Неяк па дарозе з возера памяць падсунула задаўненую гісторыю пра знаёмага мастака, з якім калега вёў зацятую вайну за майстэрню. Стратэгічнай зброяй быў абраны блакітны парашок, якім пасыпалася падлога ў калідоры. На парашку адбіваліся сляды жаночых туфлікаў, што давала падставы абвінавачваць канкурэнта ў амаральных паводзінах. Ідэю з парашком — хоць і звабліва было б убачыць сляды шырокіх пантофляў з загнутымі мыскамі — я адкінуў, злавіўшы сябе на думцы, што калі б Чорны чалавек сёння, вядома, па-свойму, метафізічна, не матэрыялізаваўся, мне б яго не хапала.
Безумоўна, вашае права не даваць мне веры, не чытаць далей або дачытаць і лічыць аўтара ціхім вар’ятам з літаратурнымі схільнасцямі. Але, на шчасце, тая гісторыя ў спякотным ліпені мінулага года напраўду здарылася, што нейкім чынам пацвярджае і сам гэты тэкст.
Аповесць, між тым, напоўнілася героямі ды падзеямі і жыла сваімі барвамі, пахамі і гукамі. Апошніх атрымлівалася меней, чым зазвычай, бо самнамбулы танчылі ў поўнай, калі не лічыць посвісту ластаўчыных крылаў, маўкліні.
Не сказаў бы, што пяро лётала па паперы, аднак яно не буксавала, не захрасала ў небяспечнай субстанцыі тэксту, не прыводзіла нявызнанымі сцежкамі да тупіковага завулка з крапівой і дзядоўнікам, куды прагнецца закінуць ненавісны рукапіс, каб назаўсёды забыць пра яго.
Чорны чалавек наўрад ці, як уявілася напачатку, дапамагаў. Ён, мо таму, што з’яўляўся ўвечары, не падказваў нечаканых сюжэтных хадоў, але і не пярэчыў напісанаму. Аднаго разу ён не сядзеў на канапе, як раней, а прылёг на яе нагамі да дзвярэй, закінуўшы рукі за голаў. Колькі разоў, трохі лякаючы мяне, ён стаяў у сутонні насупроць кніжных паліцаў. Але ніколі не пакідаў кабінета, дзе на начныя гадзіны рабіўся паўнаўладным гаспадаром. Ён не ўмешваўся, а толькі прысутнічаў. Тут хавалася свая таямніца, і я думаў, што без Чорнага чалавека жыццё плыло б сумнавата. Больш за тое: я пачаў адчуваць да пунктуальнага госця нешта кшталту ўдзячнасці, што, зрэшты, не замінала працягваць гуляцца ў свае дзіцячыя, па сутнасці, эксперыменты.
Дайшло да таго, што — у апошні момант, калі Чорны чалавек ужо быў у дарозе, — я паставіў на пісьмовы стол знойдзеную ў сястры недапітую бутэльку каньяку з двума кілішкамі і хуценька напісаў цыдулку: Дабранач! Калі захочацца, наліце і гаспадару.
Бліжэйшыя падзеі паказалі, як легкадумна я паводзіўся.
Таго дня падчас выправы на возера мне заманулася замест традыцыйнага заплыву ўсцяж берагавой лініі здзейсніць невялікае падарожжа на другі бок, дзе, паводле маіх разлікаў, зацвілі белыя лілеі.
Я неблагі плывец і, здаралася, перамерваў не надта шырокае ў тым месцы возера па тры разы туды і назад без адпачынку. Прычым добра ведаў, што на процілеглым баку з ягоным бузяна-багністым дном выходзіць на бераг не проста непрыемна, але і вельмі небяспечна. У вечна каламутнай вадзе там таілася мноства карчоў, таплякоў і цэлых дрэваў, абрынутых з падмытага краю.
Зрэшты, я дакладна ведаў, адкуль паварочваць назад, што, праўда, аднойчы неўратавала. Два гады таму, плывучы на спіне, я безразважна захапіўся і моцна параніў сябе аб схаваны пад вадой слізкі і востры, бы корд, сук, на якім пры іншым збегу абставін мог бы павіснуць, як рыбіна на кручку. Назад, пакідаючы рудаваты ад крыві след, я з астатніх сіл плыў кролем, а на беразе напалохаў афіцыянтак летняй кавярні, куды прыбег перавязаць рану.
Цяпер ні на хвілю нельга было выпускаць з-пад увагі надзейную для такой пары дня прыкмету: доўгі густы цень, што адкідала ў возера нечакана высокая і стромкая для дрыгвяністага берага яліна. Калі ўявіць сябе караблём, цень мог служыць бакенам, за якім ляжала небяспечная частка акваторыі.
На сярэдзіне возера я лёг на спіну і доўга гайдаўся на хвалях ад катараў вадналыжнікаў, што наразалі вакол мяне далёкія кругі. Выдатна памятаю: сумоўе з небам у той дзень дарыла невераемна моцнае, як ніколі раней, адчуванне, што наперадзе сапраўды цэлая вечнасць.
Далей я, поўнячыся шчасцем ад суладнасці душы з целам, лёгка паплыў таксама на спіне, а адчуўшы набліжэнне берага, перайшоў на павольны брас.
Наперадзе паказалася спачатку цёмназялёнае, з ружаватым сподам круглае лісце, а затым і самі лілеі, што яшчэ радаваліся нізкаму сонцу. Я наважыўся даплысці да першых кветак, балазе сіні цень ад яліны ляжаў далекавата. Хацелася выбраць буйную, шчодра расцвілую лілею, асцярожна ўзяць яе ў руку і, заплюшчыўшы вочы, удыхнуць тонкі непаўторны водар, што з дзяцінства хваляваў душу, нараджаючы несканчоныя ланцужкі ўспамінаў і асацыяцый.