Выбрать главу

На кухню зайшоў Пятрок. Згатавалася кава. Пілі моўчкі, седзячы за сталом насупраць адно аднаго. Кацярына баялася сустрэцца позіркам з хлопцам, а ён неадрыўна глядзеў у свой кубачак. Над галовамі Кацярыны і Петрака вісела пані Недаверлівасць.

«Ён аб нечым здагадваецца. Душой адчувае, што не ўсё чыста. Ну і няхай. Я ж яму не жонка! Не падабаецца — брысь на ўсе чатыры бакі. У вернасці я не клялася… Пра што ты балбочаш, дурніца? Хто цябе яшчэ будзе любіць, як не ён? Думаеш, што сённяшні Лёнька? Ды ён ужо забыў тваё імя, вар’ятка. Госпадзі, сама саграшыла і Таццяну ўцягнула. Ад самоты ўсё гэта. Ад самоты… Не, дарагуша, аддурасці».

Петраку таксама было моташна. Ён не ведаў, што сказаць Кацярыне. Хацелася павініцца, папрасіць прабачэння. Выгаварыцца. Расказаць пра сон, пра Асінаўку і бабулю Акуліну, пра тое, як яго цягне на месца былой вёскі, як хочацца пахадзіць там, дзе вырас, і як страшна згладзіць у памяці вобраз жывой вёскі. Хацелася выказаць усё, але нешта не дазваляла, бараніла Петрака ад бяздумнага кроку. Так і пілі яны моўчкі каву, кожны думаючы пра сваё.

Цішыню парушыў тэлефон. Ён зазвінеў гучна і пранізліва. Кацярына ад нечаканасці аж уздрыганулася. Кава пралілася на саматканы абрус, які даўнавата ўжо прывёз Пятрок ад сваёй маці. Карычневая вадкасць імгненна ўсмакталася льнянымі ніткамі. Пляма была няроўная, зласліва-рваная.

— Бязрукая клуша,— вылаялася на сябе дзяўчына.— Ідзі падымі трубку, а то ў вушах звініць.

Пятрок падышоў да тэлефона.

— Цябе,— гукнуў ён з прыхожай.

— Хто? — спытала Кацярына.— 3 работы?

— Не ведаю. Нейкі мужчына,— абыякава прагаварыў Пятрок і ўзяўся за недапітую каву.— Можа, новы кавалер,— з яхіднасцю буркнуў ён Кацярыне.

— Галоднай куме толькі тое і наўме,— адказала яна і ўзялася за тэлефонную трубку.

Званіў Лёнік.

«Вось прыпыленая дык прыпыленая,— лаяла сябе ў думках Кацярына.— I навошта давала свой нумар ? Усё з-за выпітага віна. Таццяна разумніца, сказала, што бестэлефонная. А я, курыца абшчыпаная, візітоўку сунула. Маўляў, глядзі ты, паненка якая, доктарша. Цьфу ты!»

— Так, я слухаю. Сёння не магу. Занятая. Заўтра таксама. Не, не забылася. Пустое ўсё гэта. Што было, тое было. У госці не трэба. Няма калі прымаць. Сум хутка праходзіць. Перастань ты. Дзіцячыя глупствы гэта. Усё. Забудзь. Я сказала. Перастань. Не трэба званіць і надакучваць. Мы ж дарослыя людзі, а не падшыванцы. Кожны і далей пойдзе сваёй дарогаю. Хто не памыляецца ў жыцці? Ну, тады ты шчаслівы. А я часта раблю тое, чаго не хачу. Усяго добрага. Хопіць бязглуздых размоў.

Кацярына паклала трубку. Шчокі ў яе гарэлі, як спелыя маліны. Адчувала, што і вушы палаюць чырванню. У горле застраў нейкі камяк. Яна кашлянула раз, другі. Зрабіла глыток рэшткаў кавы. На зубах затрашчала гушча-кашыца. Пятрок зацікаўлена зірнуў на яе. У звужаных вачах скакалі гарэзліва-ліхаманкавыя чорцікі.

«Што яму сказаць? Трэба нешта прыдумаць праўдападобнае. Такое, каб адпалі ўсе пытанні. Думай, думай, лярва. Сама знайшла прыгоду на сваю задніцу. Цяпер круціся вужакай…»

— Званіў былы аднагрупнік Сяргей.— Выплыла аднекуль з-пад свядомасці.— Я табе расказвала. Было ў мяне ў студэнцтве каханне,— Кацярына старалася, каб голас не дрыжэў, а быў упэўнены і абыякавы.— Хацеў сустрэцца, успомніць былое. Прыехаў з-за мяжы на некалькі дзён.

— Запрасіла б у госці,— зірнуў спадылба Пятрок.

— Навошта вяртацца да таго, што згладжана гадамі, доўгімі гадамі? — Кацярына міжволі ўздыхнула.— Даўно тое было і няпраўда ўжо. Я яго некалі і сапраўды любіла. Была ў душы рамантыкам, не ведала прозы жыцця.— Жанчыне на нейкую хвіліну падалося, што і сапраўды яна гаварыла не з учарашнім Лёнькам, а з Сяргеем — хлопцам, які быў першым у яе, і пра якога, не жадаючы таго, яна ўвесь час памятала.

Пятрок адчуў, як у ягонай душы зварухнуўся чарвяк рэўнасці. Здалося, што пад грудзямі нехта нябачна сціснуў пяцярнёй вантробы. Ды так няшчадна, што перахапіла дыханне, кроў зашугала ў вушах, зацюкалі частыя малаточкі ў скронях.

«Халера на яе,— вылаяўся ён у думках.— Не хапала, каб сябе зводзіў з-за яе былых любошчаў. Дудкі. Зараза!»

— Не злуйся,— Кацярына дакранулася рукою да галавы хлопца, пальцамі прабеглася па валасах.— Надзьмуўся, як святочны гумавы шарык. Тое ўсё ў мінулым. I ў цябе ж было дзяўчат процьма. Што, не так? Ну вось бачыш, маўчыш. Значыць, праўда. А я ж не крыўдую. Галоўнае — цяпер мы разам. Я і ты. Нас двое, і ніхто больш не патрэбны. Калі зразумееш гэта, то адпадуць усе пытанні і непаразуменні.