Выбрать главу

У жыцці бывае па-рознаму. Жыве сабе хлопчык, падлетак. Паступова — дома, у школе, сустракаючыся з дарослымі,— убірае ў сябе тое, што потым стане яго характарам, і неяк увесь час застаецца самім сабой. І толькі калі вырасце, заўважыць хто-небудзь: бач, чалавек вырас. А бывае і інакш: прашуміць над гарэзлівай хлапечай галавой навальніца, прымусіць задумацца, скалане — і не пазнаць хлопца. Нешта падобнае здарылася і з нашымі героямі.

Першага верасня, накіроўваючыся ў школу, ні Толік, ні Жэнька, ні Васілёк нават не здагадваліся, што гэта будзе для іх адзін з самых памятных дзён. На перапынках яны ўвесь час былі разам, але гаварылі аб дробязях. Толік хваліўся новым пяром, якое ледзь не само піша, Жэнька расказваў, што ён набыў лёску «сатурн» і можа падзяліцца з таварышамі, а Васілёк раптам успомніў, што, правёўшы цэлы месяц у Крыме, ён так і не пабачыў дэльфінаў. Можа, гэта рабілася знарок, таму што ўся школа глядзела на іх, як на герояў, і яны саромеліся.

Але перад апошнім урокам высветлілася, што як ні скромнічай, а сёння ім усё ж давядзецца пахадзіць у героях. У клас зайшла Зінаіда Антонаўна і аб'явіла, што пасля ўрокаў адбудзецца ўрачысты збор дружыны.

— У першы дзень? — здзівіўся нехта.

— Значыць, трэба, — адказала Зінаіда Антонаўна і таямніча ўсміхнулася.

Калі дружына пастроілася на лінейку, у залу ўвайшлі дырэктар школы, Мірон Васільевіч Дубатаўка, маёр Шэвелеў і яшчэ адзін мужчына з сівымі валасамі і маладым тварам. Гэта быў сакратар райкома партыі. Ён і пачаў гаварыць першы.

— Сябры! Мы прыйшлі сказаць вам дзякуй за вашы добрыя піянерскія справы. Асабліва мы ўдзячны тым, хто ўдзельнічаў у пошуках папер доктара Долахава. Рад паведаміць, што мы паслалі запіскі доктара ў Акадэмію медыцынскіх навук і днямі атрымалі адказ. Прэзідэнт Акадэміі піша, што праца доктара Долахава — цэлае адкрыццё для навукі.

Ужо створана спецыяльная група па распрацоўцы і ўдакладненню яго метаду лячэння сухотаў. У пошуках папер доктара Долахава вам давялося сутыкнуцца з небяспечнымі злачынцамі, і вы расстроілі іх бандыцкія планы, не далі мацёрым ваўкам уцячы за граніцу. Нядаўна яны паўсталі перад судом і атрымалі па заслугах. Ім усё прыгадалі — і старыя грахі, і новыя… У заключэнне хачу сказаць: мы ганарымся вамі, сябры!

Потым выступаў маёр Шэвелеў. Ён ад імя начальніка пагранраёна аб'явіў Толіку, Васільку і Жэньку падзяку і зачытаў загад, які заканчваўся так:

«…узнагародзіць залатымі імяннымі гадзіннікамі».

— Да барацьбы за справу Леніна — заўсёды гатовы! — у адзін голас адказалі трое сяброў. Гэтыя словы прагучалі як клятва.

Апавяданні

Твой сапраўдны сябар

Прадзіраючыся скрозь густыя зараснікі арэшніку, ішлі тры хлопчыкі.

Вось яны нарэшце выйшлі на невялікую палянку. Вадзік усеўся на пянёк, а яго неразлучныя сябры Шурка і Марык прымасціліся побач, проста на зямлі.

Навокал панавала цішыня. Прабяжыць па лесе лёгкі ветрык, і хлопчыкам здаецца, быццам стройныя сосны, якія з усіх бакоў абступілі палянку, аб нечым таямніча шэпчуцца паміж сабой.

— Тут нам ніхто не перашкодзіць, — напаўголаса сказаў Вадзік.

— Што там у цябе, Марык, здарылася?

Чаго ты нас паклікаў на месца вялікага збору?

— А вось, — дастаючы з-за пазухі газету, адказаў Марык, — артыкул пра нас. Чытай.

— Ты што, сарваў насценгазету? — здзівіўся Шурка.

— Не, не сарваў,— супакоіў яго Марык. — Я толькі гэты слупок адклеіў. Ды ты чытай, Вадзік, чытай.

— «Пісьмо сябру»! — пачаў чытаць Вадзік. — «З Вадзікам Мяцельскім мы даўно сябруем. Але ў апошні час Вадзік пачаў аддаляцца, перастаў заходзіць да мяне і нават вітацца. Ён знайшоў сабе новых сяброў — Марыка Пужэвіча і Шурку Лобача, самых гультаяватых і недысцыплінаваных вучняў нашага класа…»

— Зайздросціць, што не з ім сябруем, вось і піша, пісака… — перапыніў Вадзіка Шурка.

— «Я і задумаўся, — чытаў далей Вадзік, — хто ж вінаваты? А справа тут вось у чым. Увесь час Вадзік перапісваў у мяне рашэнні задач, а нядаўна я адмовіўся даць яму свой сшытак, сказаў, што ён павінен сам рашаць. І за гэта ён на мяне пакрыўдзіўся. Потым я яму сказаў, што не буду падказваць на ўроках. На гэтым уся наша дружба скончылася. Але я так разумею, што дружба не ў тым, каб падказваць на ўроках і даваць спісваць рашэнні задач. Той, хто так робіць, не сябар. Сапраўдны сябар абавязаны дапамагаць таварышу. Але хіба падказка — дапамога? Трэба зрабіць усё, каб ён не адставаў у вучобе. А Вадзік вучыцца не хоча і да таго ж называе мяне здраднікам».

— Дык ён жа і ёсць здраднік! — усклікнуў Марык.

— Ну і птушка ж гэты Хрусталёў! — падтрымаў Шурка.

— А вось што ён яшчэ піша, — перапыніў іх Вадзік: — «Час ідзе, а ён не хоча прызнаваць свае памылкі. Вучыцца на тройкі, а мог бы вучыцца на чацвёркі і пяцёркі. Нічога не чытае, акрамя кніг пра індзейцаў. Сёлета ён пайшоў у падарожжа, але яго нічога не цікавіць: ні сустрэчы з вядомымі людзьмі, ні гістарычныя месцы. Ён цэлымі днямі гойсае па лесе, уяўляючы сябе індзейцам…»

— Трэба яму адпомсціць, каб надоўга запомніў! — азірнуўшыся па баках, сказаў Марык.

— Але як? — спытаў Шурка.

— Ёсць у мяне план… — Вадзік падняўся з пянька, — але спачатку давайце змацуем нашу дружбу клятвай, як індзейцы. Пакуль я буду чытаць, — ён дастаў з кішэні паперку з тэкстам клятвы, — вы павінны ўвесь час стаяць на адной назе і правай рукой трымацца за левае вуха.

Кожны з хлопчыкаў, стоячы на адной назе, узяўся правай рукой за левае вуха. А Вадзік тым часам разгарнуў паперку і пачаў чытаць урачыстым голасам:

— Мы, браты з высакароднага племені краіны блакітных азёр, клянемся, што заўсёды будзем…

Але Марык раптам пляснуў далоняй сябе па лбе:

— У-у, камары праклятыя!

— Ну, вось, усё сапсаваў,— незадаволена сказаў Вадзік. — Трэба цярпець, інакш мы ніколі клятвы не прымем. Давайце спачатку. «Мы, браты высакароднага племені краіны блакітных азёр, клянемся, што заўсёды будзем падтрымліваць адзін аднаго, выбаўляць з бяды і ніколі не здраджваць. Калі ж хто-небудзь з нас стане здраднікам, яго былыя сябры могуць пасадзіць клятвапарушальніка на мурашнік». Усё, — скончыў Вадзік, — цяпер мы сапраўдныя верныя сябры. Сёння ж пачнем нашу гульню ў індзейцаў. Яна, між іншым, дапаможа нам адпомсціць Хрусталёву.

— Як? Калі? — Марык і Шурка нават пра камарыныя ўкусы забыліся.

— Гэта і быў мой сакрэт. Але цяпер, пасля клятвы, у мяне ад вас сакрэтаў няма. Дык вось, слухайце… Некалі індзейцы кідалі свае ахвяры ў мурашнік. Гэта лічылася самай страшэннай карай…

— Ну, а што далей, кажы хутчэй, — прыспешыў Марык.

— А чаму б нам не кінуць у мурашнік Лёшку Хрусталева?

— Што ты, — спалохаўся Шурка, — ды нас жа са школы выганяць.

— Не хвалюйся. Мы ўсё хітра зробім. Гуляючы ў індзейцаў, захопім яго ў палон, звяжам і быццам «выпадкова» пакладзем каля мурашніка. Паляжыць з паўгадзінкі, а потым вызвалім і скажам: «Прабач, браток, не заўважылі…»

— Вось гэта здорава! — Марык быў у захапленні.— Ну і галава ў цябе, Вадзік.

— Галава і два вухі. А дзе ж ты знойдзеш гэты мурашнік, калі яго тут і заваду няма? — засумняваўся Шурка.

— Такой бяды, — адказаў Вадзік. — Мурашак нам заменяць камары. Іх тут хоць адбаўляй. А Лёшка звязаны і не зможа ад іх бараніцца. Зразумелі?

— Дык я ж і кажу, што ў цябе сапраўдная галава, — рассмяяўся Марык.

— А цяпер, — Вадзік абвёў іх позіркам чырванаскурага правадыра, — я вас буду вучыць, як трэба гуляць у індзейцаў. Я ўсё ўжо для гульні падрыхтаваў.

І ён выцягнуў з кустоў бубен, гусіныя пёры, пластылін, кавалкі нейкай стракатай тканіны, лукі і стрэлы.

— Навошта ўсё гэта? — здзівіўся Марык.

— Ты думаеш, ператварыцца ў індзейцаў так лёгка? Не, браток, на гэта таксама трэба здаць экзамен. Перш-наперш мы павінны забыць свае імёны. Будзем зваць адзін аднаго па-індзейску. Я з гэтага моманту ўжо не Вадзік, а правадыр племені — Арлінае Вока. Ты, Марык, мой першы намеснік, — Сакаліны Кіпцюр. А ты, Шурка, — Аленевы Хвост!