«Ну і дурніца ж я. А ўрэшце, усе мы, людзі, такія. Сатканыя з супрацьлегласцяў. Не бывае ў нашых душах аднаколернасці. Мне здаецца, не існуе толькі чорных альбо белых памкненняў. Хочацца ўсё спазнаць. Шкада, што заднім днём думаем. Наступаем на свае ранейшыя ідэалы, губім, адным бяздумным рухам разбураем тое, што гадамі ўзрошчвалася, песцілася. А мо гэта і ёсць прагрэс, штуршок да спазнання свету? Нецікава, нават згубна ўвесь час варыцца ў адным катле. Тады тупееш, абрастаеш тлушчам, дэфармуюцца мазгі. Чалавек ад нараджэння імкнецца хадзіць па лязе нажа, казытаць свае нервы, правяраць псіхіку».
Пятрок неадрыўна глядзеў на прымоўклую, задуменную Кацярыну. Яму раптам падалося, што зусім ён не ведае яе. Нейкая адчужанасць праглядвалася ў позірку дзяўчыны.
«Знаёмая незнаёмка. Столькі ж гадоў разам. Сёння яна зусім чужая. Нешта няўлоўна змянілася ў Кацярыне. А можа, ува мне самім? Брыдка ўспамінаць учарашні вечар. Нейкая скабка даймае сумленне, паколвае. Рудзька, нягоднік, справакаваў. Канечне, прасцей за ўсё асабістую віну перакласці на некага, а самому застацца чысценькім і праведным. Так лёгка жывецца… I што ў мяне за натура? Вечна займаюся самакапаннем. Трэба ўмець усё забываць. Заплюшчыў вочы — і нічога не было. Я ж, у рэшце рэшт, не манах. Звычайны мужчына. I ножкі ладных дзяўчат прымушаюць хутчэй пульсаваць кроў у целе. Усё ў парадку. Учарашняя прыгода забыта, выкраслена з памяці. Я выправіўся. Зноў размеранае, правільнае жыццё. Так хачу, і так будзе. Кацярына мая, і ніякаму Сяргею яе не аддам».
Пятрок пальцам дакрануўся да носа Кацярыны.
— Піп-піп,— пажартаваў, як у далёкім дзяцінстве.
Кацярына страпянулася, адказала хлопцу нейкай вінаватай усмешкай.
— На рабоце ў мяне сёння адгул. А ў цябе другая змена. Адсюль што выцякае?
Кацярына паціснула плячыма. Пятрок абхапіў дзяўчыну са спіны, барадою зарыўся ў яе пышныя валасы.
— Зараз, толькі вынесу смецце. Ты ж не дадумаўся гэта зрабіць.
— Паспееш.
— Не, смярдзіць дужа.
— Вось так і жывём,— уздыхнуў Пятрок.
— Як і ўсе.
— Не хочацца быць, як усе.
— Нікуды не дзенешся, мілы.— Кацярына ўзяла вядро са смеццем.— Калі ў хаце чысціня, то і душа без бруду,— загадкава, напаўголаса прагаварыла яна і выйшла на лесвічную пляцоўку.