Але тое, што адзін з калег называў неспадзяванкаю душы, а другі — больш квяціста і нясціпла — пошумам анёльскіх крылаў, усё ж здарылася.
Пасля гарбаты а пятай адчуванне часу неўпрыкмет знікла. Нягледзячы на цудоўнае надвор’е і падрыхтаваныя ручнік з плаўкамі, я забыўся і пра паход на Дзвіну або на возера, і пра вячэру, на якую сястра пакінула, відаць, з намёкам — маўляў, не размаўляй, а пішы, — вараны цялячы язык.
Не буду ідэалізаваць сябе: пра вячэру я ўспомніў. Адчувалася, што яшчэ здатны з разгону напісаць старонку-паўтары новага раздзела, якія ўжо бачыў перад сабой, прычым менавіта так — старонку і ладны хвост на наступнай, — ды абмежаваўся тым, што зрабіў накід з падкрэсленымі словамі-ключыкамі, якія заўтра мусілі адамкнуць цэлыя абзацы.
Прыстоіўшы каля кніжных шафаў, я з удзячнасцю правёў рукой па карэньчыках выданняў на трох верхніх паліцах, дзе заслужана адпачывала чытанае-перачытанае ў дзяцінстве. Пальцы прайшліся па ружовых тамах Вальтэра Скота і блакітных Аляксандра Грына, затрымаліся на чорных, як і належыць, томіках Эдгара По…
У зборы твораў Фенімора Купера адной малахітавай кнігі не хапала: яе нахабна, ледзьве не на вачах, сцягнуў некалі, схаваўшы за пазуху, мой аднакласнік, апантаны гульнямі ў індзейцаў, сярод якіх ён зваўся братам Вялікае Вуха. Аднакласнік даўно жыў у Амерыцы і трымаў недзе на мяжы з Канадаю рэстаран. Магчыма, усміхнуўся я, такому лёсу паспрыяў якраз скрадзены том, і купераўскія матывы гучаць у інтэр’еры ягонай харчова-пітной установы. Мо і сама тая кніга знайшла пачэснае месца паміж аўтэнтычнымі тамагаўкамі і, трэба спадзявацца, несапраўднымі скальпамі бледнатварых ворагаў. Цікава, які ў Вялікага Вуха спіс страваў? Ці знойдзецца штосьці з таго, чым кармілі нас маці ў маленстве? Напрыклад, класічны прыдзвінскі дэсерт — халодная вараная бульба з бруснічным сочывам?
Урэшце думкі пра ежу скіравалі мяне на кухню, уваход у якую знаходзіўся цераз калідор і трохі наўскос ад кабінета. За вакном апусцілася на горад мяккае і ўтульнае ліпеньскае сутонне, і па двары, павольна запаўняючы сабою ўсе закуткі, плыла ціша. У абладзе ціхай радасці ад таго, што ведаю, як узяцца за тэкст заўтра, я меўся аздобіць вячэру параю келіхаў прывезенага з сабой чылійскага шыразу.
Там, на кухні, разглядваючы вінную этыкетку, я і адчуў, што ў кватэры прысутны хтосьці яшчэ. Раптоўнае адкрыццё змусіла перахапіць неадкаркаваную пляшку за рыльца. Пасля кароткага роздуму я перакінуў гэтую зброю ў левую руку, у правай сціснуў самы вялікі кухонны нож і асцярожна ступіў у калідор.
Першае павярхоўнае абследаванне кватэры не прынесла ніякіх вынікаў. Надзейныя дубальтовыя дзверы на лесвічную пляцоўку былі на моцнай металёвай засаўцы. Пластыкавыя вокны прачыненыя зверху, і ў іх, апрача мух і камароў, маглі заляцець хіба што матылёк і, пры моцнай ахвоце, верабей.
Але адчуванне чужой прысутнасці не пакідала, а рабілася мацнейшым. Яно прымусіла рассунуць у спальні дзверцы шафы-купэ і перабраць вешакі з сестрынымі сукенкамі, каб упэўніцца, што за імі або ў іх саміх ніхто не затаіўся. Зазірнуўшы дзеля прыліку пад ложак і напалохаўшы порсткага павучка, я з парога зноў уважліва абвёў позіркам гасцёўню. Упэўніўся, што нікога няма ні ў кабінеце, ні ў маленькім пакоі паміж спальняй і кухняй, які некалі служыў у бацькоў спальняю для гасцей. У вітальні я падміргну ў расхваляванаму чалавеку ў вялікім авальным люстры. Чалавек з люстра міргнуў у адказ, тым самым сведчачы, што з ягонай прасторы ў маю ніхто пакуль што не патрапіў. Праінспектаваўшы прыбіральню з лазенкай, я вярнуўся да круглага кухоннага стала і ўсё ж вырашыў — перадусім дзеля супакаення — выпіць віна. Перапрацаваўся, — паспрабаваў я ўголас растлумачыць свой стан, ды атрымалася зусім непераканаўча.
Корак з пляшкі выйшаў так звонка, нібы шніпар быў у руках у некага іншага. Нервы… Яно, можа, і не дзіва, калі ўзяць пад увагу, што ты пішаш.
Мая аповесць, умоўна кажучы, прысвячалася самнамбулам. Спярша гэта былі трое дарослых — Настаўнік, Залаціставалосая і Кіяскёрка, а таксама двое падлеткаў — Гімнастка-васьмікласніца і крыху старэйшы за яе хлапчук, ад імя якога і распавядалася тая гісторыя. Ён быў адзіны, хто, прачнуўшыся, усё памятаў, таму што раней бачыў адбытае і на яве.
Самнамбулы збіраліся з розных канцоў горада на даху недабудаванага закінутага гатэля і танчылі пад зоркамі, каб пасталець, згубіцца ў вялікім свеце і зноў — каму пашанцуе — сустрэцца ў маўклівым паўночным танцы ў памяць пра тых, хто танчыць на дахах ужо ў тагасветных гарадах. Разам з людзьмі ад самага пачатку танчыла Котка — нібыта звычайная трохколерная бела-чорна-рудая рыска, аднак з дзівосна доўгім хвастом, які, перакінуты на спінку, даставаў да вушак. Потым у аповесці павінны былі з’явіцца яшчэ два нешараговыя персанажы — Паэт і карузлік.