Я танчу ў памяць пра Паэта, які аднойчы прачытаў мне верш і даказаў: паэзія здольная ўплываць на жыццё. І ў памяць пра карузліка, нават калі ён жывы, хоць я чуў, што ён памёр ад тугі па Паэце.
Я танчу ў памяць пра сябе, бо прыйдзе ноч, калі я пачну пашыраць кола свайго танца, пакуль яно не кранецца бездані і дах зноў будзе паўнаўладна належаць толькі ластаўкам, якія пачнуць забываць чалавека, што калісьці без дазволу ступіў на іх тэрыторыю, хоць і з павагаю зняў абутак.
Магчыма, у тую ноч дах тонка запахне аерам, і ногі спачатку будуць асцярожна, каб не паслізнуцца, ступаць па ягоных свежых халаднаватых сцяблінах.
Магчыма…
Але пакуль… Пакуль — я танчу.
25 жніўня 2015 г.
ЧОРНЫ ЧАЛАВЕК НА ЗЯЛЁНАЙ КАНАПЕ
Вы, пэўна ж, чулі выслоўе: Habent sua fata libelli, а ў перакладзе з лаціны — Кнігі маюць свой лёс… Яно належыць сучасніку Марка Аўрэлія, старажытнарымскаму граматыку Тэрэнцыяну Маўру і насамрэч мае ці то свядома — калі казаць пра саміх аўтараў кніг, — ці то проста, праз адвечную чалавечую ляноту, прызабыты і амаль згублены ў стагоддзях працяг: адпаведна таму, як іх прымае чытач.
Колькі гадоў таму я прыехаў у родны горад, каб нарэшце напісаць аповесць, якая нібыта даўно выспела і прасілася на волю, але класціся на паперу ў сталіцы — з самых розных, як уяўлялася, неістотных прычын кшталту позняй вясны, лёгкага абвастрэння піеланефрыту або дажджлівага чэрвеня — катэгарычна адмаўлялася. Калі ўжо тут прагучала метафара спеласці, можна сказаць, што яна, яшчэ не перакладзеная на словы аповесць, сапраўды нагадвала спакуслівы, залацістабокі, з румянцам яблык, якому, тым не менш, хочацца даць трошкі часу, каб ён за пару пагодлівых дзён стаўся наліўным і паказаў бы ў глыбіні жывога светлага бурштыну цёмныя кропелькі зярнятак, дзе запісаныя таемныя сэнсы, датычныя і гэтага плода, і яблыні, і цэлага саду.
У выніку было вырашана — пагатоў на небе нарэшце трывала атабарылася сонца — скарыстацца ад’ездам сястры ў адпачынак і, як ужо не раз бывала, ператварыць у кабінет адзін з пакояў ейнай вялікай чатырохпакаёвай кватэры, што засталася нам у спадчыну ад бацькоў на трэцім паверсе пяціпавярховіка з зацішным зялёным дваром, спакой якога, праўда, цяпер парушала аўтапаркоўка каля суседняга гатэля.
Дом з аднаго боку стаіць блізка ад Дзвіны, а з другога — ад ляснога возера. Такім чынам, у перапынках паміж працай я мог не толькі выпраўляцца на бястлумную праходку, але і дасхочу плаваць, выбіраючы, залежна ад настрою, раку з моцнай пругкаю плынню ці азёрны спакой у атачэнні ялін і хвояў.
Першы ж дзень на самоце засведчыў, што інтуіцыя не падманула: увечары паўтузіна спісаных і скрэмзаных старонак легла са стала на падваконне. Тут трэба патлумачыць, што я здавён старамодна пішу пачатковы варыянт ад рукі асадкай і адно потым прысаджваюся да камп’ютэра.
Мой светлы драўляны стол месціўся пры вакне ў таксама светлым сонечным пакоі, куды трапляеш з доўгага і прасторнага калідора, што адначасова служыць і вітальняй. Злева ад стала роўнядзь зеленаватай сцяны займаюць ясеневыя кніжныя шафы з некалькімі паліцамі нашых з сястрою дзіцячых кніг, што робіць пакой асабліва прытульным.
Калі сядаеш за стол, за спінай апынаецца зялёная велюравая канапа з трыма падушкамі. Туды, на канапу, падчас маіх прыездаў звычайна перасялялася сястра, саступаючы мне шырокі ложак у колішняй бацькоўскай спальні, што ў канцы калідора направа.
Тэрэнцыян Маўр, а разам з ім і вядомы афарызм засталіся ў гісторыі дзякуючы вершаванаму трактату «Пра літары, склады, і метры Гарацыя». Імя аўтара сведчыць пра паходжанне з рымскай правінцыі Маўрытаніі, абшар якой сённяшнія навукоўцы называюць краінамі Вялікага Магрыбу. Іначай кажучы, Тэрэнцыян быў цемнаскурым маўрам, або, па-нашаму, мурынам.
Кожны літаратар ведае: сумовіцца з аркушам паперы, што палохае цнатлівай нерушшу, або з маніторам камп’ютэра, які асабіста мяне напачатку злёгку жахае, бо, дзякуючы вочку відэакамеры, падаецца амаль жывой істотай, — занятак не з самых лёгкіх. Таму, сказаўшы, што працаваў з насалодаю і не зважаў на гадзіннік, я апынуўся б далекавата ад ісціны. Я не забыўся ні разагрэць пакінуты сястрой на першы выпадак абед, ні спусціцца да паштовай скрыні, ні — дзеля моцнай чорнай гарбаты з цытрынай, мёдам і тэленавінамі на канале Euronews — патануць тры разы ў сваім улюбёным скураным фатэлі ў гасцёўні.