Выбрать главу

Кацярына зразумела: нешта не заладзілася сёння ў яе сяброўкі з мужам ці ягонымі дзецьмі. Добрыя сабе дзеці: сын ажаніўся і развёўся, дачка скончыла школу. Хто для іх Таццяна? Мачыха, якую можна даіць, скоса зыркаць, фанабэрліва абрываць.

Лазебная з самага пачатку раіла Таццяне не спяшацца, не кідацца галавою ў прорву, не накідваць на шыю сіло. Але ж — славутае каханне. «Куды мне ўжо цягнуць? — роздумна гаварыла на той час Таццяна.— Саракоўка на носе, сваіх дзяцей не будзе, то няхай чужых прыгрэю».

Кацярына тады яшчэ пажартавала: «Глядзі, каб пасынак дзе ў кутку не прыціснуў. Во анекдот будзе. I не пажалішся ж, сябровачка. А што, цяпер так модна. Проста, як у мексіканкіх серыялах. Мексіка Мексікай, а ў цябе свой серыял будзе». «Дурніца»,— адказала Таццяна і кінулася ў невядомае жыццё, як у беспрадонне.

Кацярыне пакуль не хацелася распытваць, лезці чалавеку ў душу. «Калі захоча,— думала яна,— сама ўсё раскажа, падзеліцца, а змоўчыць — значыць, не яе розуму і клопату патрабуюць сямейныя справы сяброўкі».

— Ну што, дарагуша, пайшлі? — парушыла хвіліннае маўчанне Лазебная.— Разамнёмся.

— Я за дзень так наразмінаюся, бегаючы па горадзе за рознымі інтэрв’ю ды інфармацыямі, што пад вечар ногі гудуць, быццам слупы ў марозны дзень. Журналіста, сама ведаеш, ногі кормяць. Добра табе ў белым халаціку ў кабінеце сядзець. Хворыя прыходзяць, іх адлоўліваць не прыходзіцца. Але што гэта я? — перапыніла гаворку Таццяна.— Кожнаму сваё. Ты лечыш, а я інфармую. Пайшлі, сяброўка! — Коранева ўсхапілася з месца.

— Кожны жыве са сваімі праблемамі, клопатамі і радасцямі сам-насам. Ці праўду я кажу? — стоячы ўжо, спытала Таццяна.

— Не ведаю, не ведаю, шаноўная.

Сяброўкі ішлі не спяшаючыся па новаўкладзеным з плітак тратуары каля Купалаўскага сквера, у якім яшчэ блякла зелянелі лістотай таполі, а на лаўках бавіла час моладзь, гучна і здарова рагочучы. Змялелы паток машын на праспекце сведчыў, што большасць мінчан завіхаюцца на сваіх дачных сотках. Усё нешта парадкуюць, даводзяць да ладу.

«Добра гэта,— падумалася Лазебнай.— Чалавек няхай сабе і жыве ў бяздушных шматпавярховіках з цэглы і панэляў, але ўсё ж душою цягнецца да зямлі — асновы асноў усяго жывога. Яна корміць, лечыць і калечыць»,— пры апошнім слове Кацярына неўпрыкмет усміхнулася. Не, не ад рыфмы, недарэчнай і пустой, а ад таго, што часта так і здараецца. Колькі яна, будучы студэнткай апошніх курсаў медінстытута, перабачыла людзей, скалечаных зямлёю. Не ў прамым сэнсе зямлёю, а той непамернай працай, з якой шчыравалі вяскоўцы.

— Медпрактыка на многае адкрывае вочы. Недахоп кваліфікаваных урачоў у сельскай мясцовасці. Страшны недахоп, і вось нас, інтэрнаў, камандзіруюць ва ўчастковыя бальніцы. Прыходзяць людзі. Божа мой, як яны гадамі маглі жыць з такімі балячкамі ў целе і на целе. Неспасцігальна! Незразумела! Абсурдна! Не, проста злачынна. Здзек над самімі сабою і над прыродай, што стварыла ўсіх. Цярпенне! Якое патрэбна мець цярпенне, каб вытрымаць тыя пакуты, што бачыла… Вясковы чалавек — не гарадскі. Людзі зямлі трываюць да апошняга, да мяжы жыцця і смерці. Толькі ж чаму? Дзеля чаго? Няўжо ўся бяда ў тым, што не хапае там нас, добрых медыкаў? А мо ёсць іншыя прычыны? Гарадчук з кожнай скабкай у пальцы бяжыць да нас. I гэта добра. Так павінна быць… А можа, і не…

— Ай, Кацярына, нешта мы пра сумнае гаворым. Вечных праблем усё роўна не вырашым, Як былі яны, так і застануцца. Я табе лепш адну гісторыю раскажу, што здарылася ў нашай вёсцы, пад Баранавічамі. Значыць так: жыў недалёка ад нашай хаты кульгавы Ярмак. Гультай быў, якога свет не бачыў, ды і жонка Проська на праворнасць не хварэла. Сабраў Бог да кучы дваіх нядайдаў. На работу дык яны не здатныя, а вось дзяцей настругалі поўныя прыгаршчы. I ўсё адны дзеўкі. Брудныя бегалі, саплівыя, недагледжаныя, заўсёды напаўгалодныя, адны гумавыя галошы былі на ўсю сямейку. Не, Ярмак не нашым быў, не мясцовым. Перасяліўся ён з адной усходняй вобласці пасля вайны. Прыпоўз да нас, заходнікаў. А мы гжэчныя гаспадары былі яшчэ з-за польскага часу. Працавалі ўсе да знямогі. Не мелі часу бальшавікі вытравіць з людскіх душаў прагавітасць да свайго кавалка хлеба, не парваныя былі яшчэ жылкі ўласніка-гаспадара.

— Ага, паненка недарэзаная,— Лазебная грэбліва скрывіла губы.— У цябе, можа, яшчэ і глечык залатовак зарыты пад прызбаю ў бацькавай хаце, дык мо падзелішся? — Кацька падміргнула сяброўцы.— Мае ж продкі з Магілёўскай губерні родам, таму, па тваёй логіцы, і я лайдачка.