Дарогу пераходзіў вожык. Адчуўшы пагрозу, ён спыніўся, імгненна скруціўся ў клубок і цікаваў са сваіх калючак. Такі самы калючы клубок варушыўся ў душы. Не, слабое параўнанне. За пазухай, як некалі ў спартанскага хлопчыка, сядзела і грызла мяне бязлітаснае лісяня.
Раздумваючы пра няўхільнае вяртанне Чорнага чалавека ў мой часовы кабінет, я аніколі не запытаўся сябе, як ён сам, неспадзяваны і зусім нядаўна яшчэ нежаданы госць, пачуваецца на нашай зялёнай канапе. З чыёй волі ён тут, найверагодней, у абсалютна нязвыклай яму прасторы? Як сябе паводзіць, калі ён, мой выратавальнік, чарговы раз матэрыялізуецца?..
Дома я, не знаходзячы сабе месца, усё ж сеў да стала. І тут аднекуль з-пад прытульных белых аблокаў, што як быццам прыпыніліся на выцвілым ад спёкі небе, на маю знерваваную істоту знячэўку зляцеў гаючы супакой.
Неспадзявана я напісаў цэлыя дзве старонкі. Непрыкметна наблізіўся момант саступіць кабінет Чорнаму чалавеку. Дзякуй, — прамовіў я падымаючыся і з вітальні паўтарыў: — Дзякуй табе, хто б ты ні быў. Другі раз голас прагучаў іначай: словы не спяшаліся растаць у паветры, а ціхім водгуллем блукалі з пакоя ў пакой. Перад вачыма ўзнікла возера, па-над чуйнай вечаровай паверхняю якога яны, мае ўдзячныя словы, цяпер нібыта звернутыя да кагосьці іншага, канчаткова заціхлі дзесьці воддаль — ці то ў зарасніках трыснягу за кладкаю з прычаленай адзінокай зялёнаю лодкай, ці то за белым трамплінам вадналыжнікаў, што, люструючыся ў незварушнай вадзе, ператварыўся ў наканечнік гіганцкай стралы, скіраванай у самае сэрца ночы.
Чорны чалавек вярнуўся. У яго паводзінах я не знайшоў нічога новага: нага, перакінутая цераз нагу, зухавата падкручаныя мыскі пантофляў… Ці з’явіўся б ён тут, каб гэта мяне зашпілілі сёння на маланку ў доўгім чорным мяху?
Гатуючы на вячэру яечню з памідорамі, я знячэўку сутыкнуўся з ідэяй новага, прычым не легкадумна-гуллівага, а паважнага і, бясспрэчна, небяспечнага эксперыменту, у параўнанні з якім былыя доследы выглядалі дзіцячымі забаўкамі. Выпіўшы некалькі кілішкаў каньяку і тым самым парушыўшы датрыманы да сёння зарок цвярозасці, я гатовы быў распачаць эксперымент неадкладна, пагатоў, калісьці любіў начныя купанні. Мой імпэт здолеў астудзіць толькі свежы ўспамін пра лілею, што знікла разам з тапельцам у чорным мяху.
Добра памятаю: каляндар паказваў сераду. Калісьці я чытаў раман, які пачынаўся словамі: Тут заўсёды серада. У сераду забілі галоўнага героя, і дзеянне адбывалася пасля.
У мяне пасля серады надышоў чацвер.
Але перад ім была ноч, калі я кахаўся з рыжавалосай юнай жанчынаю, што ўчора аплаквала азёрнага тапельца. Там, у сне, я ведаў: гэта — ягоная жанчына і ён зусім нядаўна пакінуў яе, аднак я не адчуваў аніякага сораму, таму што… таму што я таксама… таксама быў жанчынаю.
Мы лашчылі адна адну на шырокім нізкім ложку ў зацягнутым духмянай смугою пакоі, дзе замест шкла ў бэтонныя рамы былі ўштукаваныя вялікія люстэркі. Люстэркі аздаблялі і сцены без вокнаў, і столь, што нязмерна пашырала прастору пакоя, ды пры гэтым не пазбаўляла яго ўтульнасці. Ані не бянтэжыла і тое, што гульня люстэркаў мела дзіўную асаблівасць: у іх адбіваліся сцены з іншымі люстэркамі, але адсутнічалі абліччы нас саміх. Праўда, пераканацца ў маім пераўвасабленні ў жанчыну было нескладана і без люстраных адбіткаў, адно што кароткая фрызура не дазваляла даведацца, якога колеру мае валасы.
Дзівосныя перамены адбыліся і з рыжавалосай. Не, яна не набыла анічога мужчынскага, ды ўсё яе суладнае маладое цела, за выняткам твару, цяпер пакрывала тонкая, густая і цёплая марэлевая поўстка, што надавала маёй партнёрцы падабенства са зграбнай гнуткаю малпачкай.
Тое, чым мы так утрапёна займаліся, дарыла неймаверную шматсэнсавую асалоду. Яна пачыналася з лёгкіх прагулянак пальцаў, што ўзаемна вывучалі сусветы нашых целаў, і зусім не заканчвалася апантанасцю вуснаў і языкоў, якія цалавалі, прысмоктвалі, пяшчотна, а то і з салодкім болем кусалі, імкнуліся пранікнуць, праслізнуць у патаемныя глыбіні… І ўвесь час мне мроіліся касачы, жоўтыя і ліловыя касачы, бо форма гэтых кветак непаўторна эратычная.
Целы спляталіся ў самых мудрагелістых фантастычных паставах, якія, тым не менш, заўсёды дазвалялі нам беспамылкова дацягвацца да патрэбных куточкаў і кропачак. Часам, з заплюшчанымі або проста прымружанымі вачыма, нашая пара ўяўлялася мне любоўным альянсам дзвюх дасканалых чалавекамалпаў.