Пасля пахавання мамы сястра штоночы прачыналася роўна ў дваццаць хвілін на трэцюю ад таго, што адчувала несумнеўнае маміна з’яўленне. Яна тады спала ў маім цяперашнім кабінеце, бо мама прамовіла апошнія словы якраз там, дзе я зараз варочаўся з боку на бок, страціўшы ўсякі спадзеў знайсці зручнае месца. У сваю сённяшнюю спальню сястра перасялілася толькі пасля ўгодкаў мамінай смерці.
Мама заўсёды вярталася сюды, у пакой, дзе развіталася з намі, затым, паводле слоў сястры, выходзіла ў гасцёўню і доўга стаяла там каля вакна, гледзячы ў яго праз свае акуляры з чарапахавай аправай, ды ніколі не пераступала парогу вітальні.
Першыя дні сястра баялася, а потым прывыкла, аднак да трэцяе гадзіны ночы — пакуль мама не развітвалася з роднымі сценамі — ляжала без сну. Але ў адну з начэй не прачнулася, і мама з яе паслясмерця больш ніколі не завітвала.
З візітамі мамы было збольшага зразумела. Яна, пакуль канчаткова не знайшла сабе месца ў новых, таемных для нас сферах, прыходзіла дамоў. Адкуль жа і чаму акурат у нашай кватэры з’явіўся Чорны чалавек? Што ў яго за мэты? З якой такой прычыны ён абраў менавіта кабінет? З сумам падумалася, што мара вярнуцца дахаты з новай аповесцю мае высокія шанцы пайсці дымам.
Трэба было неяк датрываць да раніцы. Мой лёгкі хмельны кураж тым часам стаўся ўспамінам, але задача выглядала цалкам рэальнай, паколькі Чорны чалавек не дэманстраваў варожых намераў.
Я падняўся і выйшаў у калідор. Зачыніў дзверы ў гасцёўню, зрабіў тое самае з усімі астатнімі, акрамя дзвярэй кабінета і кухні, да якіх не рызыкнуў набліжацца. Пасля, зачыніўшыся ў спальні, разаслаў ложак, разнасцежыў вакно, што выходзіла на паркоўку пры гатэлі, і лёг. Позняй парою паркоўка, на жаль, азвалася не ўтульнымі зямнымі гукамі, якіх прагла знерваваная душа, а густой глыбокай цішынёю.
Каб заснуць, я паспрабаваў вынайдзены ў гады студэнцтва досыць дзейсны спосаб: у адваротным парадку, ад апошняга да першага, згадваць імёны нашых вялікіх князёў і каралёў. Звычайна ўжо недзе на сярэдзіне, прыкладна на Жыгімонце Аўгусце або на ягоным бацьку Жыгімонце Старым, жанатым з італійкаю Бонай Сфорца, думкі пачыналі блытацца ў прадчуванні блізкай дрымоты, і астатнія манархі маглі адно прысніца. Гэтым разам мае намаганні скончыліся тунна. Аўгусцейшыя асобы, пакінуўшы старадаўнія партрэты і няроўна пашыхтаваўшыся, кпліва зіркалі на бяссонніка, а Бона з нялюбай нявесткаю Барбарай Радзівіл нечакана аб’ядналіся ў непрыхавана здзеклівым смеху.
Дапамога з’явілася, адкуль я яе не чакаў. У начной вусцішы натхнёна зазвінеў і спікіраваў на мяне камар. Ён падаўся стварэннем бясконца зямным, блізкім і родным. Беспаспяховае, але шчаслівае змаганне з камаром і дазволіла заснуць.
Я не назваў бы сон спакойным і ціхамірным. У ім мроілася, што я ўскокваю ад рыпення дзвярэй і вачам адкрываецца іхні пусты прахон, які, між тым, зусім не пусты. Па-сапраўднаму глыбока заснуць удалося тады, калі ў вакно разам з радасным званком самага ранняга трамвая нарэшце зазірнуў світанак.
Раніца падаравала развітанне з тэатрам сціхотных ценяў. Дапамог і кароткі начны дождж, што пакінуў мокрыя газоны ды лужынкі на падсохлым асфальце, якія павінны былі вось-вось дазвання знікнуць разам з рэшткамі трывогі. Яшчэ лежачы ў ложку, я мог бы прысягнуць, што больш у кватэры нікога няма.
Паснедаўшы аўсянкай, я з кубкам гарбаты і сліўкай у шакаладзе за шчакой смела зайшоў у кабінет. На сонечнай стальніцы, як і на зялёнай канапе, нічога — калі не лічыць, што разрадзіўся сотавы тэлефон, — не перайначылася. Акурат затэлефанавала з санаторыя сястра. Мы паразмаўлялі на звычайныя ў такіх выпадках тэмы, і я лёгка развітаўся з прамільгнулым жаданнем запытацца штосьці накшталт: Ці не заўважала ты калі-небудзь у пакоі з кнігамі нечага дзіўнаватага?
Словы-ключыкі пачалі пераўвасабляцца ў сказы і абзацы раней, чым я сеў за стол. Начныя прыгоды надзіва не заміналі, а — прынамсі, хацелася так думаць — абвастрыўшы пачуцці, спрыялі руцэ з асадкай. Нечаканы візітант цяпер успрымаўся чымсьці сугучным маім таксама начным героям, маленькая сябрына якіх удзень распадалася на незнаёмых між сабою чужых людзей.
Нядаўняя прысутнасць Чорнага чалавека ніяк не адчувалася ці, можа, выявілася адно ў тым, што я зноў, ды ўжо асэнсавана, не пайшоў купацца. Урупіўшыся ў тэкст, проста забыўся на начнога госця, але, калі за вакном зашарэла, у душы зварухнуўся неспакой. Чорны чалавек зараз не выглядаў плёнам гульні ўяўлення, якое ўчора на знак падзякі ці пакарання за нешта намалявала тую невераемна жывую карціну — ажно да адметна загнутых мыскоў блазенскіх пантофляў.