Выбрать главу

«Не, маці,— гэта ўжо Кацярына сама сабе ў думках,— старэеш, старэеш, бабанька. Глядзі, што, не дай бог, дойдзе да такой сітуацыі — следам пачнеш бегаць за Найдзіным. А ён чалавек вольны, як знайшоўся, так і згубіцца. Чаго ўжо там… Трэба напачатку было не зарыцца на маладзейшага. Сама ж ведаеш, што па кабеце і спадніцу выбірай. Не свяці лыткамі, калі ногі крывыя. Ды і якая мне розніца? Згінь ты, рэўнасць каўтунная…»

— Чаго маўчыш? — насцярожыўся Пятрок.

— Га? Што пытаеш?

— Кажу: пайду да Рудольфа, ну, да Рудзькі, ты ж яго памятаеш. Просіць дапамагчы…

— Ідзі, ідзі,— паспяшалася адказаць Кацярына, баючыся, што Пятрок западозрыць яе ў ваганнях ці, горш, падумае, што Кацьку грызанула рэўнасць.

— I ты не сядзі ў хаце. Зірні за акно — які выдатны дзень. Залаты пачатак кастрычніка. Прагуляйся па горадзе, схадзі ў парк. Памятаеш, некалі і мы пад шапаценне апалага лісця клёнаў пазнаёміліся. Сонца тады гуляла ў вершалінах дрэў, люстравалася ад рудавата-карычневых галінак на прыціхлую гладзь вады канала.

— Ого, Пятрок, столькі разам, а я і не ведала, што ты такі рамантык,— яхіднавата, стараючыся быць абыякавай, прамовіла Лазебная.— Не хвалюйся, выберуся і я падыхаць. Праўду кажаш: чаго сядзець у чатырох сценах, работы спешнай няма, выхадны сёння, дык і я разамнуся. Ідзі, ідзі, Пятрок.

Нарэшце змоўкла піканне ўтэлефоннай трубцы. Цяпер падалося ўжо Кацярыне, як быццам нечага не хапае — таго няўлоўнага, што некалькі хвілін існавала між ёй і Петраком. Тэлефон маўчаў. Найдзін збіраўся. Кацярына сядзела ў фатэлі з кнігай на каленях.

— Пакуль,— з дзвярэй развітаўся Пятрок.— Я думаю, доўга не затрымаюся.

— Шчасліва,— сумны голас Кацярыны.

Шчаўчок замка. Гул ліфта, які падымаўся знізу да іхняга паверха. Праз фортку ў пакой заляцела позняя восеньская муха. Вялікая і, як падалося Кацярыне, выцвілая. Муха кружляла пад столлю паўз лямпачкі люстры.

«Гаротніца, шукаеш цяпла, зімы хуткай баішся. Адзінокая…» — маладуха невядома чаму пашкадавала гэтую брыдоту, да якой заўсёды адносілася з гідлівасцю, як і да прусакоў, якія часам забягалі на кухню праз вентыляцыйную сістэму. «Хто я? — раптам кальнула думка.— Яшчэ дзяўчынка, дзяўчына ці ўжо жанчына, жонка, кабета? А мо сквапная векавуха?» Яна нейкі час проста сядзела, быццам здранцвелая. Аніякай думкі. Пустата. Такая пустата бывае толькі ў непрытомнага. Калі чалавек фізічна тут, у гэтым месцы, глядзіць, але нічога не бачыць, дыхае, але не адчувае паху, слых не прабіваюць мільённыя гукі, што ўрываюцца ў пакой праз расчыненую фортку.

— Я — жанчына,— нарэшце сарвалася з вуснаў Кацярыны.— Чаму ж не магу раўнаваць, не магу ўзбясіцца, як большасць з нас, жанчын, калі адчуваю, што нейкая сцярвоза забірае маё? Ці хоць бы сквапна пазірае на таго, хто стаў маім, да каго я прывыкла і, здаецца, люблю, кахаю?.. А ці кахаю я ўсё ж Петрака? Дурніца, ты звар’яцела! Што найшло сёння на цябе?! — Кацярына адкінулася на спінку крэсла-фатэля, кніга звалілася з каленяў, але дзяўчына не стала падымаць, толькі лацвей выцягнула ногі.— Усяму віною восень. Самотная і шчодрая восень. Яе можна любіць, а можна звыкла не заўважаць, але восень паўсюль, яна проста прыйшла і агарнула сваёй задуменнай журботай усё навокал. А чаму павінна я быць выключэннем? Чаму? Восень… Не, не трэба, каб яна была ў душы. Яшчэ рана, вельмі рана пускаць яе туды. На вуліцы сонца, восеньскае сонца.— Раптам Кацярына адчула, як маланкай прастрэліў памяць успамін. Далёкі, рамантычна-дзявочы, які доўгія гады хаваўся ў падсвядомасці.

«Няўжо сённяшні дзень прымусіў яго выплысці? Тады таксама была восень. Вечар. Дачны пасёлак. Гразкая дарога. Паўсюдна лужыны. Ці не тыдзень запар ішлі дажджы. Хаткі пашарэлі, іх нават не ажыўлялі скупаватыя промні сонца, якое спаўзала за лес, так і не здолеўшы за дзень высушыць макрэчу на дахах і сценах пабудоў».

Кацька з Сяргеем сядзелі ў невялічкім зальчыку двухпавярховай дачы бацькоў хлопца.

— Ты ўсё гаворыш пра вечнае, пра душу, існасць, пра тое, што нельга памацаць рукамі, пабачыць вачыма, адчуць на смак. Гэта ж — не спрачайся — абстракцыя.— Сяргей з хвіліну памаўчаў, углядаючыся ў яркія язычкі агню, якія танчылі па сухіх бярозавых паленцах у невялікім каміне.— А вось адкажы мне на пытанне: чаму ўва ўсіх нас, людзей, аднолькавыя сэрцы ў грудзях, пячонкі і лягчонкі пад рэбрамі, і кроў аднолькавы мае колер у жылах, і сцягнута цела нашае такім жа сухажыллем, але мы ўсе да непазнавальнага розныя? Той — нягоднік, здраднік, хапуга і гвалтаўнік, а другі — вечны пакутнік праз дабрадзейнасць сваю, праз шчырасць і спачуванне кожнаму, каму балюча. Не, каб ён прыхаваў, што мае, для сябе асабіста, адхапіў ад некага, хто мае большае. Жыў і радаваўся жыццю, але ж не — праўдзіўца шукае пакут, плача над чужым горам, не заўважаючы свайго. Дык як жа ж тады саўладаць з душою — з той нябачнай душою, пра якую ты ўсё талдычыш? — Сяргей узняўся з мяккага фатэля, наблізіўся да каміна, паціху расчыніў каванай качарэжкай загараджальную рашотку і падкінуў пару паленцаў у трапяткі агонь.