Выбрать главу

— Да гэтай самай? — здзівілася адна з дзяўчынак.

— Так, даражэнькая. Дабегла і думаю: ну, выратавалася! Але не, дагнала-такі міна праклятая… І дачушку параніла, і мяне. Дачцэ асколак у ручку трапіў. Я толькі паспела ёй рану перавязаць і сама страціла прытомнасць. Ачуняла ўжо ў партызанскім атрадзе дзядзькі Басі. Але дачушкі побач са мной не было. Пытаюся ў партызанаў: «Дзе яна?» А яны адказваюць: «Ніякай дзяўчынкі там у лесе не было». Так вось і згубіла я сваё дзіцятка. І не ведаю, да гэтага часу не ведаю, ці жывая яна, ці няма ўжо яе на свеце…

Жанчына заплакала.

— А колькі гадоў было вашай дзяўчынцы? — спытала Галіна Пятроўна.

— Тады два гадочкі было.

Дзеці стаялі і сядзелі ля кастра моўчкі, баючыся вымавіць слова.

— Даўно ўжо збіралася я наведаць гэтыя мясціны, — зноў загаварыла жанчына, ацершы слёзы. — Ды ўсё не атрымлівалася. То ў Сібіры працавала, то на Урале. А цяпер вось з экспедыцыяй прыехала сюды. Мы ў суседнім раёне стаім. Нафту шукаем. Хацела аўтобусам вярнуцца, ды вось ужо, відаць, спазнілася. Заначую разам з вамі, бадай, тут, у лесе. На гэтай палянцы, дзе дачку згубіла.

На гэтым жанчына скончыла свой расказ.

— Галіна Пятроўна, — нечакана прамовіла тая самая дзяўчынка, — дазвольце мне, калі ласка, пашукаць мой талісман!

— Які талісман?

— Ёсць у мяне такая рэч. Я ў рукзаку пакінула.

— Добра, Інга, ідзі.

— Хто гэтая дзяўчынка? — спытала жанчына, калі Інга з сябрамі знікла ў лясным гушчары. — Чаму яна гаворыць з нямецкім акцэнтам? І што ў яе за талісман?

— Гэтая дзяўчынка, — адказала Галіна Пятроўна, — прыкладна год назад прыехала да нас. Яна жыла ў Заходняй Германіі і неяк выпадкова даведалася, што яна не немка, а беларуска і была вывезена ў Германію ў час вайны. Ну, як тыя людзі, пра якіх вы расказвалі. Тады яна ўцякла з Мюнхена ў Берлін, потым — у Германскую Дэмакратычную Рэспубліку, а адтуль — на радзіму. Цяпер жыве ў дзіцячым доме і разам з іншымі дзетдомаўцамі вучыцца ў нашай школе.

— А як яна трапіла ў Заходнюю Германію?

— Гаворыць, што нічога не памятае. Яна ж была тады зусім маленькая.

— А якія-небудзь родныя ёсць у яе?

— Няма нікога. Ва ўсякім выпадку, пакуль не знайшлі. Мы збіраемся напісаць пра яе ў газету. Можа, знойдуцца.

— Ведаеце, я пакіну вам на ўсякі выпадак свой адрас. Калі акажацца, што ў яе нікога няма, напішыце мне. Я хацела б удачарыць яе. Жыву адна, а дзяўчынка мне вельмі спадабалася.

— Добра, — сказала Галіна Пятроўна. Жанчына дастала з сумкі блакнот і аловак, напісала свой адрас і перадала яго настаўніцы.

У гэты момант вярнуліся на паляну Інга і яе сябры, якія хадзілі разам з ёй.

— Знайшлі! Знайшлі! — радасна крычалі яны. — Талісман!

— Што ж гэта за талісман? — пацікавілася жанчына.

— Звычайны кавалак жалеза, — сказаў нехта з хлопчыкаў.

— І навошта ён табе? — спытала Галіна Пятроўна.

— Гэты асколак, — адказала Інга, — доктар даставаў з маёй рукі. Таму ён і ёсць мой талісман.

— Вось яно што… — паківала галавой Галіна Пятроўна.

— Дазвольце паглядзець, — папрасіла жанчына дрыготкім голасам.

Яна ўзяла талісман, пачала круціць яго і разглядаць з усіх бакоў.

— А ў якую руку ты была паранена? — спытала яна Інгу.

— Вось у гэтую… сюды… — Інга закасала рукаў і паказала жанчыне рубец на правай РУЦЭ.

Жанчына схапіла Інгу за руку.

— Та-ак, та-ак… І мая дзяўчынка таксама была паранена ў правую руку… У гэтае ж месца… А вышэй у яе была радзімка…

Інга машынальна закасала рукаў вышэй локця.

— О-о-о!.. — застагнала жанчына, быццам ёй прычынілі боль. — О-о-о! Вось яна, вось яна, радзімка! Колькі… колькі гадоў табе, дзяўчынка?

— Мне? Дванаццаць.

— Ты — мая дачушка! Родная мая! Нарэшце я цябе знайшла!..

— Ой, што вы, як мошна? — сказала Інга. — Які я дачушка? Я — Інга!

— Ты не верыш? Ты сумняваешся? А што ты ведаеш пра сябе? Адкуль ты? Дзе нарадзілася? Кажы!

— Я яшчэ ў прытулку даведалася, што я з вёскі Зарэчча…

— Ну, ну! Усё правільна! У вайну мы жылі з табой у Зарэччы. Вы ж чулі, я вам расказвала! — павярнулася жанчына да Галіны Пятроўны.

— Прозвішча майго мама — Ясінская, — зусім ціха сказала Інга.

— Ясінская? Марыя? Дык гэта не мама твая, а твая цётка, мая сястра, у якой мы жылі… Значыць, гэта яна цябе падабрала. А потым яе забілі. А мама твая не яна, а я, Алена Верасок…

— Няўжо? Няўжо я знайшла мой мама? — усклікнула Інга і кінулася да жанчыны на шыю. — Мама, мамачка!..

— Ды тое, што Інга — ваша дачка, без усякага асколка бачна, — сказала Галіна Пятроўна. — Яна ж такая падобная на вас!

— А імя тваё, — сказала жанчына Інзе, — не Інга. Ты — Галя, Галіна Верасок. Запомні! — І яна зарыдала.

Гэта былі слёзы шчасця.

Дружнае звяно

У двары хлопчыкі ганялі ў футбол. Нечакана мяч выскачыў за вароты, і Вася стрымгалоў памчаўся за ім на вуліцу. Вырваўшыся з варот, ён з усяго разбегу наляцеў на незнаёмую дзяўчыну і збіў яе з ног.

Пакуль прахожыя дапамагалі дзяўчыне падняцца, выказвалі ёй спачуванне, гразіліся паклікаць міліцыянера, Вася падхапіў мяч і непрыкметна шмыгнуў у суседні двор.

Назаўтра Вася зноў «вызначыўся». Адказваючы ўрок па геаграфіі, ён безапеляцыйна заявіў, што ў Афрыцы на дрэвах жывуць тыгры.

Відавочцы расказвалі, што ад выбуху рогату ў класе ні аднаго цэлага акна не засталося.

А яшчэ праз два дні школа загаварыла пра подзвіг свайго вучня, які з рызыкай для жыцця выратаваў маленькую дзяўчынку: выхапіў яе ў апошняе імгненне з-пад колаў аўтамашыны.

Усе гэтыя падзеі адбыліся напярэдадні чарговага збора. Паколькі звеннявы Паўлік быў хворы, вырашылі сабрацца ўсім звяном у яго на кватэры.

Дзеці прыйшлі, калі Паўлік чакаў доктара. Ён вельмі ўзрадаваўся прыходу сяброў.

Надакучыла аднаму ляжаць, прыслухоўвацца да болю ў назе. Падвярнуў яе, няўдала скокнуўшы.

Каця, Мая, Дзіма і Вася падсунулі свае крэслы бліжэй да ложка, на якім ляжаў Паўлік.

— Паўлік, — сказала Мая, — мы хочам правесці ў цябе збор звяна.

— А што здарылася?

— Трэба разабраць Васевы паводзіны, — уступіла ў размову Каця. — Паспеў двойчы вызначыцца. Двойку па геаграфіі зарабіў і дзяўчыну на вуліцы з ног збіў.

— Я не чапаў яе, — вымавіў, гледзячы сабе пад ногі, Вася, — яна сама паслізнулася.

У гэты самы момант у пакой нечакана ўвайшла дзяўчына. Убачыўшы яе, Вася адразу ж ускочыў з крэсла і схаваўся за спіну Дзімы.

— Што гэта вы так расшумеліся? — загаварыла дзяўчына. — Вы ж мне перашкаджаеце. А хто там хаваецца? — спытала яна, заглядваючы праз плячо Дзімы. — А-а, стары знаёмы…

Вася імгненна сарваўся з месца і знік за дзвярыма.

— Пачакай! Я хачу з табой пагаварыць, — дзяўчына выйшла з пакоя следам за Васем.

— Хто гэта? — спытала ў Паўліка Мая.

— Наша новая суседка. Я забыў вас папярэдзіць, яна рыхтуецца ў кансерваторыю, а мы ёй перашкаджаем.

— А з Васем яны, аказваецца, знаёмыя. Толькі незразумела, чаго гэта ён ад яе ўцёк, як ашалелы? — са здзіўленнем сказала Каця.

— Я лічу, — зазначыла Мая, — што мы павінны строга папярэдзіць Васю за двойку па геаграфіі.

— Цікава, а як ты збіраешся яго папярэдзіць? — з іроніяй спытаў Дзіма.

— Вымову ўляпіць, вось як!

— Ну, тады ўляпі гэтую самую вымову і сабе.

— А пры чым тут я?

— Пры тым, што ты павінна была з ім, як з адстаючым, займацца. — Дзіма так расхваляваўся, што нават крэсла адкінуў убок. — Трэба і яе абмеркаваць, — звярнуўся ён да Паўліка і Каці,— таму што яна не выканала нашага даручэння!