Выбрать главу

Прыгадаўшы сябраву позу, Пятрок міжволі ўсміхнуўся сам сабе, седзячы ў напаўпустым тралейбусе. Дзіўна было, што такой парою бязлюддзе. Самая ж раніца, а пуста. «Вось дурное боўдзіла, зусім з галавы вылецела, што сёння нядзеля. Зазамбіраваўся да макушкі».

Званок ад Рудзькі быў нечаканасцю для Петрака. Без лішніх слоў сябрук-аднавясковец загадаў (так-так, загадаў, а не папрасіў) прыехаць у гараж. «Сюрпрыз з вёскі ёсцека»,— і больш ні слова. У прынцыпе, які сюрпрыз можа чакаць — Пятрок здагадваўся. Калі пабываў Рудзька дома ў маці, то хутчэй за ўсё трохлітровік пякучага са струкамі перцу, самагону прывёз у сталіцу, А дзе яшчэ могуць выпіць сябры, пасядзець, пагаманіць і ўспомніць мінулае, сваю вёску-нябожчыцу? Так, вядома ж, толькі ў гаражы, дзе няма гняўлівых позіркаў Рудзькавай жонкі Нінкі, не чуваць капрызлівага голасу прыёмыша-сына. Сябрук Ганьчын пайшоў у прымы да Нінкі, узяў яе з дзіцём. Гаварыў, што не шкадуе. Нават жартаваў з сябе.

«Дундзіла ты, Пятрок. Я ўва ўсім у выйгрышы. Мне Нінка патрапілася добра памякчаная, здаволенай ужо жыццём. За мяне ўсё зрабіў першы муж, састругаў хлапца, а зараз корміць яго, не кідае. Любячы бацька аказаўся. Я ж толькі у дзённіку распісваюся».

Нінка, як і Петракова Кацярына, была старэйшай за Рудзьку, але наколькі, Найдзін не пытаўся. Калі кінуць вокам на сябраву жонку, то здавалася — мінімум гадкоў на восем.

«Жонка трэба вопытная, жыццём бітая,— заўважаючы Петракоў ацэньваючы позірк, гаварыў Рудзька.— Ды і ты сваю не з манастыра прыхапіў і не са школьнай парты. Пасцель усіх раўняе: і старэйшых, і маладзейшых. Ноч, браце, матка — не спі гладка»,— зухавата ўсміхаўся Рудзька, робячы па-вясковаму практычныя высновы.

Тралейбус спыніўся на Другім кальцы, адсюль пехатою да сябравага гаража хвілін пятнаццаць, а можа, крыху больш. Пятрок не спяшаўся. Навошта, нічога палаюча-тэрміновае не гоніць у шыю. Дзень казачна-цудоўны. Хоць тут, у горадзе, і не надта заўважаеш. У вёску б цяпер. У іхнюю Асінаўку. Прайсці па Бярозавай грыве з кошыкам, сярод хрусткіх верасоў і папаратнікаў, зрэзаць некалькі дзясяткаў чорных груздоў ці ўзбрысці нечакана на познія апенькі… Ды, урэшце, хоць бы падыхаць на поўныя грудзі. Падыхаць паветрам дзяцінства, прысеўшы пад бярозкамі ці сасною на купчастым лясным грудку і, закінуўшы галаву, углядацца да кружэлак у вачах у роўнае, па-восеньску паніжэлае неба. Але ўсё гэта толькі мары. Пустыя мары пра вёску-нябожчыцу.

Пятрок страсянуў галавою, прыпыніўся на незаасфальтаванай дарозе-праездзе між гаражоў, дастаў пачак цыгарэт, прыкурыў. Салодка зацягнуўшыся, не спяшаўся выпускаць дым. Адсюль ён ужо бачыў расчыненыя дзверы Рудзькавага гаража. Значыць, падышоў не раней за гаспадара. «Хы, маленькая радасць, а прыемна»,— па-дзіцячы ўсміхнуўся сабе Найдзін, азірнуўся па баках, там-сям дзверы гаражоў былі адчынены. Аўтааматары паўцякалі ў выхадны дзень ад жонак сюды. «Добрае вынаходніцтва — гараж. Не, выдатнейшае вынаходніцтва чалавецтва — гараж».— Пятрок, не вымаючы цыгарэты з вуснаў, пашыбаваў да дзвярэй Рудзькі Ганьчына.

I калі зазірнуў у цемнаваты прасвет, то заўважыў, што сябра корпаецца ў салоне свайго патрыманага «вольва». Бразгацеў там нейкімі жалязякамі. Лёгка праціскаючыся між машынай, старэнькай зашмальцаванай канапай і вузенькім самаробным столікам з падслепаватай лямпачкай, Пятрок знянацку шмаргануў за нагу заюшанага сябра, якая вытаркалася з-за дзверцаў. Рудзька похапкам выпраміўся. Скураная шапка звалілася з галавы, і курчавыя, як у каўказца, валасы разбэрсана пырснулі ва ўсе бакі, чуб прыкрыў вочы.

— Во, халера, аж сэрца ёкнула ад нечаканасці,— замест прывітання буркнуў Рудзька,— Злодзеем табе трэба працаваць. Прабраўся, як мышка, я нават і не ўчуў.— Нарэшце ён выбраўся з машыны, выцер аб паношаныя джынсы далоні і па-сяброўску абхапіў Петрака за плечы.

— Здароў, мядзведзь, здароў.

— Прывітанне, уласнік.

— Ды і ты не на сухарах з вадою жывеш. Бачу: фэйс ад’еў на Кацярыніных харчах, аж ільсніцца вунь.

— Дурыла ты, Рудзька. Проста трэба не ленавацца есці, для гэтага і зубы нам дадзены.

Сябры прыселі ля століка на канапку.

— Думаў, не прыедзеш ужо. Сяджу з добрую гадзіну, чакаю. Заманала жонка работай. Дываны і паласы прыперла ёй сёння выбіваць, чысціць сямейнае гняздзечка. Аднекнуўся, сказаў што машына забарахліла пасля паездкі да маці. 3 вулічнага таксафона табе бракнуў.

— Пасля званка я і выехаў.

— Пяшком за гэты час дайсці можна.

— А ты дайдзі, разумнік.

— Ну, ну, хопіць агрызацца, Пятрок-петушок.— Петушок — вясковая мянушка Найдзіна.— Я такі гасцінец ад маці прывёз! Давай стол ладзіць.— Рудзька шчоўкнуў багажнікам.— Памагай разбіраць пакункі. Мамуля-акуратыстка ўсё асобна загарнула. Пастарэла яна ў мяне, здала бабуля. Не тая ўжо, якой была ў Асінаўцы. Пра цябе распытвала, прывітанне перадавала, а калі налівала самагон, то загадала «з Петраком па чарцы ўзяць». Як-ніяк, а былыя ж суседзі.