Выбрать главу

Наступае момант, калі здаецца, што небяспека, прынамсі, на гэты час, мінулася: «Немцы кіраваліся да Хальча. Агледзелі ўчастак і вярталіся на пост. Калі яны адышлі, Алесь кінуўся да падводы. Пад нагамі трэснуў сук, але гэта для яго ўжо не мела ніякага значэння — далёка, не пачуюць. Бег ён лёгка, быццам не дакранаўся зямлі, а ляцеў у паветры. Здаля махнуў Тоні рукой: «Хутчэй!» Цяпер неабходна як мага хутчэй зрабіць самае галоўнае, дзеля чаго, уласна кажучы, і ехалі за колькі вёрст, каб далей ад роднай вёскі паваліць як мага болей тэлеграфных слупоў: «Пілавалі яны хутка. Тонка звінела сталь, іржавае пілавінне пругка пырскала пад ногі. Пабычыўшы, што слуп ужо ледзь ліпіць, выхапілі пілу, перабеглі да другога. Потым да трэцяга, да чацвёртага, да пятага. Спыніцца б, перадыхнуць... Не, трэба хутчэй, хутчэй...»

Увачавідкі ўспрымаеш гэтае імгненне рызыкі, адвагі і адказнасці. Такое не прыдумаеш. Падобнае неабходна самому перажыць, адчуць душой, сэрцам. Да трапяткога болю ў ім, да парывістага дыхання, калі і радасць (удалося тое, што задумалася), і трывога (вось-вось гатовы з’явіцца немцы) зліваюцца разам. Спрацоўвае ўжо не толькі талент пісьменніка, а і сваю работу «выконвае» памяць. Яна ўзнаўляе колішняе, адбіраючы найбольш важнае, істотнае, асобныя эпізоды з дзясяткаў, дачыненне да якіх меў сам аўтар апавядання ў час барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

Сябар сябру давярае

Пачалася ж гэтая барацьба для А. Капусціна ў чэрвені 1942 года, калі ён арганізаваў у сваёй роднай вёсцы камсамольска-маладзёжную падпольную групу. Аднадумцаў знайшоў сярод колішніх школьных сяброў, з якімі перад вайной вучыўся ў Жлобінскай дзесяцігодцы. Падштурхнула да таго, што нельга далей сядзець склаўшы рукі, ягоная старэйшая сястра Вера. Вось што ўспамінаў ён пра гэта ў сваім нарысе «Нас вадзіла маладосць»:

«Аднойчы мы ... капалі на гародзе бульбу. Яна (Вера. — А. М.), увогуле не замкнутая дзяўчына, на той час усё маўчала. Напоўніўшы сваё вядро, разагнулася, тыльным бокам далоні адкінула з ілба пасму валасоў, уважліва паглядзела на мяне.

— Не, братка, не быць на нашай зямлі фашыстам, не быць, — сказала нейкім пагрубелым, нібы не сваім (а голас у яе быў звонкі, спеўны) голасам».

Пасля, калі з сябрамі Мішам Таўсцялёвым, Юркам Хількевічам праходзіў міма бярозавага крыжа, пастаўленага гітлераўцамі на магіле забітага іхняга салдата, А. Капусцін не прамінуў недвухсэнсоўна заўважыць: «Прыгожы крыж, але яму чагосьці не хапае». Не здагадваўся, што Міша і Юра гэтыя ягоныя словы ўспрымуць заклікам да канкрэтнага дзеяння. Неўзабаве хлопцы павесілі на крыж дошку, на якой дзёгцем напісалі, што ўсіх ворагаў чакае гэткая ж бясслаўная смерць.

Само сабой у А. Капусціна ўзнікла думка аб стварэнні падпольнай групы. Тым больш, што сякі-такі арганізатарскі вопыт ён меў: калі вучыўся ў школе, з’яўляўся сакратаром камсамольскай арганізацыі, а ў першыя дні вайны ў вёсцы ўзначальваў групу народнага апалчэння.

Познім вечарам сябры сабраліся на яго кватэры. Юрка, Міша і яшчэ адзін сябрук Сяргей. Вырашылі даць клятву на змаганне з ворагам, а тэкст яе аднагалосна даручылі напісаць самому ініцыятару. Калі тэкст быў гатовы, па прапанове А. Капусціна, хлопцы, прамаўляючы яго, левую руку паклалі на разасланую на стале чырвоную хусцінку, якую яго сястра перад самай вайной купіла ў Жлобіне. Недзе праз два тыдні ў групу залічылі Веру і Тоню Войстрыкаву. Яны таксама прынялі прысягу.

Ніхто з іх і не ведаў тады, колькі давядзецца кожнаму пражыць. Сяргей, ужо ў партызанскім атрадзе, прастудзіўся і памёр. Юрка загінуў на фронце. Недарэчна пайшла з жыцця Тоня Войстрыкава. Яна пачала агітаваць у групу сябровак і стала паказваць ім, як абыходзіцца з пісталетам. Рабіла гэта неасцярожна, таму прагучаў стрэл. Баючыся, што гітлераўцы расстраляюць маці (чутка пра гэта пайшла па вёсцы), а таксама непакоячыся аб правале падпольнай групы, дзяўчына скончыла жыццё самагубствам, выстраліўшы з таго ж пісталета сабе ў скронь.

Пасля прыняцця прысягі разыходзіліся па адным, каб не падгледзела іх хіжае вока, каб злы чалавек ні пра што не даведаўся. І як ні цяжка было гэта рабіць, стрымлівалі радасць. Яшчэ б! Усіх іх аб’ядноўвала адна, няхай і не такая вялікая, але гэткая важная тайна. Не адкладваючы надоўга, узяліся за справу. Напачатку трэба было распаўсюдзіць як мага болей лістовак, каб расказаць людзям праўду пра тое, што дзеецца ў ваенным тыле і на далёкім фронце. Найчасцей тэксты лістовак складаў сам А. Капусцін, а перапісвалі потым іх ягоныя сябры. Рабілі гэта ноччу, пры свечках, загадзя завесіўшы вокны коўдрамі, каб ніхто нічога не бачыў, альбо, схаваўшыся дзе-небудзь, днём. І левай рукой спрабавалі пісаць, і друкаванымі літарамі.