Выбрать главу

Колькі разоў каяўся Усяслаў за сваю даверлівасць па дарозе ў Кіеў і потым, у жудаснай земляной турме-порубе, куды яго кінулі, закаваўшы ў кайданы. Намеры Яраславічаў зразумелыя — згнаіць, звесці Рагвалодаў корань са свету, учыніць тое, што рабіў ды не скончыў Уіадзімір з ваяводам Дабрынем. На літасць крывіцкі князь не спадзяваўся — ведаў, які прыклад даў спадкаемцам сам Яраслаў Мудры: пасадзіў у поруб роднага брата Судзіслава, і сядзеў ён там чвэрць стагоддзя, пакуль не пачаў дыхаць на ладан. Толькі тады выпусцілі пляменнікі дзядзьку на божы свет, каб праз манаскі зарок вырваць адмову ад усякіх княжых правоў. Такі, а мо і страшнейшы лёс чакаў і Рагвалодавічаў.

Вязніца — сырая яма, накрытая зверху ў тры накаты бярвёнамі з маленькім вакенцам, праз якое ледзьве точыцца паветра ды прасоўваюць палоннікам хлеб з вадою. Наперадзе безнадзейнасць, і, здаецца, лепей перагрызці зубамі жылы ды сплыць крывёю, чым ператварыцца ў лядачага старога і бачыць, як гасне жыццё ў сынах. Але князя трымала на гэтым свеце думка пра Бацькаўшчыну, якую рабавалі кіеўскія стаўленікі. Трымала і надзея на паганскіх багоў, з якімі Чарадзей ад нараджэння стараўся жыць у згодзе: не крыўдзіў вешчуноў, не руйнаваў капішчаў, будаваў над Дзвіною свой хрысціянскі сабор, ды здымаў званы з сабора ноўгарадскага.

Якому богу маліўся князь, у каго прасіў збавення ад палону — невядома. Аднак праз год вызваленне прыйшло.

У 1068 годзе на кіеўскую зямлю ўварваліся полаўцы. Яраславічы выйшлі насустрач і былі ўшчэнт разбітыя. «За грахі нашы наслаў Бог на нас паганых, і пабеглі рускія князі», — выводзіў летапісец, успамінаючы вераломства пад Оршаю.

Кіяне сабраліся на веча і запатрабавалі ад князя коней і зброі. Ізяслаў пабаяўся, што, перш чым ісці на полаўцаў падданыя расквітаюцца з ім самім. Вечавыя паслы вярнуліся ні з чым. У раз’юшаным чалавечым збоі ўсё часцей выгуквалі імя зняволенага ненавісным Ізяславам полацкага князя. Расійскі гісторык В. Тацішчаў адзначаў што кіяне пачалі дамагацца вызвалення Усяслава «яко искусного в войне» і патрабавалі адправіць яго «против неприятеля».

Палова натоўпу пабегла да поруба, другая рушыла на вялікакняжацкі двор. Кіеўскія баяры раілі свайму гаспадару паслаць верных людзей, каб падманам завабілі Усяслава да вакенца і працялі мячом. Ізяслаў не адважыўся — загадаў сядлаць коней.

«Людзі ж вызвалілі Усяслава з турмы на пятнаццаты дзень верасня, — сведчыць летапіс, — і праславілі яго пасярод княжага двара. Двор жа разрабавалі, безліч золата і срэбра ў манетах і злітках забраўшы». Ёсць падставы лічыць, што выбаўленню полацкага князя з вязніцы і абранню яго на велікакняжацкі пасад спрыяў ігумен Кіева-Пячорскага манастыра Феадосій. Вядома, што Чарадзей быў у прыязных дачыненнях і з адным з самых адукаваных людзей таго часу Антоніем Пячэрскім.

Яшчэ раз дадзім слова летапісцу, узгадаўшы перад тым падзеі лета 1067 года, калі полацкі князь прыехаў да Ізяслава на перамовы пад Оршу і быў захоплены ў палон. «Гэтым, — апавядае пра вызваленне Чарадзея летапіс, — Бог паказаў сілу крыжа, бо Ізяслаў цалаваў крыж, а пасля схапіў Усяслава. Таго ж выратаваў святы крыж, бо ў дзень Узвіжання Усяслаў уздыхнуўшы, сказаў: «О, святы крыжу! Я верыў у цябе, таму ты і выбавіў мяне з гэтай вязніцы». Бог жа паказаў сілу крыжа дзеля навукі зямлі Рускай, каб не пераступалі святога крыжа, пацалаваўшы яго; калі ж хто пераступіць, то і на зямлі будзе пакараны, і ў будучым прыме кару вечную. Вялікая сіла святога крыжа: крыжам бываюць пераможаныя сілы д’ябальскія, крыж князям у бітвах дапамагае і аберагае… Нічога не баяцца чэрці, толькі крыжа». Як мы пазней убачым, найбольш уважліва прачытае гэтыя словы Усяславава ўнучка Еўфрасіння.

Усяслаў Брачыславіч стаў вялікім кіеўскім князем. Адмерана на гэта яму было мала — усяго сем месяцаў. Ды на тое ён і Чарадзей, каб за месяц паспяваць столькі, на што іншаму і года мала. Зрабіў з Кіева імклівы паход на Тмутаракань, набыў там коней, якіх не хапала дзеля адпору «паганым». Напрыканцы таго ж года полаўцы адчулі сілу новага кіеўскага ўладара і, разгромленыя, адступілі ў сваё Дзікае Поле. Можа, у тыя сем месяцаў Усяслаў і заслужыў у аўтара «Слова пра паход Ігаравы» пахвалу за дзяржаўны розум і справядлівасць: «Всеслав князь людем судяше, князем грады рядяше»?

Зрэшты, ён не збіраўся надоўга затрымлівацца на кіеўскім пасадзе. Чужы горад, ненадзейная дружына, варожае баярства. Адмовіліся плаціць даніну ноўгарадцы, касавурацца паўднёвыя князі. Збеглы Ізяслаў таксама не хацеў развітвацца з вотчынай і набліжаўся да Кіева з войскам цесця, польскага караля Баляслава. На каго Усяслаў мог разлічваць? Адно на просты люд, што абвясціў яго сваім валадаром.

Князь вёў дружыну на Ізяслава, а праз сотні вёрст яго ўладна клікалі званы полацкае Сафіі. Апрача іншых прычын вяртання Усяслаў бачыў небяспеку полацка-польскай вайны. Пад Белгарадам ён таемна ад кіянаў пакінуў войска і накіраваўся ў Полацк. Аўтар «Слова» сказаў пра тыя падзеі надзвычай вобразна:

Ha сёмым веку Траяна кінуў жэрабя Усяслаў маўкліва на любую сваю абраную. Ды хітрасцю асядлаў коней рана і скочыў да горада Кіева, і дакрануўся дзідаю да залатога прастола кіеўскага. Скочыў ад іх лютым зверам апаўночы з Белгорада, сінім воблакам ахінуўся.

Князь вяртаўся на радзіму, у сваю дзяржаву, якой прысягнуў на вернасць. Ён ведаў, што трэба рыхтавацца да доўгай і зацятай барацьбы, што за незалежнасць давядзецца плаціць тысячамі жыццяў.

Павыколваўшы вочы ды пасцінаўшы галовы Чарадзеевым прыхільнікам, князь Ізяслаў з польскімі дружынамі рушыў з Кіева на Полацк. Усяслаў з купкаю найбліжэйшых прыдворных мусіў ратавацца ў фінскага племені водзь, адкуль, магчыма, паходзіла яго маці. Вадзякі былі паганцы, а таму прынялі князя-вешчуна гасцінна і далі яму войска дзеля паходу на Ноўгарад.

Крывіцкіх ваяроў Усяслаў пад рукою не меў, а фінскія не вытрымалі націску ноўгарадцаў і пабеглі. Князь трапіў у палон, але адразу ж выйшаў на волю. Ноўгарад памятаў, як тры гады таму палачане рабавалі горад, як грузілі на калёсы сафійскія званы, ды пачуццё помсты перамог палітычны разлік. Нават гнаны і палонны, Чарадзей быў небяспечны вораг, бо за ім стаяла Полацкая дзяржава. Такога выгадней адпусціць — няхай ваюе з Кіевам.

I Чарадзей ваяваў. На два гады знікшы з відавоку летапісцаў у 1074-м ён раптоўным ударам выгнаў з Полацка кіеўскага стаўленіка Святаполка.

Дзённы пераход коннага войска складаў тады паўсотні кіламетраў, а калі ваяры ехалі ўлегцы, з запасным канём на повадзе, дык маглі за летні дзень дапясці з Віцебска да Полацка — прайсці ўдвая болей. Галоўнай вайсковаю сілай была конніца з княжых дружыннікаў. На ўзбраенні яны мелі дзіды, мячы, вялікія шчыты-тарчы, на бліжні бой — сякеры, кісцяні, паліцы-шастапёры. Наперад у паходзе высылалі «старожы», што імкнуліся захапіць языка. Абавязкова дзейнічалі выведнікі. Воіны нярэдка мусілі рабіць масты і масціць грэблі. Кальчугі, панцыры, шаломы — усё цяжкае ўзбраенне ўсходнеславянскія дружыны заўсёды везлі асобна і надзявалі толькі перад небяспекаю. У арсенале вайсковых хітрасцей былі засады, падманныя ўцёкі, несапраўдныя станы з яркімі вогнішчамі. Перад боем на адкрытым месцы войска шыхтавалася: пасярод стаяў галоўны полк, які называўся чало, па баках — крылы. Адрознідь дружыны славянскіх князёў па знешнім выглядзе было цяжка, таму вялікая роля належала баявым харугвам і бунчукам.

Калі здабыць горад прыступам не ўдавалася, войска пачынала аблогу. Варожыя ўмацаванні абносілі тынам, або будавалі астрог, за якім хаваліся лучнікі. Пад прыкрыццём іх стрэлаў абложнікі падцягвалі камнямётныя машыны — парокі. Камяні з іх (адзін такі снарад, выжыльваючыся, падымалі два чалавекі) ляцелі на паўтара палёта стралы. Камнямёты маглі стаяць і на сценах, што ў тыя часы былі зазвычай драўляныя. Наблізіўшыся да горада, абложнікі завальвалі роў хлудам ды ссечанымі дрэвамі. У зробленых парокамі праломах завязвалася рукапашная. Ваяры лезлі па драбінах угору, адтуль на іх ляцела бярвенне і камяні, лілася гарачая смала.