— Адчапіся ад Кацярыны.
— Тады бабахнем. Мазгі пасвятлеюць.
— Што і трэба было даказаць.
Выпіўшы чарговую, Пятрок і сапраўды заўважыў, што першы хмель неяк прытупіўся, усталяваўся ў арганізме, быццам знайшоў ячэйку і схаваўся, саступіўшы месца для наступных уліванняў.
— Слухай, ледзь не забыўся. Наконт выпіўкі хачу даць табе паслухаць адзін магнітафонны запіс, што тайком зрабіў дома. Рэмаркі, якія недагавораны, дамалюеш сам.
Рудзька дастаў з машыны двухкасетнік, паставіў на ўскрай століка, пасунуўшы закуску. Пасля нетаропка, нават урачыста націснуў на кнопачку.
— …Каб жа нашаму цяляці ды ваўка спаймаці! (Марына вінавата зірнула на суседку Таццяну.) Уеўся ён мне ў пячонкі, сонца ясным днём з-за яго не бачу. Счарнеў увесь і высах, што травіна ў засушлівае лета. I ўсё праз гэту паганую гарэлку. Ледзь ногі па вуліцы валоча, усё шукае стограмоўку. I ведаеш, трасца на яго — знаходзіць.
— Ат, і мой не лепшы. Твой ды мой як дзеці адной маткі, адна розніца ў насах.
— Не кажы ты, суседачка. У майго Сцяпана адно і засталося, што нос. Каромысел тырчыць між ямін вачэй. Брыдка і поглядам аблашчыць, а не тое што ў хвіліны ягонага прасвятлення прыгарнуцца ды абняць.
— Ого, цябе яшчэ і юр бярэ. Бачу: не перагарэла тваё дзявоцтва, Марыначка.
— Перасмылела і попелам пабралася. Гэта я так, да слова. (Марына сарамліва заружавелася.) Калі ўжо тыя былі любошчы?
— Не прыкідвайся. (Суседка хітра ўсміхнулася.) Табе б добрага мужчыну, такога, каб у сіле быў, то ты б яшчэ і радзіла.
— Ат, ну цябе! (Замахала рукамі Марына.) Маё радзіла пайшло чорту на кадзіла. Ды даўно ўжо. Засталося адно: унукаў прычакаць ды старасць на плечы прыняць.
— Не, не кажы так. (Пляснула далонямі Таццяна і лацвей уселася на табурэце, падціснуўшы ногі.) Ты думаеш, што я прыйшла язык да цябе пачасаць? Дык не. Памыляешся, дарагуша. Я вось з-за чаго прыперлася. На мінулым тыдні цыганы хадзілі па нашай вёсцы. Ці памятаеш? Ат, не, ты ж ездзіла ў мястэчка да дачкі. Зусім запамятавала. Дык во, слухай. (Таццяна пацёрла пальцамі куточкі рота). Была сярод цыганоў і старая каргота, такая старая, нібы выпетраная і выветраная сонцам костка. Мо гадоў за сто ёй. Як толькі яшчэ і ногі перастаўляла? Аднаму Богу тое вядома. Але няхай ёй дарога без калдобін будзе. Слухай далей. Пажалілася я цыганцы на бяздонную пітушчасць майго курносага Сяргея. Папрасіла рады. Яны ж, цыганкі гэтая, шэльмы, усё чысценька ведаюць, усяму помач даць могуць. Спакон веку такое, ты ж сама не раз чула. Дык вось, доўга глядзела на мяне каргота-шкілеціна, а пасля прашамкала: маўляў, калі дасі добры кавалак сала фунтаў на восем, то яна раскажа, як лекаваць майго прапойцу. Пабажылася я даць сала, ды і да сала яшчэ тое-сёе, абы адпрэчыць Сяргея ад пякучай атруты. Цыганка мне і параіла вось што, я нават запісала. (Таццяна пакорпалася ў кішэні квяцістага байкавага халата і выцягнула адтуль мятую па-перчыну.) Слухай, чытаю. Значыць так: бярэш паўлітроўку першаку, ловіш маладога шчупака і жыўцом запіхваеш у слоік з самагонкай. Моцна закрываеш накрыўкай і тры дні вытрымліваеш у цёмным месцы. А на чацвёрты, працадзіўшы, даеш апахмяліцца мужу. Вось і ўся навука. Цыганка паклялася, што гэтае зелле адаб’е ўсякую ахвоту да любога спіртнога, нават да піва ніколі не дакранецца.
Я вось і прыйшла з табою, Марыначка, параіцца, а што, калі мы зробім гэта разам? Ты — свайму Сцяпану, а я — Сяргею. Не можа быць, каб такі кусман сала дарма аддала. Хоць забі мяне, а веру я той цыганцы. Яна свой век пражыла, перад сконам грэх хлусні на душу браць не будзе. Га?(У глыбіні Марыніных вачэй заблішчала іскарка надзеі. Трапяткая і нецярплівая.) Давай, суседачка, паспрабуем. А раптам… У мяне і пяршак прыхаваны. Вось толькі дзе ўзяць жывых шчупакоў?
— Мальцоў папросім. Цукерак паўкіло купім, дык яны у момант з рэчкі прынясуць. Ну хоць бы і Салошыных. Сёння перагавару з дзецьмі.
Рудзька выключыў магнітафон, захмялела гагатнуў, выцершы губы рукою.
— Каб ты паглядзеў, у які запой бацька і сусед Сяргей пайшлі пасля лекавання! 3 тыдзень не прасыхалі. Скажу табе, што здароўе ў майго старога яшчэ жалезнае. Я б і то не вытрымаў, а бацьку да лямпачкі. Матка цыганку-манюку пракляла і на суседку надзьмулася, быццам тая ўва ўсім вінаватая. Ніяк не магла супакоіцца, што сваімі рукамі старога ў запой піхнула і шчупака сапсавала, а не засмажыла. I ўсё бедавала ды прыгаворвала: «Трэба ж так купіцца на цыганскую хлусню! Век пражыла, а розуму менш чым у дваровай курыцы. I мужыка спаіла, і кілаграмовага шчупака згнаіла».
Я, Пятрок, часцяком люблю запісваць незаўважна для маці яе гаману. Іншым разам, калі пацапаюся з Нінкай ці засмыліць паехаць да старых, у іх цяперашнюю вёску, а не выпадае, то ўключаю магнітафон, слухаю і сэрцам дабрэю, адыходзіць у нікуды нікчэмнасць клопатаў, разумею ўсю іх мізэрнасць. Па-новаму, я б сказаў, глыбока, са спрадвечнай вясковай філасофіяй гляджу на жыццёвыя пературбацыі. Во як, брат.