АНАТОЛЬ КАЗЛОЎ
Яны жылі разам ужо каля пяці гадоў. Яны — гэта Кацярына і Пятрок. Жылі так, як большасць сённяшніх маладых людзей: шлюбу не бралі, у царкве перад алтаром не стаялі — проста грэліся ў адным ложку ў невялічкай панэльнай кватэры на ўскрайку стольнага Мінска. Кацярыне набліжаўся трыццатнік, а Петраку толькі споўнілася дваццаць пяць. Калі на іх паглядзець збоку, то здаецца, што анічагусенькі ў іх няма агульнага. Дзяўчына заўсёды выглядала сціплай і памяркоўнай, часцей задуменнай і рамантычнай, малагаваркою. Любіла вечарамі сядзець дома, паціху корпацца на кухні ці ў зальчыку — усё дагледзець, давесці да ладу. 3 суседзямі па лесвічнай пляцоўцы кантактавала мала і нячаста: «Добры дзень!», «Як вы?» — і ўся размова. Напачатку, калі Каця Лазебная толькі атрымала кватэру, жанчыны-сямейніцы па паверсе стараліся наблізіць яе да сябе: запрашалі ў госці, забягалі пазычыць цукру ці солі, прапаноўвалі схадзіць па крамах пасля атрымання зарплаты. Дзяўчына ж усё аднеквалася. Маўляў, прабачце, няма калі. Суседкі, якія ў сваёй большасці жылі да гэтага ў інтэрнатах, маўкліва паціскалі плячыма, перашэптваліся за спінай Лазебнай, а ў хуткім часе і адсталі ад маладухі. Па тыпу: «Ганарлівая, нос задзірае, дык і няхай жыве ваўчыцаю. Мы да яе па-людску, з душою, а яна задам паварочваецца». Адным словам, адчапіліся суседкі-квактухі. Перакінуліся са сваімі ўедліва-сяброўскімі, саладжавымі запрашэннямі на кабет з ніжніх паверхаў. Адчулі і зразумелі, што Кацька Лазебная не іхняга поля ягадка. Ну не хацелася ёй варыцца ў адным кошыку з Валькай Крываротай (сапраўднага прозвішча суседкі дзяўчына не ведала, а Крываротай яе ахрысціў муж — гарласты і таўсматы, набычаны Андрэй, які часта на цэлыя месяцы сыходзіў у запой). Не цікавілі Лазебную і праблемы Тамары.
У Кацярыны хапала сваіх клопатаў: як накарміць сям’ю, уціхамірыць пузана Анатоля з трактарнага завода. Гэты сусед смоллю ліп да яе. Усё прапаноўваў купіць цесакі-нажы, якія сам рабіў на заводзе і кантрабандай выносіў адтуль. А навошта ёй, дзяўчыне, тая смертаносная зброя? На кухні ад іх ніякай карысці, толькі замінаць будуць ды штораз напамінаць пра нялёгкае сённяшняе жыццё, калі паўсюль, куды ні ткні, страляюць, рэжуць ды колюць безабаронных людзей «гаспадары жыцця». 3-за гэтага крывавага месіва, што пануе наўкола, Кацярына старалася нават не глядзець тэлевізар. Там адны чалавечыя пакуты: слёзы, выбухі, аўтаматныя чэргі, гвалт і кроў… «Не,— думалася ёй часцяком,— трэба захаваць у сабе крупіцы чалавечай дабрыні, спагады і лагоды. Як бы гэта цяжка ні было сёння зрабіць. Нельга паддацца нявер’ю, зніштожыць светлыню намераў і памкненняў. Бо як жа без Бога ў сэрцы глядзець на новы дзень за акном, і на паспешлівых людзей, што снуюць наўкола са сваімі праблемамі, радасцямі і трывогамі? Свет і так перапоўнены негатывам, не хочацца дабаўляць у гэты кіпячы кацёл сваю кроплю. Раптам з-за гэтага выплюне кіпень праз край і абварыць, спляжыць тое, што яшчэ не кранута сквапнай рукою чэрствасці?!»
3 Петраком Кацярыне было добра. Чаго там выбіраць? Усё ж трэба, каб у хаце пахла мужчынам, каб нехта мільгаў перад вачыма. Не, не чужы «нехта», а той, да каго прывыкла і каго, па шчырасці, не заўважае, але ён ёсць. Каб упэўніцца ў гэтым, дастаткова толькі паклікаць і ці, адышоўшы ад задуменнасці, кінуць вокам у ягоны бок.
Так, былі ў Каці Лазебнай хлопцы-жаніхі і да Петрака Найдзіна. Але тое цяпер здавалася далёкім і нерэальным, нават нейкім ілюзорным, як сонечны дзень у парку, калі Кацярына ў восем гадкоў ад роду разам з бацькам пазірала на горад з вялізнага кола агляду. Тады ёй падавалася ўсё наваколле такім малюпасенькім і смешным, што Кацька аж захліпалася ад унутранай радасці, сэрца ў грудзях распірала лагода да бацькі, які зрабіў для яе, дачкі, такое свята. Вось і былыя жаніхі-залётнікі часам усплывалі ў свядомасці, але не казыталі ўжо сэрца, не выклікалі тых трапяткіх пачуццяў, якія былі напачатку. А што яны былі, тыя пачуцці, Кацька і цяпер добра памятала. Проста, як і ўсё ў жыцці, яны згладзіліся, сталі штодзённымі, нейкімі бесцялеснымі, як цені ад дрэваў на асфальце.
Сёння Пеця-Пятрок пасунуўся некуды ў горад. 3 самай раніцы, гадзін у восем, патэлефанаваў ягоны сябра Рудзік (Каця разы тры бачылася з ім). Хлопцы пагаварылі некалькі хвілін, і яе Найдзін, чамусьці вінавата хаваючы вочы ў стаптаным дыване на падлозе, прамовіў:
— Я — у горад. Рудзіку трэба дапамагчы ў гаражы. Калі затрымаюся, то пазваню ад яго.
Крыху памаўчаў, не кладучы тэлефоннай трубкі на рычажок. Яна манатонна пікала без усялякіх трывожных нотак. Ды і адкуль тая трывога магла ўзяцца? I ўсё ж нешта — ці не жаночая рэўнасць? — кальнула Кацярыніну свядомасць. Маўляў, ага, Рудзька табе тэлефанаваў, а мо ніякі і не Рудзька, а Рудольфа Іванаўна.