Выбрать главу

Сярод гэтых старых будынкаў яшчэ заставалiся два панскiя дамы. Сем'i Лярок i Дэскейру захавалi iх у тым выглядзе, у якiм атрымалi ў спадчыну ад сваiх продкаў. Мэр горада Б., член генеральнага савета дэпартамента Жэром Лярок меў сваю галоўную рэзiдэнцыю пры ўездзе ў сталiцу супрэфектуры, i нiчога не хацеў мяняць у доме ў Аржалузе, якi яму пакiнула нябожчыца жонка (яна памерла пры родах, калi Тэрэза была яшчэ зусiм малая). Тое, што Тэрэза любiла летнiя канiкулы iменна ў Аржалузе, дзе яна ўпершыню ўбачыла свет, зусiм не дзiвiла месьё Лярока. Яна прыязджала сюды ў лiпенi i жыла пад наглядам цёткi Клары, старэйшай бацькавай сястры. Гэта была жанчына ў гадах, якая састарэла ў дзеўках, да таго ж глухая. Цётка таксама любiла гэты адзiнокi куточак, дзе, як яна казала, ёй не трэба было ўвесь час сачыць за чужымi губамi, каб хоць напалову зразумець субяседнiка. З ёй тут размаўлялi толькi вецер ды сосны...

Месьё Лярок ахвотна пускаў сваю дачку ў Аржалузу. Гэта здымала з яго лiшнi клопат, а галоўнае - зблiжала Тэрэзу з Бернарам-Дэскейру, за якога яна павiнна была выйсцi замуж. Так пажадалi абедзве сям'i, хоць iх пагадненне яшчэ не мела афiцыйнага характару.

Бернар Дэскейру атрымаў ад свайго бацькi дом у суседстве з Лярокамi. Праўда, паяўляўся ён там толькi з надыходам паляўнiчага сезону, жыў найчасцей у будане, а ў доме начаваў толькi ў кастрычнiку. Зiмой гэты разважлiвы малады чалавек вывучаў права ў Парыжы. Летам прыязджаў сюды хiба што на некалькi дзён, бо недалюблiваў свайго айчыма Вiктора дэ ля Траў, якi прыйшоў у сям'ю Дэскейру гол як сакол, затое вельмi хутка пацвердзiў перад усiм Сэн-Клерам сваю рэпутацыю адмысловага марнатраўцы. Бернар без асаблiвай увагi адносiўся да сваёй зводнай сястры Анны дэ ля Траў, бо лiчыў яе яшчэ зусiм малой. А цi многа ён думаў пра Тэрэзу? У ваколiцах толькi i гаварылi пра iх вяселле, бо сама маёмасць Лярокаў i Дэйскейру, здавалася, на тое i iснавала, каб аднойчы аб'яднацца. Разумны малады чалавек пагаджаўся з гэтай усеагульнай думкай. Разам з тым ён нiчога не пакiдаў на волю выпадку i лiчыў справай гонару ўменне наладзiць уласнае жыццё: "Чалавек бывае няшчасны толькi па сваёй вiне..." любiў паўтараць гэты сытаваты юнак. Да жанiцьбы ён пароўну дзялiў свой час на справы i забаўкi. Любiў добра з'есцi, выпiць i асаблiва хадзiць на паляванне. Затое i ў працы, i ў вучобе гэты чалавек быў, са слоў мацi, "апантаны", - бо муж павiнен быць больш адукаваны, чым жонка. Мiж тым, Тэрэза ўжо тады славiлася сваiм розумам. "Што ж, яна i праўда разумная, нiчога не скажаш...", - пагаджаўся Бернар. Зрэшты, ён добра ведаў, як паставiць жанчыну на месца... "I хiба дрэнна, - не раз паўтарала яму мацi, - мець за цесця месьё Лярока? Хто-хто, а гэты чалавек будзе карысны..."

I вось у 26 гадоў, зрабiўшы некалькi падарожжаў па грунтоўна прадуманым маршруце ў Iталiю, Гiшпанiю, Галандыю, Бернар Дэскейру вырашыў ажанiцца. Яго абраннiцай была адна з самых багатых i разумных дзяўчат ва ўсёй акрузе. Магчыма, яна была не самая прыгожая, аднак гэта ж пра яе гаварылi: "Яе не зразумееш, прыгожая яна цi не. Проста адчуваеш яе абаяльнасць..."

Тэрэзе стала аж смешна, калi яе фантазiя намалявала вось гэтую карыкатуру на Бернара: "Што нi гавары, а ён намнога лепшы, чым большасць маладых людзей, за якiх я магла б выйсцi замуж".

Увогуле жанчыны ў гэтых мясцiнах больш адчувальныя, тонкiя, чым мужчыны, якiя са школьнай парты кампануюць толькi памiж сабою i асаблiвай душэўнай вытанчанасцi не набываюць. Мужчынскае сэрца назаўсёды аддадзена ландам. З iмi звязаны ўсе радасцi мужчыны. I нават на нейкi час пакiдаючы ланды, ён усё роўна ў думках застаецца з iмi. Страцiць падабенства з фермерам, адрачыся ад мясцовай гаворкi, адмовiцца ад грубаватых манер, звычаяў - азначала б для мужчыны здрадзiць родным ландам. Але цi не хаваецца пад суровым выглядам Бернара нейкая своеасаблiвая дабрыня? Калi ён хварэў i быў амаль што гатовы развiтацца з гэтым светам, фермеры гаварылi: "Другога такога гаспадара ўжо не будзе..." Канешне, Бернар добры, справядлiвы, шчыры. Нiколi не любiць гаварыць пра тое, чаго не ведае, не пераацэньвае сваiх магчымасцей. У маладосцi ён быў не такi ўжо i непрыгожы, гэты нязграбны Iпалiт*, якога дзяўчаты цiкавiлi куды менш, чым паляванне на зайцоў.

* Тут маецца на ўвазе цнатлiвы малады чалавек. У мiфалогii старажытнай Грэцыi Iпалiт - юнак, якi не прыняў кахання сваёй мачахi Федры.

Тэрэза прыцiскаецца шчакой да вагоннага акна. Прыплюшчвае вочы, i зусiм не Бернар, яе раўнадушны жанiх, паўстае перад ёю, а яго малодшая сястра Анна. Гэта яна, расчырванелая, iмчыцца на веласiпедзе па дарозе з Сэн-Клера ў Аржалузу. Яшчэ толькi каля 9 гадзiн ранiцы, яшчэ не наступала самая спёка, а цыкады, нiбы iскры, пералятаюць ад хвоi да хвоi i зямля пад летнiм небам дыхае жарам, быццам вялiзная распаленая печ. З верасовых зараснiкаў узнiмаюцца хмары машкары.

"Накiнь што на плечы, бо ў нас у гасцiнай холадна, як у лядоўнi", гаварыла Анне Тэрэза. А цётка Клара дадавала: "Дзiцятка маё, зараз я дам табе выпiць чаго-небудзь халодненькага. Пачакай, астынь трохi, ты ж уся аблiваешся потам..." Анна гучна вiталася з глухой цёткай. "Ты так ужо не старайся, сцiшвала яе Тэрэза, - яна добра разумее па губах". Дарэмна Анна старанна вымаўляла кожнае слова, крывячы свой маленькi роцiк: цётка адказвала неўпапад, i ўрэшце, не вытрымаўшы, сяброўкi выбягалi на двор, каб там уволю насмяяцца.

З гэтага цёмнага вагона глядзiць Тэрэза на лепшыя днi свайго жыцця - такiя чыстыя, напоўненыя трапяткой няпэўнай надзеяй шчасця. Не ведала яна тады, што тыя водблiскi радасцi - яе адзiнае шчасце ў гэтым свеце. Нiчога, нiчога не прадракала, што не будзе ў яе жыццi святлейшых часiн, чым у тое спякотлiвае лета...

Яна сядзела побач з Аннай на старой канапе, абабiтай чырвоным рыпсам... На каленях у Анны ляжаў альбом фатаграфiй... Адкуль жа прыходзiла тады шчасце? Хiба было што-небудзь агульнае ў густах Тэрэзы i Анны? Да кнiг Анна ахвоты не мела, любiла яна толькi шыць, шаптацца i смяяцца, Нi пра што сур'ёзна не думала. А Тэрэза з прагнасцю чытала i раманы Поля дэ Кока, i "Размовы ў панядзелак" Сэнт-Бёва, i "Гiсторыю консульства" Цьера - усё, што магло апынуцца на кнiжных палiцах маёнтка. У адным толькi супадалi iх густы: iм падабалася быць разам у гэтыя летнiя днi, калi адзiны прытулак ад спёкi можна было знайсцi ў зацемненым пакоi. Часам Анна ўставала паглядзець, цi не спала гарачыня. Аднак варта толькi было адчынiць аканiцы, як у пакой, нiбы струмень расплаўленага металу, урывалася сонечнае святло. Здавалася, вось-вось возьмецца гарэць цыноўка на падлозе... Таму трэба было хуценька ўсё зачыняць.