Выбрать главу

Не спяшаючыся, хлопцы расклалі на століку вясковае смакоцце: нарэзалі сала, вэнджанага мяса, спелых памідораў, бочкавых агуркоў, наскрылялі цыбулі, хлеба. Ганьчын пасяродку ўціснуў двухлітровую пластмасавую бутэльку з гарам.

— Ты ўсё яшчэ не навучыўся куляць без запіўкі? — зірнуў Рудзька на Петрака.— Пара, брат, пара хлебам занюхваць, а ты мінералкай разбаўляеш прадукт. Па дарозе купіў для цябе бутэльку, ва ўнутранай кішэні курткі вазьмі, на вушаку вунь вісіць, бачыш?

— Ыгы.

Сябрукі селі вакол століка.

— Рудзь, адкуль такой парою ў вёсцы свежаніна? Мо там, пад Бабруйскам, лясы добрыя, дык ты дзіка заваліў, га?

— Перад копкай бульбы бацька падсвінка прыціснуў. Спецыяльна для такой пары гадавалі. Ну, давай, па першай прычасцімся.— Рудзька набулькаў у стограмоўкі і, узняўшы чарку, прамовіў звычны тост, які паўтарала за кожным застоллем ягоная жонка Ніна: — Хай здохне той, хто нас не любіць. Будзьмо, сябрук.— I кульнуў чарку. Нюхнуўшы хлеба і заеўшы агурком, зірнуў на Петрака: — Чаго ў руцэ грэеш, гэта табе не каньяк, смачнейшай не стане. Цягні, не бойся, Марына ўласнаручна гнала, бачыш, як сляза, чыстая. Ці ты ўжо сваёй Кацькі баішся? Калі выганіць,— Ганьчын блазнавата выскаліў зубы,— то прапішу рось на гэтым тапчане,— ён ляснуў далонню па зашмальцаванай канапцы.— Якраз памесцішся, ды і дзевак прыводзіць можаш. Як такая прапанова, га?

— Дажартуешся ты, хлопча, вазьму і зафрахтую твой гараж. Паглядзім тады, хто з нас смяяцца будзе. Куды ж ад Нінкі ў выхадныя ўцякаць мусіш? А я без скрыні белай сюды не пушчу. Так што думай, перш чым кідацца такімі прапановамі

Пятрок выпіў і хуценька наліў сабе мінеральнай вады. Прагнаў глыбей самаробнае зелле, учапіўся зубамі за кавалак вэнджанай свежаніны.

— Нічогая зараза,— пахваліў ён самагон.

— Крыўдзіш, братка, для сябе ж тварылася.— Рудзька зноў напоўніў чаркі.— Трэба, каб другая дагнала першую, а пасля перадых. Угу?

— Давай.

Былыя аднавяскоўцы глынулі па чарговай порцыі. Моўчкі заелі. Праз некалькі хвілін, не згаворваючыся, палезлі ў кішэні па цыгарэты. Дым лёгкай хвалькай расплыўся над іхнімі галовамі і пацягнуўся да прычыненых дзвярэй.

Збоку бачылася, як разняволіліся сябрукі, памякчэлі іхнія твары і ў вачах прамільгнула бліскаўка.

— От, зараза,— парушыў маўчанне Рудзька.— Дзе чарка, там і цыгарэта. Мая поедам есць за курыва. На дух не пераносіць. Перад тым як класціся ў ложак, прымушае жаваць гумку, а так выганяе на лесвічную пляцоўку дыміць. Табе добра,— I Ганьчын уздыхнуў,— Кацярына сама смаліць, што паравоз.— Ён зірнуў на Петрака: — Не крывіся, праўду ж гавару. У цябе не жыццё, а маліна. Нават цыгарэты не трэба купляць. Галава пра тое не баліць.

— Ну ты і знайшоў размову. Пустое…

— Не такое яно і пустое, калі з-за гэтага праблемы.

— Няма цыгарэт — няма праблем. Рэкламны ролік памятаеш?

— Позна мне ўжо кідаць. 3 шостага класа, калі не забыў, у майго бацькі «Прыму» кралі. За калгасным гумном давіліся курывам, а затым, каб не пахла, шчаўем заядалі. А ты — няма праблем.

Рудзька раздавіў пальцамі недакурак у попельніцы, пацягнуўся за пляшкай, наліў.

— Не гані так,— папрасіў Пятрок,— а то як цуцыкі праз гадзіну будзем.

— Не баіся. Давай вып’ем, а то выпарыцца. На пах суседзі па гаражах спаўзуцца, а мне не хочацца, бо не выпіўка будзе, а п’янка на поўную катушку.

— Співаецца народ, співаецца,— глыбакадумна заўважыў Пятрок.

— Маўчаў бы ўжо, цвярознік-язвеннік. Калі ты апошні раз гэта прычасце браў?

— Толькі што.

— Не, да сённяшняга дня?

— Даўнавата.

— Во, а кажаш: співаемся.

— Я не пра нас.

— Дабрадзей. Пра народ думаеш. Маці мая мовіць, што цяпер жытка такая, калі без чаркі звар’яцець можна, зірнуўшы, што робіцца вакол нас… Беспрасвецце, багна.

— Ну так ужо і багна, філосаф дамарошчаны.

— Ты з маёй Нінкай пагавары, яна ўсё па паліцах раскладзе, бо, працуючы на заводзе, ведае, аб чым народ гаворыць. Табе, інтэлігенціку з праектнага інстытута, не зразумець.

— Чаго заводзішся? — міралюбіва спытаў Пятрок, лёгенька штурхануўшы сябрука ў плячо.— Я ведаю, што не салодка сёння жывецца ўсім. Толькі ж ад нашага скавытання нічога не мяняецца. А гарэлка, п’янае ачмурэнне — дрэнны дарадчык.

— Псіхолаг! — скрывіўся Рудзька.— Бачна, што твая ўрачыха Кацька даказала табе ўсю шкоду спіртнога. Так?