка, гаспадар паставіў на стол бутэльку гарэлкі.

— Я думаю, што кілішак «Сталічнай» не зашкодзіць такому малайцу пасля працяглага падарожжа, — бадзёра сказаў ён.

— Ну, калі толькі кілішак.

За першым кілішкам быў другі, за другім — трэці і толькі потым Таня рашуча ўмяшалася ў цікавую гутарку мужчын пра спорт і палітыку.

— Тата! — дзяўчына з дакорам паглядзела на бацьку. — У Андрэя хутка аўтобус, а ён мне яшчэ не расказаў пра сваю паездку.

— Няхай тут расказвае.

— Табе яго расказ будзе нецікавы, бо расказваць ён будзе пра гісторыю.

— Гісторыю я і сапраўды не люблю, — пагадзіўся з дачкой бацька і неахвотна падняўся з-за стала. — Пайду тады ў залу глядзець разам з маці тэлевізар.

Калі бацька выйшаў, Таня агледзела стол, крыху падумала, потым села на бацькаву табурэтку і, зірнуўшы на Кухараў партфель, які той трымаў ля сваіх ног, пацікавілася:

— Пэўна, шмат старадаўніх тайнаў, палацавых інтрыг і сакрэтаў хаваецца ў гэтым партфелі?

— Інтрыгі мяне не цікавілі, да тайнаў — не дапускалі, аднак, на свае пытанні я ўсё ж знайшоў нейкія адказы. Заўтра буду іх аналізаваць, складаць лагічныя ланцужкі, каб потым прайсціся па кожным іх звяне і адказаць на галоўнае пытанне: «Хто забіў твайго брата і хацеў забіць мяне?»

— Што ты даведаўся?

— Я перагледзеў шмат старадаўніх рукапісаў, прачытаў шмат гістарычнай літаратуры і скажу, што сапраўднай гісторыі мы, напэўна, ніколі ведаць не будзем. Аднак я толькі спачатку звяртаў увагу на нестыкоўкі і супярэчанні ў апісанні тых або іншых падзей. Потым плюнуў на ўсё каментарыі гісторыкаў і запісваў толькі факты і сведчанні людзей.

— Расказвай, — Таня зручней уладкавалася на табурэтцы, паклала рукі на стол. — Пачынай пра Мікіту.

— Біяграфія цвярскога купца Мікіты амаль невядома гісторыкам, бо ў XV стагоддзі прасталюдзіны яшчэ не мелі прозвішчаў. Таму я не ўпэўнены, што тыя звесткі, якія я сабраў пра нашага Мікіту, праўдзівыя і дакладныя. Вядома, што ў 1468 годзе ад вялікага князя Цвярскога ён атрымаў грамату на дазвол гандляваць у Астрахані, і вясной таго ж года праз Клязьму, Угліч і Кастраму паплыў на чатырох стругах да гэтага горада. Аднак ля Астрахані яго абрабавалі татары хана Касіма і, каб не трапіць у даўгавую яму, ён адправіўся гандляваць у Персію, а потым і ў Індыю, — Кухар нахіліўся, падняў з падлогі на каленкі свой партфель, расшпіліў яго і выцягнуў папку з паперамі. Крыху пакорпаўшыся ў ёй, ён дастаў адтуль звычайны вучнёўскі сшытак:

— У Львоўскім летапісе пад 1475 годам чытаем: «.. .Того же году обретох напнсанне... тверкшна купца, что был в Ындее 4 годы, а ходнл, сказывает, с Вашлнем Папнным. Аз же опытах, колн Вашлей ходнл скречаты послом от велнкого князя, н сказаша мн за год до казанского похода прншел го Орды; колн княз Юрьн под Казанью был, тогда его под Казанью застрелнлн...»

Я не разабраў імя цвярскога купца ў гэтым летапісе, але думаю, што гэта быў Мікіта. З летапісу вынікае, што ён быў у Індыі 4 гады. І, на самай справе, у 1470 годзе ён прыбыў у горад Джуннар — прывёз на продаж жарабца, за якога заплаціў сто рублёў і якога збіраўся выгадна прадаць. Але мясцовы раджа адабраў у яго каня і грошы, а самога купца кінуў у вязніцу. І толькі заступніцтва знаёмага мусульманіна Мухамеда выратавала Мікіту ад ганьбы. «Случнлось Господне чудо на Спасов день. Господь Бог сжалнлся, не оставнл меня, грешного, мнлостью своей», — пісаў потым аб гэтай падзеі ў сваім дзённіку Мікіта. Але ўсё, сказанае мной, не істотнае і мае да нашага расследвання толькі ўскоснае дачыненне. Галоўнае, што ў Джуннары Мікіта натыкнуўся на разваліны старой крэпасці, але пра тыя падзеі ты ўжо ведаеш, — расказчык спыніў свой аповед і, не падымаючы галавы, перагарнуў некалькі старонак у сшытку, пачаў чытаць:

— «...Се же напнсано не обретох, в кое лето пошел нлн в кое лето прншел го Ынден, а сказывают, что ден Смоленьска не дошед, умер. А пнсанне то своею рукою напнсал, нже его рукы те тетрадн прнвезлн гостн к Мамыреву Вашлью, к днаку велнкого князя на Москву».

Тлумачу гэты запіс: у 1475 годзе Мікіта з Кафы адправіўся па Дняпры на радзіму. Значыць, ён меў дастаткова грошай, каб не баяцца сваіх крэдытораў. Але да Смаленска так і не даплыў, раптоўна памёр. Ад чаго памёр здаровы мужык? Куды падзеліся яго рэчы і грошы? Чаму яго запісы аказаліся ў Маскве, у княжага дарадчыка дзяка Васільі Мамырава, а не ў Смаленску ці Цвяры? — на гэтыя пытанні я не шукаў адказаў, бо яны відавочныя. Тут для нас галоўнае іншае — амулет Шывы трапіў у Масковію і, хутчэй за ўсё, асеў у каліце дзяка.

— А можа, нехта з купцоў забраў яго сабе?

— Гэта малаверагодна. Яны маглі падзяліць Мікітавы грошы і, хутчэй за ўсё, так і зрабілі, а вось амулет быў адзін і на дзве часткі не дзяліўся, — Кухар усміхнуўся сваім думкам, аднак хутка зноў стаў сур’ёзны:

— А зараз я табе раскажу пра род Пятра Сямёнавіча Абаленскага. У архівах дакапаўся нават да пачынальніка гэтага роду — Канстанціна Абаленскага — Кухар зноў перагарнуў некалькі старонак сшытка:

— Дзмітрый Шчэпа, меў двух сыноў: Івана і Сямёна. Старэйшага Івана ён назваў Залатым, а малодшага — Сярэбраным. Чаму так? — аб тым гісторыі не вядома. Дык вось, Шчэпа быў не толькі ваяводам пры маскоўскім князе Іване ІІІ, але і лепшым сябрам дзяка Васіля Мамырава. Разумеш? З вялікай верагоднасцю, і амулет у род Абаленскіх трапіў праз гэтага ўсюдыіснага дзяка. Іншая справа, што ні купцы, ні дзяк, ні князь не ведалі сапраўднай яго каштоўнасці, яго разбуральнай сілы, і таму захоўваўся ён у іх як звычайны кавалак золата.

— А калі б ведалі?

— Калі б ведалі, то не ўцякаў бы князь Пётр са сваёй шматтысячнай арміяй з-пад Оршы ад невялікага атрада Філона Кміты ў 1567 годзе. Лепш бараніў бы паўднёвыя межы Масковіі ад татар у 1570 годзе, а так, як піша Карамзін, — расказчык пераліснуў старонку: — «Славный воевода, от коего бежала многочнсленная рать Селнмова, который двадцать лет не сходнл с коня, побеждая н татар, н лнтву, н немцев, князь Петр Семеновнч, прнзванный в Москву, ввдел н слышал от царя однн ласкн, но вдруг лешон опрнчннков стремнтся к его дому кремлевскому, ломают ворота, дверн н перед лнцом, у ног Ноанна отсекают голову сему нн в чем не обвнненному воеводе».

— Адсеклі галаву? Божухна! — Таня ад жаху прыкрыла твар рукамі. — За што, калі ён быў такім слаўным ваяводам?

— Ну, не ўсяму напісанаму трэба верыць, — Кухар паклаў сшытак у папку, узяў другі, пераліснуў яго старонкі, уздыхнуў:

— Я думаю, што гэтак цар маскоўскі пакараў свайго ваяводу за згубу яго падарунка — кнігі з царскай ліберэі. Іван Жахлівы быў вельмі злапамятлівы чалавек. І яшчэ вось якія думкі рояцца ў маёй галаве: магчыма, купца Мікіту забілі і абрабавалі ў Лядаве — гэта ж непадалёк ад Смаленска. У гэтай жа вёсцы князь Абаленскі згубіў сваю казну. Чамусьці і «Спадчына Продкаў» нешта там шукала і, калі б не наступленне Чырвонай Арміі, то, думаю, адкапала б. Пэўна, і нам трэба шукаць гэтае «нешта» ў Лядаве. Вось толькі дзе, у каго, як яно выглядае?

— А нашчадкі ў Пятра Абаленскага былі?

— Не было ў яго нашчадкаў. Быў, праўда, князь Міхайла Рапнін, але і яго ў час царкоўнага богаслужэння забіў цар Іван Васільевіч.

— За што? — міжволі вырвалася ў Тані пытанне.

— Той адмовіўся быць блазнам у час п’янай царскай оргіі.

— Колькі ж ты бруду перакапаў у архівах!