Выбрать главу

Агýльная пáмяць (common storage area) — частка аператыўнай памяці, якую можа выкарыстоўваць больш чым адна праграма.

Агýльны шлюзавы інтэрфэйс (Control Gateway Interface — CGI) — гэта набор правілаў і пагадненняў, якіх павінны прытрымлівацца розныя Web-серверы пры выкананні Web-дадаткаў.

Агібáльная (огибающая, envelope) — у гукавых хвалях: лінія змянення амплітуды калыхання гукавога сігналу. Гукавая агібальная звычайна мае складаную форму і ў ёй вылучаюць чатыры інтэрвалы — атака, спад, устойлівае значэнне і затуханне.

Агрэгáт (aggregate) — структураваная сукупнасць інфармацыйных аб’ектаў, вызначаная як адзіны тып звестак. Сукупнасць неабавязкова аднародных аб’ектаў, якія складаюць адзінае цэлае.

Агрэгáт звéстак (data aggregate) — група запісаў альбо блокаў звестак, якія звычайна ўтрымліваюць апісанне месцазнаходжання кожнага блоку ў гэтай групе і яго ўзаемасувязяў з усім наборам.

Агрэгацыя (aggregation) — групаванне для выкарыстання ў базе звестак альбо для ўстанаўлення ўзаемасувязі паміж аб’ектамі.

Адáптар (adapter) — пячатная электронная плата (тое ж інтэрфейсная плата), якая можа быць уманціравана ў кампутар, звычайна ў разьём пашырэння, для павелічэння магчымасцяў кампутара. Адаптар працуе пад кіраваннем спецыяльнай праграмы, якая называецца драйверам. Прыклады адаптараў: адаптар дысплея, адаптар магнітных дыскаў, адаптар друкаркі і інш.

Адáптар асінхроннай сувязі (ACIA, asynchronous communications interface adapter) — адаптар, які звычайна ўяўляе сабой адну мікрасхему, якая забяспечвае абмен інфармацыяй з кампутарам без неаходнасці ўзгаднення сігналаў сінхраімпульсамі.

Адáптар дысплéя (display adapter, video adapter) — электронная плата, якая генеруе відэасігнал, пасылаемы відэадысплею па кабелі. Размяшчаецца альбо на асноўнай сістэмнай плаце кампутара, альбо на плаце пашырэння; можа быць і часткай тэрмінала.

Адáптар інтэрфейса, сеткавы адаптар (interface adapter, network adapter) — плата пашырэння альбо іншая прылада для злучэння кампутара з лакальнай вылічальнай сеткай.

Адáптар канáлаў (channel adapter) — прылада, якая дазваляе прымяняць у апаратуры сувязі два розных тыпы каналаў перадачы звестак.

Адáптар лініі (line adapter) — прылада (напрыклад мадэм) для злучэння кампутара з лініяй сувязі і пераўтварэння звестак у форму, прыдатную для перадачы.

АДА (ADA) — мова праграмавання высокага ўзроўню. Узнікла ў 1979 г. Мова названа ў гонар першага ў гісторыі праграміста — Ады, графіні Лавелейскай, якая падказала Чарльзу Бэббіджу некалькі прынцыпаў праграмавання, якія застаюцца актуальнымі і сёння.

Адаптáцыя (adaptation) — прывядзенне сістэмы ў стан, арыетаваны на ўмовы прымянення.

Адаптáцыя па хуткасці (Rate Adaptation — RA) — прымяняецца для існуючых тэрміналаў, якія не падтрымліваюць лічбавую сетку інтэграванага абслугоўвання (прымяняецца для перадачы мовы, звестак, відэя), і забяспечвае перадачу звестак пры іх рабоце ў гэтай сетцы.

Адапты́ўнае размеркавáнне канáлаў (adaptive channel allocation) — сістэма перадачы звестак, у якой лініі сувязі не фіксаваныя, а выдзяляюцца па запатрабаванні.

Адапты́ўнасць (adaptation) — здольнасць сістэмы змяняць свае параметры ў сувязі са змяненнямі ў яе самой або, пры ўмовах яе прымянення дзеля павышэння эфектыўнасці.

Адапты́ўная сістэма кіравáння (adaptive control system) — метад кіравання, які выкарыстоўвае зваротную сувязь для змянення сваіх дзеянняў у залежнасці ад рэакцыі сістэмы.

Адбітак (mirroring) — люстэркавы паварот графічнага адлюстравання адносна апорнага аб’екта, напрыклад восі сіметрыі.

Адвóд (spur) — кропка ў кампутарнай сетцы для падключэння тэрмінала.

Адвóльны дóступ (random access) — дазваляе за вельмі кароткі час дасягнуць любога месца на носьбіце інфармацыі.

Адварóтнае праектавáнне (reverse engineering) — аналіз праграмы для вызначэння прымененых у ёй прынцыпаў. Ужываецца для стварэння праграм, прызначаных выконваць аперацыі, якія ёсць у іншых праграмах. Для новых праграм адваротнае праектаванне праводзіцца з мэтай вызначыць іх адпаведнасць існым стандартам.

Адварóтная сумяшчáльнасць (downward compatibility) — здольнасць складанай сістэмы працаваць з больш простай. Такая сумяшчальнасць дазваляе здзяйсняць перадачу звестак паміж двума кампутарамі рознага класа. Для праграмнага прадукта: адваротна сумяшчальны з папярэдняй сваёй версіяй.