І надышоў момант, калі ўва мне прагучаў выразны загад ставіць на сёння кропку, іначай у кабінеце можа зрабіцца зацесна. Без панікі адступаючы на кухню, я не забыў прыхапіць мабілку, халаднаватая пластыкавая рыбінка якой прыкметна дадавала ўпэўненасці.
Чорны чалавек з’явіўся той самай парою. Праўда, цяпер ён сядзеў на канапе не закінуўшы нага на нагу, а роўна, з пакладзенымі на калені рукамі. Яго сур’ёзная і ў адначас мірная пастава спадабалася мне значна болей, хоць, зрэшты, што тут магло асабліва падабацца?
Удзень я з дому не выходзіў, таму вячэра была падобнай да ўчорашняй як дзве кроплі вады. Праўдзівей — не вады, а віна, бо разам з рэшткамі халоднага языка чакаў недапіты шыраз. Зрабілася ясна як божы дзень, што Чорны чалавек — наведнік невыпадковы і датычна яго трэба выбудаваць адпаведную лінію паводзін. Няхай, вырашыў я, гэта будзе палітыка асцярожнага нейтралітэту з магчымымі дыпламатычнымі кантактамі.
Калі б Чорны чалавек паседжваў на канапе раней, сястра неадменна б папярэдзіла мяне і без лішніх роспытаў. Адсюль вынікала, што ягонае з’яўленне звязанае якраз з маім прыездам і, відаць, з тым, чым я займаюся.
Перад сном я зачыніўся ў спальні і паспрабаваў чытаць захопленага з дому Марка Аўрэлія. Утульны томік разгарнуўся на кнізе сёмай: Усё матэрыяльнае вельмі хутка знікае ў сусветнай сутнасці… І памяць пра ўсё не менш хутка знаходзіць сваю магілу ў вечнасці. Не сказаць, каб сентэнцыя надта спрыяла добрым снам. Я перагарнуў некалькі старонак. Уяві, што ты памёр, што жыў толькі да гэтага моманту… Дачытаўшы да канца, я быў узнагароджаны: …а час, што табе застаўся, успрымай як дадзены звыш адмеранага і жыві ў ім згодна з прыродай.
Я нечакана супакоіўся: жыві ў ім, жыві ў ім… і на мяжы явы і сну працягнуў: жыві ў ім… пры ім… за ім… над ім… ім… Думкі блыталіся, ды, адплываючы ў сон, я паспеў згадаць дасціпна заўважанае калісьці, што імператар Марк Аўрэлій стаўся адно выпадковасцю, якая напаткала філосафа з тым самым імем. Прысніцца можаце абодва, — запрасіў я, але з Маркам Аўрэліем у тую ноч спаткаўся хтосьці больш шанцоўны.
Штораніцы з кубкам першай, наймацнейшай за цэлы дзень гарбаты я перачытваў напісанае напярэдадні і вяртаўся да сваіх танцораў. А мо гэта яны вярталіся да мяне, і я па чарзе нейкай часткаю істоты ператвараўся ў аднаго ці ў адну з іх, не мінаючы і Коткі. Каб перанесціся ў іхні свет, часам я нават пачынаў танчыць, робячы зусім маленькія, адпаведныя памерам кабінета колы. Нарэшце хтосьці з маіх нябачных, ды ўсё больш адчувальных партнёраў дакранаўся мне да рукі або да пляча. Гэта і служыла знакам таго, што вяртанне здзейснілася. На колькі гадзін я забываў і пра Чорнага чалавека, і, калі выпадала шчаслівая карта, пра ўсё астатняе.
Травеньская ноч была цёплая і чуйная. Шчыльныя аблокі захінулі месяц і зоркі, аднак, ратуючы наваколле ад цямрэчы, злёгку свяціліся самі. Як звычайна, мы збіраліся па адным, але Залацістая з Коткай заўсёды чакалі астатніх каля квадратнага люка, усё роўна як і не пакідалі даха з мінулага разу.
Тонка праспявала нябачная страла, і ўслед за ёю недзе ўзляцела рука таямнічага дырыжора. Узляцела і застыла ў найвышэйшай кропцы, каб праз няўлоўнае імгненне даць сігнал музыкам…
Мы паспелі прайсці некалькі колаў, мяняючы хуткасць ды кірунак і пакрысе напаўняючы танец усё большай энергетыкай, як раптам нас зрабілася не шасцёра, а сямёра.
У паветры ціха прашамацелі крылы, і на плячук Гімнасткі апусцілася дзіўная начная птушка, падобная да грака, але з двума ярказялёнымі пералівістымі пёрамі на баках і такой самай аблямоўкаю чорнай шыі. Трэцяе пяро — доўгае і вузкае, спакойнага салатавага колеру — птушка трымала ў дзюбе. Прыгледзеўшыся, я зразумеў, што гэта не пяро, а стрэлка аеру.
Як выглядала, ні Гімнастка, ні хто-небудзь яшчэ з танцораў, апроч мяне, не заўважыў нябеснай госці. Адно Котка наструнілася і наставіла поўсць так, што стала добра відаць ейная абсалютна круглая ружовая плямка-пячатка, выпаленая некім ці нечым на падчарэў’і справа. Але праз хвілю наша пільная чатырохногая танцорка ўжо ўсім сваім выглядам паказвала, што ніякае небяспекі яна не адчула.
Птушка не замінала танцу, і ён ні на момант не перапыняўся — ні тады, калі мы мяняліся месцамі, ні тады, калі, працятыя сціхотнай самотаю, браліся за рукі. Толькі перад тым як — быццам на нечы загад — мы павінны былі абняць адно аднаго за плечы, зрабіўшы нашае кола зусім вузкім, птушка паднялася ў паветра. Трымаючыся кірунку агульнага руху і не выпускаючы аеравай сцяблінкі, яна пачала лётаць над намі нізкімі коламі — нібы таксама брала ўдзел у танцы.