Выбрать главу

«Так. Ага… Я бачыў нябожчыцу бабулю. Мілую бабу Акуліну. Ейныя вочы… твар. Твар быў не такі, як заўсёды. Па ім быццам нябачны араты прайшоўся разорыстым плугам і пакінуў жорсткія барозны. Ніякая пылавая імгла не разгладзіць іх, россыпы маршчын і маршчынак. Я спалохаўся. Зрабілася вельмі боязна. Бабуля ж мне заўсёды сніцца як перасцярога ад хваробы ці нейкай бяды, непажаданага здарэння»

Пятрок на імгненне задумаўся.

«А дзе ж Кацярына? Я зусім адзін дома. Ыгы, адзін. Пачакай, не спяшайся, успомні… Яна ж позна званіла, адразу, як зайшоў у кватэру, папярэджвала, што заначуе ў сяброўкі Таццяны. Ну і няхай. Вось да чаго толькі сон з бабуляй? А можа, гэта вынік выпітага? Мазгі атручаны алкаголем і тытунёвым дымам».

«Наўрад»,— нехта старонні ўбіўся ў думкі хлопца. Пятрок не прыдаў гэтаму значэння. «Дзень пражыты на ўсе сто пяцьдзясят. Адарваўся па поўнай праграме».— «Глядзі, каб яно не адгукнулася табе». Цяпер Найдзін прызадумаўся: «Во, бляха-муха, ужо раздваенне асобы, як у штатаўскіх стужках. Так недалёка і да Навінак». «Не, гэта будзе бліжэй, на Прылукскую. За ўсё трэба плаціць, коцік марцовы».

У пакоі зрабілася неяк вусцішна, нават страшнавата. Пятрок зыркаў з падпрыплюснутых веек наўкола, абмацваў позіркам знаёмыя рэчы, і яны здаваліся хлопцу брыдкімі, чужымі і зласнаватымі. Падалося, што ў пакоі, пад самай столлю, варушацца расплывістыя і ледзь улоўныя здані. Яны распаўзаліся па цьмяных кутках, збіраліся ў клубкі і цяпер ужо рванымі згусткамі пульсавалі, набіраліся моцы.

«Божа мой, столькі ж разоў начаваў адзі дома падчас дзяжурства Кацярыны ў другую змену, а нічога падобнага ў галаве не вярэдзілася. Дурнею. Віно перапітае. Добрае ж зелле Рудзька прывёз з вёскі. Ім толькі запчасткі праціраць у ягонай машыне, а не паласкаць нутро. I Кацярына — штучка яшчэ тая. Ёй, бач ты, сяброўка даражэйшая за мяне».

«А ці лепшы сам, хлопча,— зноў прабіўся ў падсвядомасць чужы голас,— кінуў дзяўчыну адну-адзінёханькую і пабег любошчаў шукаць. Падхопіш заразу…»

«Ха, напалохаў,— агрызнуўся Пятрок.— Сёння гэта не страшней за насмарк. А ты сціхні. I без твайго ўшчування на душы паскудна. Мроіцца розная брыдота…»

«Перш чым нешта зрабіць — думай. Нездарма ж у народзе кажуць: сем разоў адмер, а адзін — адрэж».— «Не вучы жыць, лешп памажы матэрыяльна».— «Пра душу думай, Найдзін». — «Ну цябе ў сухастойны лес, на топкае балота!»

Пятрок падняўся, нібы крадучыся, каб не спудзіць бесцялесныя здані ў кутках пакоя, прайшоў на кухню. Каўтануўшы з лядоўні малака, прыслухаўся да сябе. Палягчэла і пасвятлела ў галаве. Хмельная помарака адступілася. Хлопец уздыхнуў цяжка, з надрывам. На душы было роспачна і адзінока. Падалося, што быццам ён не ва ўтульнай кватэры, а сярод начнога восеньскага поля. Вакол імжыць брыдкі сцюдзёны дожджык, пад нагамі хлюпае гразь, процьма калюг і калдобін. I куды ні кінь вокам — ні аднаго агеньчыка, ніводнай жывой, іскрыстай і абнадзейваючай кропкі жытла.

«Адзінокім чалавек нараджаецца і адзінокім сыходзіць у сусвет. Не бойся. Ты не першы і не апошні. Толькі родныя дзеці могуць даць хоць які супакой душы. Але, хлопча, не спяшайся. Не кожнаму на зямлі і гэта дадзена спазнаць. Камусьці дзеці даюцца ў радасць, а таму-сяму — у пакаранне. Не, не шукай залатой сярэдзіны. Вельмі ж хісткая мяжа паміж адным і другім. Яна танчэйшая за скарынку льду ў надворнай конаўцы пасля першага прымаразку».

— Хто ты? — напаўголаса спытаў Пятрок.— Што табе трэба ад мяне? Чаму даймаеш?

«Усё жыццё спатрэбіцца, каб спазнаць мяне. Будзеш набліжацца і аддаляцца. Усё залежыць ад цябе, Пятрок: як распарадзішся кожным днём, што даруецца Небам».— «Глядзі ты, філосаф!» — «Не, звычайнае жыццё. Кладзіся спаць. Я дапамагу табе пабачыць, адчуць тое, што пакінула ў тваёй душы пакутніца бабуля Акуліна. Гады не згладзілі тваёй любові да старой. А вечнасць не забрала ейнай любові да цябе. Часцей прыслухоўвайся да свайго сэрца, захоўвай парасткі дабрыні і мяккасці ў душы. I не бойся шчодрай рукі, якая падае жабраку. Дзяліся апошнім, і табе будзе».

Пятрок лёг. Сон адразу ж агарнуў і залашчыў хлопца. Згусткі бесцялесных зданістых ценяў бясследна зніклі ў прыцемку. Святло ад насценнага бра зрабілася лагодна-мяккім і закалыхваючым. Пятрок спаў. Ён быў тут і там, у сваім целе і па-за ім…

Сонца паспела ўжо абцалаваць зямлю пасля доўгай зімы, якая то сцякала з дахаў, то раптам тыднямі віхурыла так, што з хаты носа не выткнеш. Толькі ж гэта было ўжо ў мінулым. А зараз цёплы травень млеў у сонечных промнях, парылі ўгрэтыя пагоркі, падсыхалі лагчыны, прастрэльвалі на бярозках лісцейкі, яшчэ нясмелыя, але дзень-два — і зазелянеюць вершаліны стромкіх беластволых дрэў. Прырода, як і спрадвеку, раскашавала. На тое ён і травень, каб зяленівам агарнуць усё, што месяц таму было шэрае і аднастайнае.