Выбрать главу

— Нічыя, — неахвотна прызнаў Толік і ажыўлена дадаў: — Вось гэта зарадачка, сон як рукой зняло.

Дабудзіцца Васілька было не так проста. Ён брыкаўся, нешта мармытаў і ўпарта не жадаў расплюшчваць вачэй. Толькі пасля таго, як на яго зноў папырскалі вадой, ён прачнуўся.

Умывацца пабеглі да возера. Вада здалася халаднейшай, чым учора ўвечары. Мыліся доўга, з асалодай.

— А мне падабаецца такое жыццё, — весела плёскаючыся, заўважыў Васілёк.

— Паглядзім, што ты пад вечар заспяваеш, як з пянёчкамі павалтузішся, — усміхнуўся Жэнька.

— Тое ж самае, што і цяпер, — самаўпэўнена адказаў Васілёк.

Пакуль мыліся, у кацялку на кастры закіпеў чайнік, загадзя пастаўлены Толікам. Хлопцы напяклі бульбы, на ражончыках падсмажылі сала і з вялікім апетытам паелі, напіліся чаю, у якім плавалі маленькія вугольчыкі. Калі скончылі снедаць, Толік скамандаваў:

— А цяпер за працу!

Зноў пачалі шукаць і абкопваць пні, па форме падобныя да кавалка бервяна з надпісам. Сёння Васілёк і Жэнька працавалі павольней, моўчкі і, калі, абкапаўшы пень, нічога не знаходзілі, таксама моўчкі браліся за другі. Гэтае маўчанне Толіку не падабалася. Ён разумеў, што сябры з кожным разам усё больш і больш не вераць у поспех справы. Але што ён мог зрабіць? Пераканаць, што яны абавязкова знойдуць паперы доктара, ён не мог, але адмовіцца ад пошукаў, не прыняўшы ўсіх мераў, Толік не хацеў.

Больш за ўсіх пакутаваў Васілёк. Слабейшы за Жэньку і Толіка фізічна, ён вельмі хутка стамляўся. Асабліва балелі нацёртыя да крывавых мазалёў рукі. Давала адчуваць сябе і спіна. Сагнуўшыся, ён не мог ужо разагнуцца.

Да абеду абкапалі дзесяць пнёў, і ўсё без выніку.

— Дарэмна мы, мабыць, капаем, толькі час трацім, — нерашуча сказаў Жэнька.

— Што? — Толік рэзка павярнуўся да сябра. — Калі ты так сумняваешся, можаш ісці назад. А мы з Васільком будзем адны капаць. Трэба ж разумець, як усё гэта важна, калі мы знойдзем працу Карнея Пракопавіча. Для навукі, ты ведаеш, якая гэта паслуга будзе? Ого!

— Ды не, — замяўся Жэнька, — капаць трэба, толькі давайце адпачнем крыху.

Пасля гэтай размовы хлопчыкамі зноў авалодала рашучасць давесці пачатую справу да канца. Яны вырашылі добрасумленна абкапаць усе «падазроныя» пні, хоць бы на гэта спатрэбіўся цэлы год.

— Ты пра Марэсьева думай, — параіў Жэньку Васілёк, — тады табе лягчэй будзе.

— Я ведаю, пра каго думаць, — буркнуў Жэнька і са злосцю ўсадзіў у зямлю «дрот-разведчык», як яго празвалі хлопцы, каля наступнага пня. Дрот упёрся ў нешта цвёрдае.

— Вось тут капайце! — загадаў Жэнька. — Дрот у нешта ўпёрся.

— Можа, у камень.

— Магчыма.

Толік пракапаў неглыбокую ямку ў тым месцы, дзе паказаў Жэнька, і рыдлёўка таксама ўпёрлася ў нешта цвёрдае. Тады Толік стаў на калені і пачаў разграбаць пясок рукамі.

— Нейкае жалеза! — усхвалявана ўскрыкнуў ён.

— Дзе, дзе? — захваляваўся і Васілёк. — Пакажы мне хутчэй.

Хлопцы рукамі раскапалі большую ямку і выцягнулі адтуль пазелянелую снарадную гільзу, да якой прыліп жоўты пясок.

— Снарад! — спалохана крыкнуў Васілёк. — Асцярожна, можа ўзарвацца!

— Які табе снарад? — дакорліва сказаў Жэнька. — Гэта ж толькі гільза ад яго.

Хлопцы ачысцілі гільзу ад пяску і ўбачылі, што яна моцна закаркавана драўляным круглячком, абматаным анучай.

— Знайшлі, знайшлі! Ура! — закрычалі Жэнька і Васілёк. — Давай, Толік, хутчэй паглядзім, што ў сярэдзіне.

— А як гэтую гільзу адкаркаваць? — пакруціў галавой Толік. Ён пацягнуў за анучку, але яна лёгка адарвалася.

— Дай я! — папрасіў Жэнька.

— Не, дай лепш мне свой дрот, — папрасіў Толік, — я ім паспрабую.

Вострым канцом дроту Толіку нарэшце ўдалося расшчапіць драўляны круглячок, якім была заткнута гільза, на дробныя кавалкі і павыцягваць іх па аднаму.

У хлопчыкаў замерла сэрца. Толік перакуліў гільзу ўверх і патрос. Адтуль выпала запісная кніжка ў скураной вокладцы. Тады ён асцярожна адхіліў вокладку, і на яго твары адбілася вялікае здзіўленне.

— Што там? Што там? Прачытай уголас! — закрычаў Жэнька, стараючыся цераз Толікава плячо зазірнуць у кніжку.

«Запісная Сцяпана Казімірава, партызана», — прачытаў Толік.

Хлопцы здзіўлена пераглянуліся.

Запавет партызана

— Ну і ўляціць вам ад Зінаіды Антонаўны! — раптам пачулі яны голас за сваімі плячыма.

Усе трое спалохана азірнуліся. Перад імі стаяў спацелы Віця Капусцін. Адной рукой ён трымаў веласіпед.

— Гэта чаму нам уляціць? — запытаў Васілёк.

— І ты не ведаеш чаму? — абурана загаварыў Віця. — Ні слова не сказалі, пакінулі нейкую бязглуздую запіску — і змыліся. Пападарожнічаць ім захацелася! А там, у Раднічанцы, Жэнькаў рукзак вылавілі і лодку вашу падабралі на беразе. Як загадаеце разумець? Добра яшчэ, ад рыбакоў дазналіся, што вы жывыя засталіся, а то б не мяне, міліцыю на вашы пошукі паслалі б…

— Толькі і ўсяго? — Жэнька паблажліва пахлопаў Віцю па плячы. — Гэта яшчэ паўбяды, калі ўлічыць, што даручэнне атрада мы выканалі.

— Разгадалі таямнічы надпіс? — усхвалявана запытаў Віця.

— Разгадалі, ды не зусім. Мы толькі што знайшлі запісную кніжку Сцяпана Казімірава.

— А што ў гэтай кніжцы? Якія запісы?

— Яшчэ не ведаем. Ты нам перашкодзіў. Мы паспелі глянуць толькі на першую старонку.

— Сцяпан Казіміраў, Сцяпан Казіміраў,— успамінаў Віця, — недзе я чуў гэтае прозвішча.

— І я, — адазваўся Васілёк.

— Мы чулі гэтае прозвішча ад Зінаіды Антонаўны, — удакладніў Толік. — Памятаеце, калі мы гаварылі ёй пра знойдзены надпіс, яна сказала: «Ці не Сцяпана Казімірава гэта паведамленне?»

Хлопцы пачалі перагортваць кніжку. Тут былі самыя разнастайныя запісы, адрасы, вытрымкі з прачытаных кніг. Але больш за ўсё было апісанняў баявых эпізодаў. Пазнейшыя запісы нагадвалі дзённік з абазначэннем дня, месяца і года. Хлопцы змаглі прачытаць толькі некаторыя сказы і сярод іх такі: «паўзу ўжо другі дзень».

Вільгаць усё ж такі пранікла ў сярэдзіну гільзы, і лісцікі запісной кніжкі пасклейваліся, літары расплыліся. Але на апошняй старонцы зусім выразна быў відаць запіс, зроблены вялікімі няроўнымі літарамі:

«…Людзі, зрабіце ўсё, каб адшукаць працу доктара Долахава. Яна знаходзіцца пад старым дубам, што стаіць па дарозе з вёскі Ляхаўцы на станцыю. Я ўсё зрабіў, каб выратаваць гэтыя каштоўныя паперы, але ў мяне не хапіла сілы…

Сцяпан Казіміраў».

Прачытаўшы гэтыя радкі, хлопчыкі спахмурнелі. Некалькі хвілін яны стаялі моўчкі. Кожны з іх уявіў сабе мужны вобраз незнаёмага, відаць, цяжкараненага партызана, які, не маючы сілы дапаўзці да вёскі, слабеючай рукой піша свой запавет, хавае запісную кніжку ў гільзу ад снарада, старанна закаркоўвае яе і закопвае ў зямлю пад дрэвам. Потым на дрэве вырэзвае нажом надпіс: «Тут схавана праца Долахава» і паўзе далей…

— Дык што будзем рабіць? — звярнуўся Васілёк да Толіка.

— Як што? — здзівіўся Віця Капусцін. — Зразумела, цяпер дадому, перададзім Зінаідзе Антонаўне запісную кніжку, а потым знойдзем той самы дуб і адкапаем паперы доктара.

— Шукаць дуб нам не трэба, — запярэчыў Жэнька, — не раз на станцыю і хадзілі і ездзілі. І цягацца туды-сюды таксама няма патрэбы. Жартачкі! Амаль сорак кіламетраў. Зробім так: Віця павязе Зінаідзе Антонаўне запісную кніжку, а мы пойдзем да дуба і адкапаем паперы доктара.

— Дык сёння ж мы не паспеем нічога зрабіць, — сказаў Васілёк, — вунь ужо сонца дзе.

— Вядома, не паспеем, — зірнуўшы на сонца, згадзіўся Толік. — Зараз гадзіны тры. Пакуль адпачнем як след і дойдзем да дуба, — а да яго яшчэ кіламетраў шэсць, калі не болей, — ужо і на вечар возьмецца. Але я таксама лічу, што назад у Ляхаўцы вяртацца не варта…

— Дык вы зноў будзеце начаваць у лесе? — захваляваўся Віця.

— А што? Ты ж бачыш… Жывыя і здаровыя. Нічога нам не зробіцца, калі пераначуем і яшчэ адну ноч. Хлеб і сала ў нас ёсць, — адказаў Васілёк. — Скажы Зінаідзе Антонаўне і ўсім астатнім, каб не турбаваліся. І наконт рукзакоў скажы, — дадаў ён, — што, маўляў, не захацелі цягнуць лішні груз і пакінулі ў Раднічанцы на захаванне.