— Прывітанне, сяброўка, даўно чакаеш?
— Хвілін пяць.
— О! Прабач, Таццяна. Транспарт падвёў.
— Нічога. Я паспела якраз марожанае з’есці. А то прыйшлося б з табою ячшэ дзяліцца.
— Ты ў сваім амплуа.
— На гэтым і стаю,— Таццяна шчоўкнула абцасікам.
— Дзякуй, што выцягнула з хаты. Пятрок з‘ехаў да сябра, а мяне нудота агарнула, успаміны ў галаву роем палезлі.
— Старэеш, дзяўчынка.
— Так ужо і старэю? Мне б пярэднія зубы даставіць і на ўсе шаснаццаць пацягну.
— Не гняві Бога. Няхай свае служаць.
— Якая ў нас сёння праграма?
— Спачатку піўком пабалуемся. Я тут бачыла піцерскае. А пасля пройдзем да вуліцы Казлова, сядзем у метро — і ў Батанічны сад. Далей ад тлуму гарадскога. Там райскі вугалок. Пасля вясны ні разу і не заскочыла туды. Як ты? Згодна?
— А чаму б і не? Займай месца, а я — за півам.— Кацярына расшпіліла зашчоўку сумачкі, зазірнула.— У цябе цыгарэты ёсць?
— Пару штук.
— Вазьму па пачцы. «L&М» пойдзе?
— Тое, што доктар прапісаў.
— Пра гэта нікому,— нахілілася Кацярына над вухам Таццяны.— А то паўгорада рынецца да мяне ў паліклініку за рэцэптамі.
— Ігрывы сёння ў нас настрой, сяброўка.
— Сонца ж навокал, золата каштанавых лісцяў, і мы свабодныя, без прыгляду-нагляду, як белапарусныя яхты ў адкрытым сінім моры.
Таццяна села за незаняты столік, а Лазебная прыладкавалася ў даўгаватым хвасце чаргі за пляшачным піцерскім півам. Апошнім часам беларусы, як запраўскія бюргеры, раскаштавалі гэты напой. «Новае пакаленне выбірае піва! «Спрайт» — для чахотачных. Вось гэта рэклама! Журналістка ўва мне яшчэ не памерла».
Дзяўчаткі моўчкі прыгубілі піва з бутэлек. Цяпер вельмі ж модна стала піць з рыльца. Маўляў, чым мы горшыя за амераканцаў ці тых жа немцаў або французаў. Мода модай, ды паціху яна стала ўжо звычкай беларускіх гарадчукоў. А раней жа, гадоў дваццаць таму, піць з рыльца віно альбо піва лічылася вялікай заганай, на гэта мелі права толькі закончаныя выпівохі. Чалавек, які лічыў сябе інтэлігентам, абавязкова патрабаваў шклянку. Як тут не прыгадаць славутае выказванне «Усё цячэ, усё змяняецца».
Піва і цыгарэты — неад’емныя атрыбуты сённяшняй моладзі. Добра гэта ці не — вырашаць кожнаму паасобку. Сам-насам.
Таццяна першая распачала пачак «Bonda».
— Бяры, сяброўка. А мо ты ўжо кінула?
Кацярына грэбліва скрывілася, уздыхнула:
— Да гэтай заразы толькі варта прывыкнуць, а ўжо кінуць фактычна немагчыма. Гавару табе як урач. Колькі разоў спрабавала «завязаць» з цыгарэтамі. Нават збілася з ліку. Праз фортку пачку выкідвала. Думала — усё! Няўжо я такая бязвольная? Праходзіла гадзіна — і я ўжо бегла ў краму, каб купіць новы пачак. Пры гэтым адчувала сябе як пабіты сабака. Сорам засціў вочы, а прывычка стала мацнейшая.
Кацярына ўзяла цыгарэту. Таццяна шчоўкнула запальнічкай. Дзяўчаты па-заліхвацку зацягнуліся. Колцы дыму павіслі над іх галовамі пад кафэшным грыбком.
— Паўсюль жа зараз рэкламуюць кадзіроўку ад курэння, алкагалізму, лішняй вагі. Кожная газета такімі аб’явамі зіхаціць, тэлебачанне падахвочвае. Табе, як урачысе, па знаёмстве і скідка была б. — Таццяна кінула вачыма на сяброўку.— Я паглядзела б, што атрымаецца ў цябе і мо сама задахвоцілася. Папрасілася б закадзіравацца. Ты б мне і паспрыяла.
Кацярына адпіла з бутэлькі. Ёрзнула ў пластмасавым крэсельцы. А пасля ўжо глыбакадумна, як прафесар студэнцы, што пераздае іспыт, пачала тлумачыць:
— Вы, шаноўная, без цара ў галаве. Пра што толькі гаворыце! Пакуль яшчэ цяжка ўявіць, у што выльюцца ўсе гэтыя кадзіроўкі. Міне некалькі гадоў, а можа, і дзясяткаў годзікаў, пакуль тое адгукнецца. Добра, калі на саміх закадзіраваных, жахлівей жа будзе, калі адгалосак кадзіроўкі агукнецца на нашчадках. Народ замбіраваны, страшна замбіраваны. Ты, Таццяна, сама добра ведаеш, што чалавечы мозг не вывучаны на сотую долю. Пра гэта шмат разоў гаварыла сусветна вядомая Бехцерава, адзін з вядучых спецыялістаў па даследаванні мозга. А што такое чалавечая псіхіка? Маўчыш. У тым вось і праблема. Тут любое пабочнае ўмяшальніцтва можа выбухнуць Везувіем, калі не будзе ніякай ужо рады дапамагчы чалавецтву. Усе гэтыя кадзіроўкі, мне здаецца, маюць адзін накірунак — знішчэнне ў чалавеку чалавечага, замена спрадвечных каштоўнасцей на сурагат. Быццам нехта нябачны імкнецца з нас зрабіць бяздушныя машыны, якія лёгка падпарадкоўваюцца ўмелай руцэ. Не ад Бога гэта, павер мне, а ад нячыстай сілы сыходзіць. 3 часам спахопімся, ды будзе позна. Ой, як позна, дзеванька.
— Не палохай мяне,— насупілася Таццяна.— Урачыха, а ўсё туды ж — Бог ды д’ябал. Няма ў тваіх меркаваннях залатой сярэдзіны. I так нялёгка жывецца. Ты ўсялі ў мяне веру.— На ніжніх вейках Таццяніных вачэй заблішчэлі слёзы.— Я хворая тым, што нічога не хачу, дарагая сяброўка. Не хачу паўтонаў. Душа патрабуе жыцця напоўніцу, каб сэрца перапаўнялася радасцю, клекатала ў грудзях, а не капцела сырой лучынаю.