Выбрать главу

Гэтую сваю кнігу Аляксандр Пятровіч чакаў з такім нецярпеннем, як, бадай, ні адну папярэднюю. Быццам прадчуваў, што яна будзе ў яго апошняй. Тады, як паказаў мне карэктуру, мы неўзабаве развіталіся: ён хацеў уладзіць у Саюзе пісьменікаў сякія-такія справы да пачатку сходу, які неўзабаве меўся адбыцца. Угаворваў пайсці разам, але такога жадання ў мяне не было. Прычына гэтага нежадання была ў тым, што на той час рэдка якое мерапрыемства, што праходзіла ў Доме літаратара, абыходзілася без палітыканства.

Што і гэтым разам ўсё адбывалася менавіта так, неўзабаве ўпэўніўся і я. Усё ж-такі праз некаторы час, як мы развіталіся з А. Капусціным, я вырашыў наведацца ў Дом літаратара. Не ведаю, чаму нечакана ўсё ж з’явілася такое жаданне. Магчыма, узнікла нейкае нядобрае прадчуванне? Можа, і так, але катэгарычна сцвярджаць не бяруся.

Зайшоў у Дом літаратара, пачаў падымацца на другі паверх, але толькі ступіў у фае, як пераканаўся, што адбываецца тое, што і павінна было адбывацца. Праз адчыненыя дзверы, што вялі ў залу, чуліся шум, выкрыкі, на сцэну адзін за адным ірваліся «праўдалюбцы».

Увайшоў у залу, агледзеўся па баках: хацелася ўбачыць Аляксандра Пятровіча. Але яго не заўважыў, таму пайшоў назад. А ў гэты час А. Капусціну было блага. Вельмі блага. Несумненна, што яму з абвостраным пачуццём сумленнасці, балюча было ад усведамлення таго, што самыя лепшыя намеры зводзяцца да навешвання адзін аднаму палітычных бірак, зноў назіраецца непрыманне чужых думак і меркаванняў. Таму і паспяшаўся да выхаду.

Паспеў з цяжкасцю дайсці да вестыбюля, у якім паваліўся на падлогу. Тэрмінова выклікалі «хуткую». Аднак яна ехала да Дома літаратара ажно трыццаць хвілін. І гэта ў той час, калі падстанцыя яе знаходзіцца за некалькі соцень метраў ад яго.

Так 16 кастрычніка 1996 года і стала апошнім днём у жыцці Аляксандра Пятровіча.

* * *

Калі пішуцца гэтыя радкі, за акном — зіма. Кажуць, што яна сёлета — ранняя. Не, зусім не раняя. Проста мы прывыклі апошнім часам, што яна затрымліваецца, а тут наступіла своечасова. Ведаю, як бы ўзрадаваўся яе прыходу А. Капусцін. Адразу ўзяў бы лыжы і паспяшаўся ў лес, які быў непадалёку ад яго дома, што па вуліцы Гамарніка ў Мінску. А адпачыць на прыродзе ён любіў. З ранняй вясны, калі прагрэецца вада, — да позняй восені плаваў. А зімой, канечне ж, лыжы. Здавалася, што яго, нягледзячы на перажытае — у гады вайны, хопіць яшчэ не на адзін год.

Здавалася...

Хораша цяпер у лесе. Марозна, свежа. Так прыемна блукаць, удыхаючы све-жае паветра. А яшчэ міжволі ажываюць у памяці радкі А. Пысіна, прысвечаныя Аляксандру Пятровічу:

Зазімкам сняжыначка ўпала на след,

Цікуе вавёрачка з елкі.

Атлантамі ў неба —

                           задумлівы дзед,

І ты, —

              лейтэнант маладзенькі.

Астатняе ж — у кнігах самога А. Капусціна, якія так шмат могуць расказаць пра тое, як гэты маладзенькі лейтэнант праз усё сваё жыццё застаўся салдатам. Тым салдатам, які годна абараняў Радзіму ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а, узяўшыся за пяро, упісваў свае старонкі ў сучасную беларускую літаратуру.