Выбрать главу

— Ну добра, — даў нарэшце згоду Віця, — заставайцеся. Толькі каб заўтра былі дома.

— Будзем, будзем, нікуды не дзенемся, — адказаў Жэнька.

— Ну, тады шчасліва! Ні пуха вам, ні пяра! — сказаў Віця і сеў на веласіпед, а хлопцы доўга махалі яму ўслед рукамі.

Спачатку ехаць было цяжка. Колы веласіпеда наязджалі то на шышку, то на сук ці корань, а часам траплялі ў глыбокія раўчукі.

Выехаўшы на дарогу, веласіпед пакаціўся шпарчэй. Віцю хацелася хутчэй паведаміць Зінаідзе Антонаўне і аднакласнікам радасную навіну.

Уся дарога заняла ў яго гадзін пяць. Віцю чакалі. У Зінаіды Антонаўны сабраўся амаль увесь клас.

— Ну дзе яны? Што з імі? — пасыпаліся да Віці пытанні.

— Хлопцы жывыя і здаровыя, і вось што яны знайшлі,— сказаў Віця і падаў Зінаідзе Антонаўне запісную кніжку.

— Што гэта?

— Запісная кніжка партызана Сцяпана Казімірава.

— Сцяпана Казімірава? — Зінаіда Антонаўна раптам збялела і схапілася за грудзі.— Сцёпа, дарагі Сцёпа… — прашаптала яна.

Усе прыціхлі. Глядзелі на Зінаіду Антонаўну і нічога не разумелі. Хто гэты Сцёпа і чаму іх настаўніца, заўсёды вытрыманая, раптам так расхвалявалася?

Зінаіда Антонаўна тым часам пачала шпарка перагортваць старонкі кніжкі, але прачытаць што-небудзь таксама не змагла.

— Яе трэба прасушыць спачатку, — сказаў Віця. — Мы глядзелі, там лісты пасклейваліся і літары парасплываліся.

— А дзе ж Толік, Васілёк і Жэнька? — справіўшыся з хваляваннем, запытала Зінаіда Антонаўна.

— Яны засталіся ў лесе. Паперы доктара Долахава, пра якія піша Сцяпан Казіміраў, схаваны не на Косінскай дзялянцы, а пад старым дубам, што па дарозе на станцыю. Вось яны і пайшлі адкопваць іх. Заўтра ўвечары абяцалі вярнуцца.

— Зінаіда Антонаўна, а хто такі Сцёпа Казіміраў? — не вытрымала Ніна. — Вы яго і тады ўспаміналі, калі нашы хлопцы знайшлі надпіс на бервяне.

— Хто такі Сцёпа Казіміраў? Гэта чалавек, аб якім можна было б напісаць цэлую кнігу.

— Раскажыце, раскажыце нам пра яго! І пра доктара Долахава таксама… — закрычалі разам усе.

— Ну добра, я раскажу вам пра тое, што ведаю, — згадзілася Зінаіда Антонаўна. — Мы разлучыліся з ім ужо незадоўга да прыходу нашых войск. А пра апошнія дні Сцёпы, я думаю, нам раскажа яго запісная кніжка.

Панскі рахунак

— Вы ведаеце, — пачала Зінаіда Антонаўна, — што наша вёска Ляхаўцы знаходзіцца даволі далёка ад тракту, чыгуначнай станцыі і населеных пунктаў. Вакол яе на дзесяткі кіламетраў раскінуўся лес. Да ўз'яднання заходніх абласцей Беларусі з усходнімі ўвесь гэты лес і зямля належалі пану Вышамірскаму. Сям'я ў пана Вышамірскага была невялікая: сам пан — маленькі, рыжы, гарбаты чалавек з чырвонымі вачыма, якія заўсёды слязіліся, пані — высокая, хударлявая жанчына з пабітым воспаю тварам, і два панічы: Антэк і Ромусь. Антэк служыў у польскім войску. Ён быў даўгі, худы, як і маці, і ногі ў яго былі нібыта прыцёртымі адна да другой. Ромусь быў падобны на бацьку: такі ж рыжы і з такімі ж чырвонымі вачыма.

Звычайна пан Вышамірскі жыў у Варшаве. Сюды, у вёску, ён прыязджаў толькі на лета.

Астатні ж час вялікі двухпавярховы дом з калонамі і верандай, абвітай дзікім вінаградам, пуставаў. У ім жылі панскі аконам і дзесяткі са два паляўнічых сабак.

У верасні 1939 года, калі савецкія войскі падыходзілі да Ляхаўцаў, усе Вышамірскія ўцяклі за граніцу.

Як вольна тады ўздыхнулі людзі! У першы час нават не верылася, што не трэба гнуць больш спіну на пана. А хутка і жыццё пайшло інакшае. У Ляхаўцах арганізаваўся калгас. У былым маёнтку пана Вышамірскага адпачывалі і лячыліся дзеці: там стварылі санаторый.

Але нядоўга вольна пажылі ляхаўчане. На Савецкі Саюз вераломна напалі нямецка-фашысцкія захопнікі. Разам з імі ў Ляхаўцах з'явіўся і Антак. Фашысты пакінулі яго тут начальнікам паліцыі раёна. Яшчэ праз колькі часу прыехаў і сам пан Вышамірскі з жонкай і рыжым Ромусем. Пан адразу ж загадаў сялянам вёскі Ляхаўцы заплаціць за карыстанне маёнткам, зямлёй, а таксама лесам і лугам. Сяляне ж і не думалі плаціць. Тады Вышамірскі звярнуўся за дапамогай да свайго сына Антака. І вось аднойчы раніцой у вёску на матацыклах прыехалі паліцэйскія на чале з Антакам, акружылі яе, людзей выгналі на вуліцу. Перад імі, пагражаючы рэвальверам, выступіў Антак.

— Рахунак майго бацькі,— пісклявым голасам крычаў ён, — справядлівы рахунак! Вы карысталіся нашай зямлёй, лугамі, лясамі і за ўсё гэта павінны заплаціць! Калі вы не заплоціце па добрай волі, то я прымушу вас сілай! Прымаю толькі золата, срэбра і каштоўныя рэчы!

Ніхто з ляхаўчан нават не паварушыўся.

— Ах, так! — запішчаў паніч. — Тады я сам…

Разам з двума паліцэйскімі ён знік у бліжэйшай хаце.

Рабавалі яны аж да паўдня, не мінулі ніводнай хаты.

Як потым стала вядома, пан Вышамірскі са сваім сынам-бандытам зрабілі тое ж самае і ва ўсіх іншых вёсках, якія былі падначалены Антаку.

Праўда, гэта ім так не сышло з рук. Аднойчы ўначы загарэўся панскі маёнтак. Калі перапалоханыя жыхары маёнтка выбеглі на вуліцу, пачулася аўтаматная чарга. Пані Вышамірская была забіта, а пан цяжка паранены.

Назаўтра зноў прыехалі паліцэйскія. Як звяры, урываліся яны ў хаты і выганялі людзей прыкладамі аўтаматаў. Выстраіўшы ўсіх на вуліцы, Антак пачаў допыт. Ён падышоў да школьнага вартаўніка дзеда Івана — адзінага мужчыны, які ў той дзень застаўся ў вёсцы.

— Гэта ты падпаліў маёнтак?

— Не, не я… — адказаў дзед Іван.

— А хто?

— Не ведаю.

Антак са злосцю выцяў дзеда па галаве бізуном і перайшоў да допыту жанчын. Ён спыняўся па чарзе каля кожнай жанчыны, крычаў, біў, пагражаў расстрэлам, патрабуючы прызнання. Але жанчыны адказвалі, што яны нічога не ведаюць.

Не дазнаўшыся, хто падпаліў маёнтак і забіў матку, Антак адабраў дзесяць чалавек заложнікаў і загадаў пагрузіць іх у машыну. Калі паліцэйскія пачалі выконваць загад свайго начальніка, узняўся плач і лямант.

— Цішэй! — зароў Антак і стрэліў угару з рэвальвера. — Калі заўтра да дванаццаці гадзін ночы ніхто з вас не прыйдзе і не скажа, хто падпаліў маёнтак, заложнікі будуць расстраляны!

Начальнік паліцыі сеў у кабіну грузавой машыны з арыштаванымі заложнікамі і паехаў. Спераду і ззаду машыны ехалі на матацыклах паліцэйскія.

Жанчыны не пераставалі плакаць. Толькі дзед Іван сядзеў спакойна і пыхкаў люлькай, хоць паліцэйскія павезлі з сабой у якасці заложніцы і яго ўнучку.

— Супакойцеся, кабеткі,— суцяшаў дзед Іван жанчын. — Нашы заложнікі хутка вернуцца.

— Як жа яны вернуцца?

— Іх вызваляць…

— Хто ж вызваліць?

— Знойдуцца добрыя людзі,— ухіліўся дзед ад адказу, — я паслаў да іх паведамленне.

— Як?.. Кім? — дапытвалася адна жанчына, у якой паліцэйскія забралі дзве дачкі.— Усе ж нашы вяскоўцы былі тут.

— Каго паслаў — сакрэт…

Дзед Іван казаў праўду: гадзіны праз тры ўсе заложнікі вярнуліся ў вёску. Людзі з усіх бакоў кінуліся да іх:

— Хто вас вызваліў?

— Партызаны! — адказалі яны. Зінаіда Антонаўна расказвала так цікава, што ніхто і не заўважыў, як падкраўся вечар і змрок запоўніў пакой. Настаўніца ўстала, шчоўкнула выключальнікам. Ад яркага электрычнага святла многія нават зажмурыліся.

Вучні нецярпліва глядзелі на Зінаіду Антонаўну, чакаючы працягу расказу, але настаўніца аб чымсьці задумалася і маўчала.

— Зінаіда Антонаўна, а вы ведаеце, хто паведаміў партызанам, што ў вёску зноў прыехалі фашысты? — не вытрымала Ніна.

— Ведаю.

— Хто? Скажыце! — зашумелі дзеці.

— А вы слухайце далей.

Першы сувязны