Выбрать главу

— А чаго ты хацела? Чалавек на звычайнай працы, як ты ў сваёй радыёстудыі ці я на прыёме хворых у кабінеце. Чалавек працуе, зарабляе свой кавалачак хлеба.

— Лёгка табе, Лазебная, жывецца. Усё можаш раскласці па палічках.

— А што тут такога? Я ж лячу людское цела, а душа — гэта ўжо твая прэрагатыва.

— Вось учора я і ўспомніла словы сваёй бабулі. Царства ёй нябеснае. Яна мне яшчэ маленькай гаварыла, што Бог павінен быць у душы кожнага чалавека. А напускная, няшчырая вера — горш за здраду.

Кацярыне не падабаўся настрой сяброўкі. Лазебная адчувала, што ў Таццяны нешта здарылася і яна аналізуе, шукае правільнае выйсце з няпростай сітуацыі. Але што, што гнятлівае ўзвалілася на жанчыну? Каб хоць неяк збочыць з сумнай гутаркі, Лазебная спытала:

— Ты нешта пачынала казаць пра ванну з гарачай вадой, га?

— Я ўсё пра тое ж. Кожны вечар, залазячы ў гэта чыгуннае эмаліраванае карыта, хачу змыць з сябе дзённы бруд, пустыя клопаты, дурацкія праблемы, якія ліпучым кісялём вымазалі з ног да галавы. Хочацца адцерціся ад потных рукапацісканняў, што за дзень уеліся ў далоні. Хочацца адзіноты… але ж і боязна яе.

— Нармальны стан, звычайнае жаданне чалавека, які існуе кожны дзень сярод людзей. Нічога дзіўнага, сяброўка, тут няма. Жыві прасцей, глядзі навокал вачыма аптыміста. Як ты мяне некалі вучыла. Разбярыся ў самой сабе, нарэшце. Завядзі палюбоўніка, плюнь на мужа і яго велікарослых дзяцей. Жыві напоўніцу, дурненькая.— Кацярына ўзяла сяброўку пад руку.

— Пазаўчора ў абед, калі заскочыла перакусіць, застукала мужа з палюбоўніцай,— Таццяна цяжка ўздыхнула.— Ніколі ж раней вечарам дамоў не зазірала, а тут… I ведаеш, дзе яны любіліся? Пад душам. Як успомню, аж калоціць усю. Брыдка да гідлівасці, не хочацца цягнуцца пасля работы ў кватэру. У панядзелак еду ў камандзіроўку на тыдзень у Берасце. Вымаліла ў загадчыка аддзела.

— Правільна. Няхай усё перагарыць. Нічога не трэба рабіць спантанна.

Жанчыны не заўважылі, як прайшлі паўз станцыю метро каля вуліцы Казлова, мінулі плошчу Якуба Коласа, пакінулі за сабою Акадэмію навук і спыніліся каля ўваходнай брамкі Батанічнага саду.

Даўгаватая чарга каля касы хутка пасоўвалася. Сяброўкі, унурыўшыся ў сябе, засяроджана маўчалі. Паўз іх пратупала маладая пара і без чаргі падышла да акенца касы. Кацярына з Таццянай пачулі сіплаваты голас хлопца: «Прапусціце бярэменную дзевушку». Не згаворваючыся, Лазебная і Коранева пырснулі смехам. Кацярына, прыкрываючы далонню рот, прагаварыла:

— Вось табе і маеш. Новая Дзева Марыя з’явілася. Гэта ж трэба — бярэменная дзевушка! Як табе, дарагуша, такое падабаецца?.. Тут нават і медыцына бяссільна.

Цішыня, утульнасць Батанічнага саду навявалі ўнутраны спакой і душэўную лагоду. Нават грукат і віск з атракцыёнаў парку Чалюскінцаў не маглі парушыць закалыхваючай гармоніі наваколля.

— Не вешай нос,— Кацярына лёгенька штурхнула плячом сяброўку.— Сёння мы з табою падчэпім класных малайцоў. Ты ж ведаеш, што клін клінам выбіваецца. На разавую здраду ты дзясятак разоў тым жа адкажы. Вось тады і толк будзе.

— Ну цябе! — адмахнулася Таццяна.

— Не баіся, а слухай мяне. Цётка ў багну не спіхне, а радасці жыцця навучыць. Забудзешся на пакуты душэўныя, спазнаўшы цялесную ўцеху.

***

Пятрок прачнуўся сярод ночы. Хмель выпітага за дзень яшчэ засціў свядомасць. Цёмнае бра на сцяне ля ўзгалоўя канапы расплывіста асвятляла пакой, надаючы рэчам таямнічасць. Некалькі хвілін хлопец ляжаў нерухома, утаропіўшыся вачыма ў столь. Перад унутраным зрокам мільгацелі эпізоды-карцінкі мінулага дня: Рудзька і ягоны гараж, імправізаваны столік з пітвом і ежай, дзве дзяўчыны, якіх яны з Рудзькам прывезлі ў гаражныя апартаменты, хіхіканне, цыгарэтны дым, самагонка без смаку. Усё — як у танным і дрэнным фільме, які здымаўся хуткай рукою невядомага аператара на закінутым гарышчы напаўразваленага барака. Але дзіўна — ніякай брыдкасці ад пражытага дня Пятрок не адчуваў. Было тое, што было, і ўсё.

На нейкую хвіліну хлопец задумаўся. Штосьці ў памяці няўлоўна мільгацела, слізгала па свядомасці і ніяк не магло праявіцца, рэалізавацца ў канкрэтным малюнку. Пятрок памятаў: перад тым, як прачнуцца, ён нешта сніў. Менавіта ад таго і прачнуўся. Прычынай была зусім не смага, якая скавала язык у роце драўлянымі абцугамі. 3 языком-бервяном ён бы праспаў і да раніцы. Штосьці іншае пабудзіла яго. Пятрок прыплюшчыў вочы. Яму карцела злавіць танюсенькую нітачку сну, якая павуцінкай прашмыгвала ў свядомасці.