Выбрать главу

Апошнім у прылазнік усунуўся Чапуха.

– Чапуха,– сказаў ён, паклаўшы прынесеныя рэчы на лаўку. – Хутка будзе гатова. Даходзіць. А вы тут, бачу, без мяне абжыліся.

– Пачакаем,– уздыхнуў Кіпцік.

Амерыканец таксама ўставіў:

– І я кажу: пачакаем. Затое адмыемся.

– Трэба, трэба грахі змыць,– пагадзіўся Кіпцік.

Чапуха паглядзеў на Кіпціка:

– Што курыш, сусед?

– Што сельмаг пашле. Сёння «прыму».

– І «прыміна» , і «беламорына» – чапуха!– махнуў рукой Чапуха, сеў. – Уся табака – чапуха, дурман. Ад яе дых спірае. Давайце кінем, мужыкі, га?

– Давайце, я – за,– торкнуў руку, бы на сходзе ў калгасным клубе, угору Кіпцік. – А што? І кінем! Правільна! Хіба доўга? З панядзелка?

Чапуха пагадзіўся:

– Лепш, канешне, з панядзелка. Каб запомніць лягчэй было, калі пазбавіліся ад гэтай атруты.

– Слухай сюды, Чапуха!– гукнуў Кіпцік, і ўбачыўшы, што той навастрыў слых, сказаў. – Прыйдзецца, відаць, пакурыць яшчэ і гэты панядзелак, што на гарызонце.

– Ды кінем – і кропка!– бадзёра паглядзеў на Кіпціка Чапуха. – Чапуха!

Амерыканец устаў з лаўкі, пакрактаў, і, паабяцаўшы хутка прыйсці, пакінуў неразлучных сяброў адных. Не звярнуўшы на яго асаблівай увагі, Кіпцік запярэчыў:

– Не пары гарачку, Чапуха. Не трэба. Вось сустрэнем Мішку, а тады – зразу, га? Як і не курылі. Ты, бачу, адразу захваляваўся, як я пра Мішку ўспомніў?

Чапуха ледзь чутна прашаптаў:

– Хвалююся, братка, хвалююся.

– І я таксама,– прызнаўся Кіпцік. – Быццам стараюся і не хвалявацца, а хвалюецца. Давай ужо Мішку сустрэнем, а тады ўжо – зразу?

– Правільна,– аблізаў губы Чапуха. – Згодны. Сустрэнем, адрапартуем, і як не курылі...

– А пакуль дымі, Ягор!– паляпаў, супакойваючы, Чапуху па плячы Кіпцік.

– Дымі, Трафім!– зарагатаў, на імгненне забыўшыся пра Мішку, Чапуха.

І ў гэты самы момант у прылазнік прасунула галаву Чапушыха, заміргала кругленькімі вочкамі:

– Не голыя?

– Рана прыцягнулася,– сказаў Чапуха.

– Кхі!– вырвалася ў Кіпціка.

– А чаго вы сумеліся? – пераставіла ногі ў прылазнік Чапушыха. – Хіба ж не помніце, як раней у лазні разам мыліся? Ты з Груняй і я з Чапухой. Ну і што – убавілася ад нас?

Чапуха строга глянуў на жонку:

– Ты ніяк і цяпер захацела?

– Розуму – што ў курыцы! – павысіла голас Чапушыха. – Ужо і сказаць мне нічога нельга. Калі што і можна, то толькі вам. Пошту разнесці , кіно пакруціць і без кіна застацца... курэй патруціць. Тут вы майстры. Цьфу!

Натапырыўся і Чапуха:

– От піла! От!.. Слова не скажы!

Кіпцік жа ўсміхнуўся, міргнуў вейкамі:

– І праўда, Ягор, было. І праўда... мыліся. От давалі, га? А цяпер – і сорамна. А здавалася б, павінна быць наадварот.

– А чаму сорамна?– акінуў Груню і Кіпціка позіркам Чапуха. – Таму што нічога ў нас не засталося... паказаць срамна. А раней мы нечым і ганарыліся.

Такое рэзюме спадабалася Кіпціку, і ён зарагатаў. Чапушыха ж сумна прамовіла, хітаючы галавой:

– Цяпер мы... не тое каб... без стуку-груку адзін да аднаго не заходзім. Дажыліся. І тое, калі сабака дазволіць... Ну што ў вас тут?

На пытанне жонкі Чапуха адказаў:

– Скора будзем вугельчыкі заліваць.

– Пакуль вугельчык – вочы не заліце,– параіла Чапушыха.

Чапуха раздражнёна плюнуў:

– От д’ябла, га? Чым заліваць іх? Вадой?

– Кхі!– вырвалася, як і нярэдка ў такіх сітуацыях, у Кіпціка.

– Вы знойдзеце чым,– працягвала ўшчуваць мужчын Чапушыха. – Гэтай навуцы вас вучыць не трэба. Тут вы надта граматныя. Прахвесары.

Чапуха развёў рукамі, зморшчыўся, і быў падобны на вельмі пакрыўджанага чалавека:

– Трафім, не, ты вось скажы шчыра, ага: да якога часу на нас будуць падазрэнні? Да якога, га, Трафім?

Кіпцік адказаў не адразу, спярша паскроб за вухам, крадком кінуў позірк на Чапушыху, паглядзеў на Чапуху, і пасля гэтага толькі ўскінуў бровы:

– Мы ж, Чапушыха, і курыць, можна сказаць, кінулі.

– Які па ліку раз?– здзекліва паглядзела на мужчын Чапушыха.

Кіпцік тупнуў нагой:

– Не лічылі, але – кропка на тым тыдні! Тлустая!

– З панядзелка?– нечакана для Кіпціка і Чапухі з лёгкай вясёлай усмешкай запыталася Чапушыха.

Мужчыны пераглянуліся, і тая паўза, што ўтварылася, дала падставу Чапусе хмыкнуць:

– Зразумела.

– Ох і пілы ж вы, бабы!– скрывіўся і плюнуў Чапуха. – Шух-шух,шух-шух! Га? Бервяно... нават дубовае языком сваім перапіліце.