Я ўсвядоміў сябе на лесвіцы паміж чацвёртым і пятым паверхамі. Адрозна ад Гатэля, нічога невытлумачальнага тут не прычынілася, і люк выпусціў мяне з пятага паверха на бязлюдны дах. Чародка сонных ластавак неахвотна знялася з бліжэйшых антэнаў і адляцела далей.
Адно цяпер я заўважыў, што на нагах няма абутку. Дах ужо дыхаў восеньскім халадком, ды на другім коле ступакі сагрэліся і пакідалі руберойду цёплыя сляды. Ноч была зорнай, але бязмесяцавай, і зарэчная вёска адступіла ў цемрыва. Праз колькі колаў я апусціў павекі і даволі доўга, час ад часу мяняючы кірунак, рухаўся наўслеп. Потым, не спыняючыся, агледзеўся. Са стрэшак калодзежаў на чужаніцу ўражана і са шкадаваннем пазіралі ластаўкі. Але, наразаючы кола за колам, я не губляў надзеі. І тады, калі падступілася паняверка, паветра ледзь улоўна затрымцела і пачулася ціхуткая песня выпушчанай аднекуль стралы…
Цяпер я нарэшце не проста рухаўся, а — танчыў і ў нейкую хвілю адчуў: трэба зноў замружыцца і развесці рукі. Дакладней, не адчуў — пра гэта паведамілі ластаўкі, што наогул пакінулі дах з лёгкім ветрыкам, які не знік разам з іхнім адлётам. Яшчэ тры колы, сказаў я сабе, яшчэ тры…
І тут — здзейснілася! Кончыкі пальцаў адчулі лёгкае паколванне невідочных танюткіх іголачак. Ад разгубленасці, баючыся падману пачуццяў, я спачатку запаволіў тэмп, потым паскорыў яго, але іголачкі не знікалі, і ў маёй правай руцэ… У маёй правай руцэ з’явіліся кароткія, гладкія й цёплыя пальчыкі, што нельга было зблытаць ні з якімі іншымі. Я трошкі сціснуў іх, і яны выразна азваліся. Тым часам левая рука радасна страпянулася, сустрэўшы незабытую шурпатую і моцную руку Настаўніка. Я чакаў, каб аб ногі пацёрлася Котка, ды нашая чацвераногая танцорка не адгукалася.
Мы танчылі ўтраіх, затым я — так, як некалі даўно, на Гатэлі, калі мы мяняліся месцамі — па-ранейшаму з заплюшчанымі вачыма асцярожна вызваліў рукі, зрабіў крок наперад і развярнуўся. Мае распыленыя рукі чакалі дзвюх новых сустрэч, аднак дзівосы скончыліся. Нас заставалася трое: рука Настаўніка шурпаціла маю правую руку, а ручка Гімнасткі лашчыла левую.
Надышоў момант, у які музыка калісьці загадвала нам абняцца ў танцы за плечы, але я баяўся адпускаць іхнія рукі, каб не страціць тое вернутае адчуванне суладнасці, і мы танчылі да пошуму ластаўчыных крылаў, які абвясціў, што ўсё сканчваецца. Спачатку прысутнасць дарагіх мне рук пачала слабець і ператварылася ў лёгкі эфірны дотык, які, у сваю чаргу, стаўся паколваннем у кончыках пальцаў. Не чакаючы, пакуль ён знікне, я спыніўся і ўзняў рукі ў неба.
Прачнуўшыся і згатаваўшы сабе заўсёдную чорную, быццам дзёгаць, кенійскую гарбату, якую можна піць толькі з малаком, я паспрабаваў асэнсаваць падзеі мінулае ночы.
Чаму нас танчыла ўсяго трое? Няўжо гэта азначае, што астатніх няма на свеце? Я не гатовы быў пагадзіцца, што няма нават Коткі, хоць ёй, паводле чалавечых мерак, і было б далёка за сто гадоў. Не хацелася думаць, колькі цяпер астатнім танцоркам з нашага брацтва, ды, выглядала, іхні век, калі не прычынілася чаго благога, не павінен быў скончыцца, і мы ўсе маглі б, як і даўней, дарыць адно аднаму непараўнальную ні з чым радасць. Радасць, якую нам дадзена адчуваць не таму, што мы яе заслужылі, а — дзеля таго, каб ведаць: на свеце існуе, апрача нечалавечай самоты, і ўсёабдымная чалавечая еднасць, няхай вас усяго пяцёра і Котка.
Усе — і Кіяскёрка, і Залацістая Эфа, і нават Котка — павінны вярнуцца, пагатоў я ўжо меў канал сувязі з часам, у які мы, прынамсі некаторыя з нас, яшчэ пачуваліся неўміручымі.
У наступнае лета мы пачалі танчыць на беразе вадасховішча, на даху закінутай будыніны, якая нечым нагадвала Гатэль. Вакол яе таксама цягнуўся плот, але адарваных дошак ён меў значна болей, чым ацалелых, і ў ліпені праз іх было відаць, як па той бок згароды малінавымі «шышкамі» зацвітае скрыпень.
Мы зноў дзялілі дах з ластаўкамі, і, калі не лічыць іх, некалькі гадоў нас, танцораў, так і заставалася трое. Пачуццё нейкай вінаватасці перад астатнімі трыма паспела загаіцца. Знікненне Эфы з Кіяскёркаю і Коткай так і засталося без тлумачэння. Бывала, уяўлялася, што там, у нашым горадзе, на адлегласці начнога цягніка, яны, як і мы, у тыя самыя ночы выходзяць на дах і танчаць, бяруць Котку на рукі і плечы, а калі гучыць фінал санаты, іх рукі ўзлятаюць да птушак і зор. І, магчыма, яны гэтаксама думаюць пра тое, што прычынілася з намі, і ўрэшце робяць выснову: усё надзіва проста: яны засталіся, а мы з’ехалі, але калі-небудзь вернемся…