Выбрать главу

Выдаўца нібы кімсьці падмянілі. На вакзале ён кіўком галавы паказаў Марціну цераз пляц на гатэль і моўчкі сеў у таксі, за стырном якога сядзеў чалавек, які выдаваў у профіль на шкіпера. Марцін злавіў сябе на тым, што не хоча ў гатэль і з радасцю пераначаваў бы на вакзале, але ўрэшце ўзяў сябе ў рукі.

44

Дзяжурная, зірнуўшы ў камп’ютэр, перапрасіла за нядаўнюю пажарную трывогу і дала яму ключ-картку ў той самы нумар. На стале чакала яшчэ адно прабачэнне — зялёная ваза з чорным вінаградам — такім, які пасля «пажару» стаяў пад гатэльнымі люстэркамі. Сёння Марцін ужо дзесьці бачыў дакладна такія ж гронкі. Але дзе? Думка не пакідала ў спакоі і пакуль ён, канчаткова цверазеючы, пераступаў з нагі на нагу пад халодным душам, і потым, калі ўключыў і выключыў, натрапіўшы на фільм жахаў, тэлевізар.

Марцін адшчыкнуў ад гронкі некалькі сакаўных, падалося, што ўжо п’янкіх ягад, і тады ўспомніў: Эма! У глыбіні Эмінага пакоя на стале цямнела ваза з вінаградам. Але гэта было не адзінае, што стрэліла ў памяці. Ліст! Як я мог забыць пра ліст?!

Ён выцягнуў з кішэні пінжака і няроўна разарваў па краі вялікую пакамечаную капэрту. Там ляжалі акуратна складзеныя карункавыя майточкі цёплага цялеснага колеру. З іх выглядваў ліст, напісаны па-англійску знарочыста буйным і чытэльным дзіцячым почыркам — відавочна, каб чужаземец усё зразумеў. Ён пачуў грудны ўніклівы голас, як быццам чытаў не ён, а сама Эма:

Я пакахала цябе раней за твой прыезд. Ты пазвоніш у дзверы і будзеш жыць у мяне, колькі захочаш. Я лягу з табой у першую ж ноч. Мой муж у плаванні, з якога вяртаюцца праз стагоддзі, і я не дачакаюся яго. Ён называў мяне геніяльнай жанчынай. Я хачу жыць з табой. Я адчуваю, што тваё сэрца свабоднае. Калі захочаш, выганіш прэч усіх маіх эльфаў. Але я папрашу пакінуць Сільвестра. Ён цёпленькі і столькі ўсяго ўмее. Увечары ты будзеш распальваць камін. Мы будзем піць віно, а потым любіць адно аднаго да самай поўначы, але не пазней, бо тады здараецца ўсякае… Я нараджу табе сына, і з саду прыйдзе мой сын, народжаны ад мужа. Ён палюбіць цябе і свайго брата, і ў нядзелю я спяку вам булачак з цынамонам.

Эма.

Марцін, з дзяцінства прывучаны мамай і бабуляй да ашчаднасці, ніколі не карыстаўся дарагімі міні-барамі ў гатэльных нумарах, аднак зараз адчуў, што яму ўкрай трэба выпіць.

У бары знайшлася маленькая пляшачка віскі Jameson. Марцін зняў закрутку і, перачытваючы ліст, дзе з вар’яцтвам суседзіла непахісная логіка, прагна пацягнуў з рыльца. Двума глыткамі ён дапіў віскі і зноўку палез у міні-бар.

Самалёт заўтра ўвечары. Да горада, дзе жыве Эма, блізу ста кіламетраў і гадзіна на цягніку. Вар’яцтва! — уголас прамовіў Марцін.

Памяць жыла сваім жыццём:

Якім прымусам ты ўтлуміла мне Дабром лічыць зло ўсёй тваёй істоты, І так, што грэх цяпер мне прыямней, Чым самая прываблівая цнота?..

Па шырокім драўляным падвоканні ішлі сланы, і сярэдні з іх меў чорныя біўні. Антыкварная крама месцілася каля царквы з могілкамі. На фатаграфіі ў глыбіні саду свяцілася вакно з жаночым сілуэтам. У гатэльным калідоры шкіпер элегантна рэквізоўваў пляшку ў маладзёна з бакенбардамі. У Эмы была смочка настаўніцы Тамары. У глыбіні калідора, калі ён паўгадзіны таму адчыняў нумар, мільганулася пара, падазрона падобная да ягоных навязлівых знаёмых. Усё гэта пагражала скласціся ў сістэму ці, праўдзівей, у сціхотную мазаіку, дзе яшчэ не хапала некалькіх кавалачкаў смальты.

Марціну карцела распакаваць падарунак дырэктара бібліятэкі, але гэтае жаданне і палохала. Яму мроілася, што вакно асабняка на здымку будзе пустым.

У дзверы асцярожліва пастукалі. Марцін глянуў на гадзіннік, стрэлкі якога перапаўзлі за поўнач, паказваючы, што пачынаецца пятніца. Памыліліся. Марцін з астатніх сілаў намагаўся навесці ў бязладдзі думак хоць які парадак.

Стук паўтарыўся і зрабіўся настойлівым. Марціну здалося, што ён чуе ў калідоры прыцішаныя галасы.

З таго боку торгалі за ручку. Марцін ліхаманкава спрабаваў нешта вырашыць. Запалкі! Ён знайшоў у кішэні пінжака прыхопленыя з прэзентацыі запалкі і скруціў у жмуток колькі вырваных са штодзённіка аркушаў. Зараз ён чыркне запалкай, і праз хвілю, несучы палёгку, зараве сірэна. Нібыта даведаўшыся пра ягоны намер, за дзвярыма супакоіліся. На ўсялякі выпадак, як і ў ноч пажарнай трывогі, Марцін падышоў да вакна і паглядзеў на блізкі газон.