Выбрать главу

Калі ж надараліся вольныя хвіліны, А. Капусцін любіў пабыць сам-насам. Ішоў за ваколіцу, туды, дзе далёка наперадзе неба быццам злівалася з зямлёй, ператвараючыся ў нешта цэласнае, адзінае, непарыўна звязанае. Далеч клікала, вабіла да сябе. Але адначасова прымушала і супыніцца. Палюбавацца хараством наваколля, сабрацца з думкамі. Нязменна ў такія моманты прысутнічала адна і тая ж: «Калі закончыцца гэтая ненавісная вайна і зноў можна будзе жыць спакойна, мірна». Але былі і іншыя думкі. Мройныя, што вярталі назад. І ў даваеннае юнацтва, і яшчэ далей — у маленства.

Сяргей Ясенін і савецкія ... селекцыянеры

Не памятаў ужо дакладна, у якім узросце, хутчэй за ўсё яшчэ ў малодшых класах, упершыню адкрыў для сябе непаўторнасць паэзіі Паўлюка Труса. Неяк познім вечарам прыйшоў з хаты-чытальні бацька, трымаючы ў руках невялічкую кніжачку.

— Во, добра, вершы Паўлюка Труса! — сказала маці.

Яна на той час займалася на курсах лікбезу, таму адразу папрасіла:

— Прачытай, калі ласка што-небудзь!

Саша таксама з нецярпеннем дадаў:

— Пачытай, татка, пачытай!

Яго, відаць, больш зацікавіла прозвішча паэта — нейкае нязвыклае і разам з тым такое простае. Наскае... А вершы адразу запаланілі шчырасцю, лірычнасцю. Радкі клаліся лёгка і хутка, адразу запаміналіся. З той часіны і нарадзілася ў А. Капусціна любоў да паэзіі П. Труса. Нездарма аўтабіяграфічныя нататкі «У свеце цудоўным і трывожным» ён пачаў менавіта з гэтага прызнання: «Як цудоўная казка, як дзіўны свет чароўных слоў увайшло ў маю дзіцячую душу: «Падаюць сняжынкі — дыяменты-росы, падаюць бялюткі за маім акном...»

Пасля была паэзія Аляксандра Пушкіна. Зноў красамоўнае прызнанне: «Памятаю, той зімой так незвычайна салодка ўзрушыла мяне і пушкінскае: «У лукоморья дуб зеленый, златая цепь на дубе том...» А потым «прыйшоў» да А. Капусціна Сяргей Ясенін. «Прыйшоў» ён да яго, як і да многіх прадстаўнікоў ягонага пакалення (ды хіба толькі ягонага, апальным паэтам ён з’яўляўся недзе ажно да сярэдзіны пяцідзясятых гадоў мінулага стагоддзя, дый тады не надта ахвотна трапляў у выдавецкія планы) забаронены.

Спачатку з вершамі С. Ясеніна яго пазнаёміў аднафамілец Мікола Капусцін, які ўжо вучыўся на рабфаку ў Мінску і на канікулы нязменна завітваў у родную вёску. Аднойчы ў коле вясковых хлопцаў і дзяўчат, сярод якіх былі і школьнікі, ён прадэкламаваў некалькі вершаў С. Ясеніна. Творы ўразілі многіх, у тым ліку і А. Капусціна. Іншай думкі прытрымліваўся сакратар камсамольскай ячэйкі Міхась Кузьмін. Дзейнічаў ён хутка, як гэта і рабілася ў трыццатыя гады. Назаўтра сабраў камсамольцаў у адным з пакояў сельсавета. А. Капусціну даручыў знайсці Міколу і таксама запрасіць яго.

Мікола ахвотна згадзіўся. І не толькі прыйшоў, але і гэтым разам прадэкламаваў С. Ясеніна. Калі М. Кузьмін пачуў: «Я теперь скупее стал в желаньях. Жизнь моя, иль ты приснилась мне? Словно я весенней гулкой ранью проскакал на розовом коне», не прамінуў кінуць: «Упадніцкія настроі! Песімізм».

Цяжка сказаць, як бы разгортваліся падзеі далей, калі б непрыкметна ў пакой не зайшоў старшыня калгаса Войстрыкаў. Ён аказаўся чалавекам разумным, а да ўсяго належаў да тых, хто разбіраўся ў сапраўднай паэзіі. Папрасіў яшчэ раз прачытаць урывак, які яму спадабаўся, а пасля прадэкламаваў на памяць: «Словно я весенней гулкой ранью проскакал на розовом коне» і дадаў: «Здорава!». На запытанне М. Кузьміна, а хіба бываюць ружовыя коні, жартам адказаў: «Могуць быць, савецкія селекцыянеры, калі спатрэбіцца, і такіх выведуць!»

Магчыма, і забыўся б гэты выпадак А. Капусціну, калі б пасля і сам ён ні далучыўся б душой да паэзіі С. Ясеніна. Адразу і назаўсёды. Не стрымаўся, падтакнуў Войстрыкаву: «Ага, здорава!» А пасля знаёмства з творчасцю П. Труса, А. Пушкіна, С. Ясеніна прыйшло і жаданне самому паспрабаваць пісаць вершы. У той жа аўтабіяграфіі чытаем: «Неўпрыкмет у маім вучнёўскім сшытку пачалі з’яўляцца свае рыфмаваныя радкі. Былі яны пра зіму і лета, пра піянерскі гальштук і варанога даўгагрывага каня».

Паэзія паэзіяй, але знаходзіў жаданне і час, каб паспяхова займацца па ўсіх прадметах — і гуманітарных, і дакладных. Ягоныя старанне і поспехі не засталіся незаўважанымі. Летам 1940 года па рашэнні Гомельскага абласнога аддзела народнай адукацыі жлобінскі школьнік А. Капусцін быў уключаны ў вучнёўскую групу экскурсантаў, якая накіроўвалася на Усесаюзную сельскагаспадарчую выстаўку ў Маскву. Паездка, безумоўна, цікавая, а калі ўлічыць, што А. Капусцін быў адзіным прадстаўніком Жлобінскага раёна, то і ганаровая. Не мог, канечне, і думаць-гадаць, што неўзабаве давядзецца развітацца з паэзіяй.