Я міжволі паглядзеў на свае далоні і адразу ўспомніў, што правая рука адлюстроўвае жыццёвы шлях, левая ж — прыроджаныя здольнасці і таленты, у прыватнасці, тое, наколькі моцна развітае ў вас уяўленне. Адказная за яго лінія была на месцы і сведчыла: недахопу фантазіі пакуль можна не баяцца. Усё памяталася надзіва выразна, хоць апошні раз я даследаваў малюнак гэтых ліній шмат гадоў таму, калі сустракаўся з жанчынай, захопленай хірамантыяй ды рознымі іншымі эзатэрычнымі рэчамі. Яна, дарэчы, як і заплаканая дзяўчына на пляжы, была рыжавалосай, а яшчэ, здавалася, і ўначы, хаваючы яго пад падушку, не разлучалася са сваім запаветным сшыткам. Ягоныя табліцы дазвалялі вылічыць, у абліччы каго ты выконваў прызначаную табе ролю ў папярэднім жыцці. Дзякуючы таму сшытку — і мне чамусьці падабаецца гэта раз-пораз узгадваць — я даведаўся, што ў ранейшым з’яўленні на свет, дакладней у перадапошняй рэінкарнацыі, я быў, праўдзівей, была мексіканскаю танцоркай, якая выходзіла на сцэну пры канцы васямнаццатага стагоддзя.
Пра тое, кім у глыбінях часу, за смуглявымі плечыкамі мексіканкі, я быў далей, эзатэрычны сшытак колішняй сяброўкі загадкава ці мо прадбачліва маўчаў. Значыць, дагэтуль я заставаўся адно на пару з танцоркай, якая, прызнаюся, няраз блукала па анфіладах маіх эратычных фантазій.
Ува мне загаварыў чорны гумарыст: Учора ты страціў найрэальнейшы шанец патрапіць у тыя табліцы, каб нарэшце сустрэцца — прынамсі, там — з мексіканскаю прыгажуняй, а некалі засмуціць або парадаваць наступніка.
Смерць не трэба шукаць, — ужо больш сур’ёзна думаў я. — Яна, твая апошняя жанчына, сама знойдзе цябе, і да той сустрэчы лепей падрыхтавацца загадзя, дзеля чаго ўвогуле чалавеку і дадзена жыццё. Але ці значыла гэта, што хлопец з перлінкай, якая цяпер успрымалася змрочным знакам воднай стыхіі, быў падрыхтаваны і таму выканаў сваю ролю да фінальных слёз на вачах гледачоў, а ты знаходзішся на паўдарозе…
Бывае, у рэдкія хвіліны задаволенасці сабой, хоць значна часцей якраз дзеля ўтаймавання прыступаў уквеленасці і роспачы, я кажу сабе, што ў маім жыцці ўсё, што павінна прычыніцца на шляху мужчыны, на гэты момант ужо адбылося, ды сонца пакуль высока, а таму… Тут я абрываю даволі камфортную, але небяспечную ў развіцці думку, а тады, на беразе, адолеўшы шматкроп’е, давёў яе да канца. Насамрэч усё, што магчыма, здзейснілася ў яго, хлопца ў сініх плаўках. Далей я блазнавата працягнуў вершам: Вы згодныя, што смерць таксама свята, яна ў жыцці бывае толькі раз?..
А Чорны чалавек? Што паспела адбыцца ў ягоным — калі тут можна карыстацца гэтым словам — жыцці? Адно можна сказаць абсалютна дакладна: ён паспеў выратаваць мяне ад лілеі на мёртвых грудзях.
Але ж не выключана, што хлопец з завушніцай сам хацеў сысці адсюль. І ў маім жыцці калісьці быў перыяд, калі я перабіраў розныя віды самагубстваў і такі спосаб — патануць у возеры — не здаваўся найгоршым. Памяць паслужліва разгарнула старонку са здабытымі тады ведамі. Спачатку рэфлекторна перацінаецца дыханне, потым вада залівае лёгкія, дыхальная функцыя канчаткова паралізуецца і праз колькі хвілін замірае сэрца.
Ды версія самагубства не стасавалася з тым, што адбылося. Найперш — з паводзінамі Чорнага чалавека, які ўчора папярэдзіў пра рэальную небяспеку таго берага. Ці абавязкова было, каб утапіцца, плысці туды, да лілеяў? А мо ўладальнік перлінкі, наадварот, хацеў, каб усё выглядала натуральна? У такім разе цалкам дапушчальна, што ён ведаў пра тапляк ды іншую тамтэйшую вусціш і ў нейкім сэнсе вырашыў згуляць у «рулетку», маючы ў запасе, калі не спрацуе, іншы варыянт…
А можа, ён прадчуваў свой лёс, як той малады паэт, што ў дваццаць гадоў склаў геніяльную эпітафію самому сабе, якая прыдалася ўсяго праз некалькі месяцаў, калі яго на начной шашы збіла машына: Мяне заўсёды мучыла пытанне: у чым сэнс смерці? Цяпер я ведаю адказ, а вы, што засталіся, — не.
Галава раскалвалася ад абсалютна процілеглых думак, і ў лясной засені я паспрабаваў хоць трохі навесці ў ёй парадак.
Па-першае, я зразумеў, што вельмі доўга не здолею купацца ў маім улюбёным возеры, не кажучы ўжо пра заплывы пад той бераг. Але галоўным было, вядома, іншае.
Як далёкае куванне зязюлі, як спраўная беганіна мурашак у прыдарожным мурашніку, як цёмныя кроплі ягад на чарнічніку, як тое, што я ўсё гэта бачу і чую, не падлягала сумневу, што Чорны чалавек выратаваў маё жыццё. Я не ўяўляў, як магу аддзячыць яму і ці можна тут наогул разважаць у падобных катэгорыях.