Выбрать главу
15

У суботу, гуляючы з Лорай па парку, я ўбачыў на лавачцы каля каруселяў Гімнастку, якая засяроджана ласавалася шакаладным пламбірам. Гімнастка безуважна слізганула па мне вачыма, нібы не яна, а хтосьці іншы пракруціў у пазамінулую ноч на даху цэлы каскад складаных сальта. Заставалася сустрэцца з Залацістай і Коткаю, але, не выключана, яны ў горадзе ніколі і не з’яўляліся. Я ўжо казаў, што сёння ведаю пра сваю прыналежнасць да меншасці, якая ўсё памятае. Тады ж падавалася, быццам адрозна ад астатніх з нашага начнога брацтва я проста яшчэ не навучыўся трымацца так, як яны, каб таямніца заставалася непарушнай.

Але ў тыя дні ў мяне ўжо з’явілася іншае імя. Яно прыйшло аднаго разу ў танцы, калі мы абняліся за плечы. Імя пачулася невядома адкуль, і ад неспадзяванкі я спыніўся. Ды кола не магло чакаць, і праз мірг вока я зноў аддаўся ягонаму рытму: новаму імю, якое на розныя лады гучала ўва мне, не запярэчыў ніводны куточак маёй істоты. Такое імя мог мець, магчыма, і марсіянскі хлопчык, што стукаўся ўначы да зямных перасяленцаў.

Мяне звалі — Эф.

Лора, у якой было ўсяго адно імя, душою юнай жанчыны, відаць, адчувала, што са мною нешта адбываецца. Я аддаляўся, пакуль не адчуваючы ніякай віны, бо Лора заставалася маёй адзінай. Мы не падазравалі, як хутка ўсё зменіцца.

16

Аднае начы, мяняючыся месцамі ў коле, я абавязкова апынаўся ў танцы побач з Кіяскёркай і, калі мы ўсе браліся за рукі, мая рука нецярпліва чакала ейных доўгіх шорсткіх пальцаў з затоеным паміж імі халадком.

Па дарозе дадому я раптам уцяміў, што за касцёлам павярнуў не направа, а налева… Кіяскёрка ішла крокаў за дваццаць наперадзе, і ўслед за ёю я ступіў на бязлюдны стары мост цераз Дзвіну. Падымаўся туман, і мост плыў разам з намі над нябачнай унізе ракой.

На самім мосце туману не было, але, спусціўшыся на тым беразе за маёй праваднічкаю па драўляных прыступках на насыпе, я разгубіўся: наваколле паглынала густая малочная субстанцыя. У наступную хвіліну на дапамогу прыйшла рука, якая ўсцешыла нечаканай грубавата-шорсткай цеплынёй.

Мы ішлі даволі доўга, вуліца пачала падымацца, а туман — адступаць, адкрываючы вачам зарэчны раён з прыватнаю забудовай, садамі і гародамі, дзе жыхары трымалі кароў, а перад Новым годам у дварах смалілі кабанчыкаў. Кіяскёрка выпусціла маю руку і, паказваючы дарогу, зноў ішла за пару дзясяткаў крокаў ад мяне. Яна спынілася пры жалезнай брамцы, за якой у засені маладой травеньскай лістоты стаяла залітая месяцавым святлом мураванка. Брамка засталася адчыненай, і праз дзесяць удараў сэрца я ступіў на брукаваную сцежку.

У цесным калідоры гаспадыня раскрыліла мне абдымкі. Як і ў танцах на даху, у спальні з двума вокнамі і доўгім вузкім ложкам мы маўчалі, ды ўзахапы размаўлялі й спявалі рукі, целы, яе грудзі, большыя, чым здаваліся пад адзеннем, смоль ейных валасоў, калі яна апыналася зверху. Тонкую мелодыю вялі і знянацку жарыя, а не чорныя кудзеркі над улоннем.

На белай процілеглай сцяне вісела карціна з незвычайным краявідам — у небе над начной ракою плылі, люструючыся ў вадзяной роўнядзі, адразу дзве налітыя залатым сокам поўні. Трэцяя поўня, пакуль не такая спелая і дасканалая, але найярчэйшая, зазірала ў бліжэйшае да нас вакно. Усе поўні неўпрыкмет увайшлі ў наш рытм і пачалі мяняцца месцамі: тая, за вакном, перавандроўвала на карціну, каб дадаць у пакоі святла, а залатыя, што адбіваліся ў рацэ, зазіралі ў вокны — кожная ў сваё…

Назаўтра ўсё паўтарылася: туман, брамка, вузкі ложак, поўні, што далучаліся да танца нястомных целаў. У нейкі момант дзверы спальні бязгучна адчыніліся і на парозе ўзнікла жаночая постаць. У мігатлівым прыцемку яе немагчыма было разгледзець, і штосьці знаёмае мне, пэўна, толькі прымроілася. Жанчына некалькі імгненняў глядзела на нас, скрыжаваўшы на грудзях рукі, і гэтаксама, без гуку і шолаху, растала за дзвярыма. Наш танец не перапыняўся: Кіяскёрка танчыла спінаю да ўваходу і магла ўбачыць прывідную візітантку адно ў маіх вачах, але я папрасіў іх маўчаць.

З той начы памятаю і высокія тонкія шклянцы, адкуль мы пілі адзіны напой — ваду, у якой грала, пералівалася і танчыла, намагаючыся перадаць нам свае тайніцы, месяцавае святло.

17

Напачатку ўяўлялася: ночы не ўплываюць на дзённае жыццё, бо дзве гэтыя рэальнасці — паралельныя і не перасякаюцца. Я памыляўся.