Выбрать главу

Мы кахаліся бясконца доўга, і, хоць стомы тут, напэўна, увогуле не існавала, целы ўсё больш нагадвалі дзве напятыя цецівы, гатовыя да срэбнай успышкі адначасовага стрэлу…

Той бязгучна-аглушальны стрэл здолеў перамагчы абыякавасць пустых вакольных люстэркаў, дзе ўрэшце з’явіліся нашыя шматкроць паўтораныя абліччы, ды ў іхнім калейдаскопе колер сваіх валасоў пабачыць ужо не выпала, бо срэбная віхура падхапіла мяне і, прабіўшы люстраныя сцены, асцярожна апусціла на знаёмы ложак, адкуль пачалося маё падарожжа.

Колькі хвілін я ляжаў шчаслівы і лёгкі, як галубінае пяро. У розных кутках цела жыла, пульсавала аксамітная памяць пра цёплую марэлевую поўстку жанчыны-малпачкі. Але ў вакно далікатна прасіўся дзень, і я гэтаксама асцярожна, таймуючы лёгкае хваляванне, пераканаўся, што я — па-ранейшаму мужчына.

28

Апрача ўсяго астатняга, у трактаце Тэрэнцыяна Маўра «Пра літары, склады і метры Гарацыя» даследваўся містычны сэнс літар. Містыка прысутная і ў гісторыі самога твора У 1493 годзе манускрыпт знайшлі ў бібліятэцы аднаго з італійскіх манастыроў. Праз чатыры гады яго надрукавалі ў Мілане, пасля чаго рукапіс знік. Адзін з выдаўцоў, чалавек таксама схільны да містыкі, выказаў здагадку, што манускрыпт вярнуўся на дванаццаць стагоддзяў назад да аўтара, бо застаўся ў свой час незавершаным. Маўляў, як шчаслівае адшуканне, так і таямнічае знікненне трактата былі абумоўленыя зашыфраванымі Маўрам у ягоных радках формуламі-заклёнамі. Мела сваіх прыхільнікаў і версія, паводле якой, зноў апынуўшыся ў мінулым, вершаваная праца рымскага граматыка патрапіла не ў рукі яе стваральніка, а — непасрэдна да самога Гарацыя.

29

Як я ўжо казаў, на змену серадзе прыйшоў чацвер. Заварваючы ранішнюю гарбату, я ўспомніў улюбёнае выслоўе мастака, перад дзвярыма якога канкурэнт і зайздроснік рассыпаў блакітны парашок. Секс, — любіць паўтараць ён, — дае адчуванне, што ты — жывы. Думаць пра нядаўні сон як выключна пра — няхай сабе і фантасмагарычны — секс не хацелася, але на тым свеце такіх сноў, пэўна, сапраўды не прысніш. Выціскаючы ў кубак з гарбатай палову цытрыны, я ўявіў, што гэты сон бачыла ў сённяшнюю ноч і сама рыжавалосая. А мо — у сваім васямнаццатым стагоддзі — і мексіканская танцорка?

Хоць і праглася, я не мяняў працоўнага графіка. Жыццё паспела раскідаць маіх самнамбулаў па свеце, і галоўны герой часам сумняваўся, ці не прымроіліся яму тыя танцы ў прывідным месяцовым святле.

Парою маёй адвячоркавай выправы да ракі ў горадзе шалела не меншая, чым апоўдні, спёка. Калі глабальнае пацяпленне не спыніцца, у нашых шыротах трэба будзе ўводзіць сіесту. Такая хада разважанняў перад тым, што я меўся зрабіць, прыйшлася мне даспадобы.

У некалі чыстай, а цяпер памутнелай Дзвіне ў межах горада купаліся даволі рэдка. Большасць верыла рэкамендацыям санітарных службаў і аддавала перавагу недалёкаму возеру, дзе ўчора здарылася трагедыя, ці іншым навакольным азёрам, куды нескладана было зганяць нават на ровары.

Каб не купацца ў Дзвіне, існавала і больш важкая прычына. Пасля пабудовы новага моста характар ракі ў наваколлі колішняга пляжа прыкметна змяніўся. Відаць, будаўнікі неабачліва закранулі патаемныя нізавыя плыні, зрушылі донныя камяні, засыпалі або, наадварот, пакінулі пасля сябе глыбокія яміны-бохаты. Карацей, Дзвіну нечым уразілі, і яна адказала: насупраць занядбаных, некалі жоўтых кабінак-раздзявальняў раней задуменна-спакойная рака за які дзясятак метраў ад берага раптам пачынала цячы хутчэй і наравіста вірыцца. Гэта не было бяскрыўдным капрызам. Тут некалі патанула схопленая вірам дзяўчынка, а летась сястрын сусед апавядаў, як яго пачало круціць, бы шрубку механічным зашрубнікам, але ён, дзякаваць богу, ведаў, што рабіць у такіх выладках: даў нырца ды, чапляючыся за камяні на дне, выбраўся са смяротнага вадакруту перад самым мостам з ягонымі небяспечнымі «быкамі».

Я разаслаў на пяску ручнік і скінуў тэніску і шорты. Страху не было, яго замяняла ўваскрэслае ва ўсёй істоце хваляванне, што апаноўвала, калі мы, падлеткамі, лазілі пад пралётамі старога моста па хадах, пакінутых, як лічылася, для мініравання ў ваенны час, і, здаралася, некалькі метраў ішлі над безданню па хісткай дошцы без усякай страхоўкі.

Вынырнуўшы, я хутка паплыў наперарэз плыні ў процілеглы ад моста бок. Вада была свяжэйшая за азёрную і здавалася пасля ўчорашняга трагічнага здарэння жывой.