Выбрать главу

— Што там такое?

— Мост аказаўся трухлявым, ваша міласць, — першым адазваўся Хлёст. — Не вытрымаў цяжару нашай раці і абваліўся.

Абаленскі брудна вылаяўся, задумаўся і праз некалькі імгненняў паказаў рукой у бок лесу, дзе над вяршынямі елак віліся ледзь бачныя стужкі дыму.

— Там што за паселішча?

— Вёсачка Плавуны называецца, — здавалася, што Хлёст ведаў усё. — Каля трох дзясяткаў халопскіх душ.

— Едзем! — ваявода ўладарна секануў рукой паветра і зручней уладкаваўся ў сваім вазку.

І аднаго гэтага руху хапіла, каб велізарная стужка абозу збочыла з наезджанай дарогі на рачны лёд Мірэі і па ім папаўзла ўбок недалёкага паселішча. Душэўна спустошаны, няголены, стомлены і галодны, князь Пётр сядзеў у санках і, быццам зачараваны, глядзеў на заснежаныя векавыя яліны, якія нагадвалі яму волатаў, што шмат дзесяцігоддзяў нерухома стаяць тут на варце межаў сваёй дзяржавы. Ён ніколі не паказваў свайго хвалявання перад падначаленымі, заўсёды імкнуўся быць спакойным і разважлівым. Аднак зараз рукі яго міжволі задрыжэлі, а на шчоках зазіхацелі кропелькі слёз. На душы зрабілася неспакойна і млосна. Раптоўна захацелася стаць маленькім, схавацца пад футрамі ад брата, ад стральцоў, ад усяго свету, схавацца і выплакацца. Але... Што перашкаджала яму зрабіць гэта, князь не паспеў дадумаць — магутны ўдар скалануў вазок, падкінуў яго ўгору, з усяе моцы пляснуў аб лёд, і князь страціў прытомнасць.

Ачуняў ён хутка. Расплюшчыў вочы і першае, што ўбачыў — перапалоханыя стральцы аховы пад камандаю Хляста выцягваюць з палонкі на лёд яго вазок. Князь з дапамогай брата падняўся на ногі, зрабіў некалькі глыткоў з біклагі, якую падаў яму Васіль і, канчаткова прыходзячы ў сябе, злосна трасянуў рукой:

— Ты куды глядзеў, воўчае семя? — ён выхапіў з похваў шаблю і з усяе сілы, укладваючы ва ўдар свае боль і злосць, секануў возчыка па галаве.

Гарачая кроў фантанам пырснула ва ўсе бакі, запэцкала белы княжы кафтан, пафарбавала лёд, напалохала каня, але яна і ахаладзіла Пятра, быццам разам з душой небаракі-стральца з яго вылецелі і злосць, і нянавісць, і раздражненне. Князь на імгненне супакоіўся, аднак новы страх балюча ўдарыў пад сэрца і вырваўся з яго вуснаў ледзьве чутным пытаннем:

— Дзе мой куфар?

Адказам была цішыня. Нават стральцы, якія мянялі на выцягнутым з палонкі вазку зламаныя аглоблі, палахліва сцішыліся, уцягнулі ў плечы галовы, зрабілі выгляд, што не пачулі пытання.

— Дзе мой куфар? — са страхам і адчаем закрычаў князь. — Дзе куфар?

Зноў цішыня была яму адказам, і князь не вытрымаў гэтай цішыні.

Быццам падкошаны нябачным асілкам, ён са стогнам паваліўся на рачны лёд, стаў качацца па ім, выць, кленчыць, дзіка смяяцца.

Стральцы спалохана адступіліся да палонкі і толькі малодшы брат Васіль таптаўся ля ваяводы, спрабаваў яго неяк супакоіць, суцешыць. Урэшце яму ўдалося ўліць у рот Пятра некалькі глыткоў гарэлкі і той прыціх, а праз некалькі імгненняў, спустошаны, абязволены і знясілены, заплакаў. Яго турботы і памкненні, мары і спадзяванні — усё, дзеля чаго ён цярпеў спёку Бахчысарая і лютыя маразы Масковіі, зараз не мела значэння, бо ён страціў пад лёдам гэтай нікому невядомай рэчкі не проста казну, тут ён згубіў кнігу, якую яму даў цар. А разам з кнігай у гэтай вадзе патанулі не толькі яго гонар і годнасць, разам з ёй тут патанула яго жыццё. Хаця. А раптам.

Князь падняўся на ногі, мутным позіркам абвёў прыціхлага брата, стральцоў, хітнуў Хлясту:

— Падыдзі.

Грышка спалатнеў, паваліўся на лёд, падпоўз да свайго ўладара і заціх, чакаючы вырашэння свайго лёсу. Але Абаленскі не спяшаўся, думаў. Урэшце ён узмахнуў рукой, каб стральцы крыху адышлі ад яго і загаварыў.

— Твае бацькі верай і праўдай служылі маім бацькам. Ты таксама мой верны служка, а таму я хачу даверыцца табе.

Хлёст усхліпнуў, схапіў князя за мокрае крысо кафтана, прыпаў да яго вуснамі. Князь Пётр не звярнуў на гэта ўвагі і, гледзячы ў шэрую прастору неба, працягваў гаварыць сваю задуму. Голас яго гучаў роўна, але ў ім не адчувалася ні адценняў, ні пачуццяў, быццам гаварыў не чалавек, а нябожчык.

— Ты бачыў, дзе мой куфар пайшоў на дно і таму ты таксама застанешся тут, — князь выцягнуў з кішэні залаты дукат, паклаў яго на дошку вазка, падняў шаблю.

— Памілуй, уладар, — усхліпнуў Хлёст. Плечы яго затрэсліся.

Аднак ваявода не слухаў свайго халопа. Шабля са свістам рассекла паветра і распалавінены дукат бясшумна ўпаў на акрываўлены лёд. Князь падняў адну палавінку і паклаў у сваю кішэнь.

— Вазьмі, Грышка, палову манеты, — загадаў ён стральцу і, калі той, яшчэ нічога не разумеючы і не верачы канчаткова ў сваё выратаванне, падхапіў з лёду кавалак золата, прадоўжыў: — Пакажаш месца, дзе патануў куфар таму, у каго будзе другая палова.

— А ці доўга.

— Ты будзеш ахоўваць мой куфар столькі, колькі спатрэбіцца і заб’еш кожнага, хто захоча яго дастаць без маёй на тое волі.

— А калі...

— Калі ты памрэш, яго будзе ахоўваць твой сын, не стане сына — яго сын... І гэтак да таго часу, пакуль дзве паловы манеты не сустрэнуцца.

— Мне патрэбны памочнік, — зразумеўшы заданне, крыху асмялеў Хлёст.

— Памочнік? — князь спахмурнеў. — Што ж, я дам табе памочніка, — з гэтымі словамі ён зняў са сваіх грудзей амулет і працягнуў яго стральцу. — Гэта грыфон — сімвал сонца, прывезены мне з Бахчысарая. Той, хто ім валодае, набывае вялікую сілу і становіцца бессмяротным. Сцеражы скарб, інакш ты і твой род будзеце праклятымі на вечныя пакуты ў пекле, — сказаўшы апошнія словы, князь Пётр узабраўся на каня і, не азіраючыся, паехаў у бок недалёкай вёскі.

2

Заканчвалася лета 1985 года. Яно зрабіла сваю справу: выспеліла добры ўраджай, і зараз, ахінаючы прастору мяккім цяплом, з лагоднай усмешкай назірала за руплівай працай хлебаробаў.

Дні стаялі сухія і ціхія. Гэтага іх спакою не парушалі ні вятры, якія зрэдку выляталі аднекуль з-за лесу, ні туманы, якія раніцамі ўсё часцей клубіліся белай парай у нізінках і быццам папярэджвалі: «Спяшайся, земляроб. Восень на падыходзе!»

Капітан міліцыі Андрэй Кухар спаць лёг апоўначы — у час жніва шмат работы ва ўчастковага інспектара, а тут яшчэ і ўчастак дастаўся яму памежны, неспакойны. Лёгкай хмаркай сон ахутваў яго розум, стомленае за дзень цела, і пакрышачку, па частачках ён плаўна апускаўся ў іншае, адрознае ад дзённага, небыццё, у якім будзе жыць цікавым і захапляльным жыццём цэлую ноч.

Жнівеньскія ночы, як правіла, зорныя, з яркім месяцам і чыстым да крохкасці паветрам, у якім пад ранак ужо адчуваецца восеньская свежасць. Менавіта ў такія ночы прыадчыняецца брамка ў невядомы свет, поўны таямніц, рамантыкі, прыгод і гераізму. Гэты свет расквечаны бліскучымі і прытушанымі зоркамі, сузор’ямі і зарніцамі, блакітнымі дугамі падаючых метэарытаў, жамчужным россыпам Млечнага шляху. А пад мяккім святлом месяца пануе такая цудатворная цішыня, што падаецца, быццам на гэтым свеце зусім няма зла і ніколі не здараецца нічога дрэннага.

Аднак капітан не паспеў дагледзець свой сон — тэлефонны званок настойліва, і таму трывожна, за некалькі секунд ушчэнт разбіў усе яго светлыя летуценні. Андрэй падхапіўся з ложка, схапіў слухаўку і застыў у чаканні нейкіх, непрыемных для яго, звестак.

— Ало, — да яго слыху данёсся ўстрывожаны жаночы голас. — Андрэй Сяргеевіч?

— Так, капітан міліцыі Кухар слухае.

— Андрэй Сяргеевіч, гэта Вера Мікалаеўна, загадчыца Лядаўскай бібліятэкі.

— Слухаю вас, Вера Мікалаеўна.

— У нас забойства.

«Гэтага мне толькі не хапала для поўнага шчасця!» — канчаткова прачынаючыся, падумаў участковы. А ўголас пацікавіўся:

— Хто каго забіў?

— Я не ведаю, — здавалася, што жанчына вось-вось заплача. — Хлапчукі вясковыя ішлі на рыбалку і знайшлі на беразе Мірэі нябожчыка. — У трубцы пачуліся ўсхліпы. — Кажуць, што ён не наш, не мясцовы.