Выбрать главу

Пятрок спахмурнеў. На душы зрабілася невыносна балюча. Здавалася, што нехта нябачны загнаў у грудзі халодны, прыхоплены інеем-замаразкам, цвік. I ўсё глыбей працінаецца цвік між рэбраў, падбіраецца да сэрца. «Не ад выпітага баліць, не ад выпітага,— паўтараў сабе Вайдзін,— гэта ўспаміны вярэдзяць усярэдзіне. Не згасае і іскарка далёкага, таго, чаго ўжо ніколі не вернеш. Няма той сілы, каб павярнуць час назад… Асінаўка… Трыццаць дворышчаў. А вось і яго хата. Карнявішча Найдзіных. Векавы сад. Яго прадзед Пракоп яшчэ закладваў. Дзве куцыя вуліцы. Вуркатлівы калодзеж-журавель з цэбрам. Сотня крокаў за вароты і — лес-кармілец. Ягады, грыбы, бярозавы сок. Па пыльнай дарозе, што прысак, няспешна цягнецца статак кароў. Пахне сырадоем і расою. Вечарэе. Россыпы зорак, як густа сыпанутае рукою проса, усцілаюць неба. Надыходзіць той час, калі ўва ўсім яшчэ цепліцца лета, але і восень неадступна падбіраецца. Яна ўжо адчуваецца паўсюдна: у жаўтлявых там-сям лістах на бярэзніку, у паніклым небе і цяжкаватых хмарах, якія праз тыдзень-два набрыняюць шызаватай смугою, у травах, якія высахлі на корані і згубілі ўжо ранейшую сакавітасць. У прыродзе яўна бачыцца памежнасць: рысачка лета яшчэ засталася, але на яе насоўваецца, наплывае сваёй урадлівасцю восень. I ў гэтым няма аніякага дзіва. Так спрадвеку, з году ў год. Але цяпер ужо не для Асінаўкі. Спіць нябожчыца вёска пад глыбамі зямлі. Спачывае… Трухлее і тлее, як жывы арганізм. Дачасна. 3-за бяды. Чарнобыль».

— Не спі, братка,— замерзнеш.— Рудзька штурхануў сябрука.— Захмялеў дужа, ці што?

— Ды не. Слухаў голас цёткі Марыны і прыгадаў нашу Асінаўку, аж дыханне перахапіла. Так яскрава ўбачыў, быццам купалам агарнуў і двары і сцежкі, і агароды, і лес. Дужа балюча, Рудзь.

— Сентыментальны. Глухаманню беспрасветнай была наша Асінаўка. Жылі як на востраве. Чаго там шкадаваць? Пасля Чарнобылю людзі хоць свет пабачаць, па асфальце паходзяць, у ваннах пад гарачай вадой паплёскаюцца. А то ўсё чорныя лазні ды парэпаныя рукі ад зямлі.

— А чаго ж твае не захацелі ў горад — да цёплых кватэр і тратуараў? Выбралі вёску.

— Дурныя,— буркнуў Рудзька,— У брудзе нарадзіліся, у ім жа і памруць.

— Цюхцяй ты, Ганьчын, і цынік.

— Няхай. У іх, нашых бацькоў, сваё жыццё, ў нас сваё. Чаго ты па пустым галосіш ды енчыш? Стаяла б тая Асінаўка ці не, а ўсё роўна ж мы б паўцякалі ў горад. Што, я не правы?

— Як паглядзець.

— Ды не траві ты мульку! Не гавары абы-чаго. Пераносіць не магу, калі людзі скуголяць для прыгожага слоўца. Самаачышчэння шукаюць. Усе мы аднолькавыя. Памятаеш казанне, што рыбіна шукае, дзе глыбей, а чалавек — дзе лацвей?

— Душа ў цябе, Рудзька, пустая, нікчэмная.

— Куды мне да вас, таварыш інтэлігент.

Пятрок зірнуў на сябра, баючыся, каб той не пакрыўдзіўся. Ведаў яго наравісты характар, успыльчывасць. Але Рудзька ўсміхаўся. Ягоныя арэхавыя вочы праменілі святло і цеплыню,

— Дудук, ты здзекуешся з мяне! — пагрозліва выдыхнуў Найдзін.

— А то.

— Не навучуся разбірацца, калі шуткуеш, а калі гаворыш сур’ёзна.

— Часцей з Кацькай у госці запрашайце.

— Ты і так нярэдкі ў нас.

— I мне часцяком сніцца Асінаўка,— Рудзька разліў па чарках.— Толькі хто гэта зразумее, каму раскажаш? Вярэдзіш сам сабе душу і ўсё. 3 табою вось успомніць можам, таму што разумеем адзін аднаго і памятаем наша дзяцінства, мінулае. А паспрабуй нешта сказаць пра родны куток маёй Нінцы. Грэбліва ўсміхнецца і скажа: «Дзярэўня, завяжы шнуркі на гумовіках». Вось так яно, браток. Трэба жыць будучым, а не мінулым. Давай па гэтай чарцы шмарганём і прагуляемся. Няхай галава крыху выветрыцца. Да вечара яшчэ далекавата, а прыцемкам козак на машыне здымем.

— Каму што, а папу кадзіла.

— Не баіся, скрамняга, Кацька не ўведае.

***

Таццяна ўжо чакала, калі Кацярына падышла да ўмоўленага месца сустрэчы. Хоць і выхадны дзень, але тут, на «Кастрычніцкай», было шматлюдна, як і па буднях. За вынаснымі столікамі пад рознакаляровымі тэнтамі-грыбкамі вулічных кавярань бавіла час моладзь за кубачкам кавы ці бутэлькай піва. Народ радаваўся цёпламу дню, бязветрыцы і вольнаму часу. 3 расчыненых дзвярэй «Макдональдса» цягнула пахамі чысбургераў, смажанай бульбы і саладкаватых дэсертаў. Еўропа.