Выбрать главу

Пераадольванне... самога сябе

Не сказаць, праўда, каб перадваенныя жлобінскія падлеткі, не адчувалі трывожнай атмасферы, што панавала на той час у краіне і нагадвала сабой пераднавальнічную. Але адна справа пра нешта здагадвацца, і зусім іншая на самай справе сутыкнуцца з суровай рэальнасцю. З ёю неабходна было звыкнуцца, успрымаць яе, як тое незваротнае, без чаго не абысціся.

Дарэчы, пра гэтыя свайго роду ўваходзіны ў вайну А. Капусцін праўдзіва расказаў у апавяданні «Бомба». Яно напісана ад першай асобы, больш за тое, героя-апавядальніка завуць Алесь, таму не даводзіцца сумнявацца ў пэўнай дакументальнасці асновы. Падзеі ж адбываюцца ліпеньскім ранкам сорак першага года, калі нечакана з’явіліся ў небе фашысцкія самалёты, якія «неспадзявана. развярнуліся над вёскай (Старой Рудняй. — А. М.), узялі кірунак на чыгунку, па якой у бок Жлобіна ішоў цягнік. Выстраіліся ланцугом, і з іх пасыпаліся бомбы».

Убачанае каго хочаш пазбавіць спакою, а тут жа юнак, нядаўні школьнік: «Ніколі ў жыцці не даводзілася мне адчуваць такога жаху, як тады: падалося, што бомбы ляцяць якраз на нашу хату. Гэта ж сыплецца мая смерць!.. Не памятаючы сябе, я кінуўся за плот, стаў шыцца ў лоўж з калючага галля сухой грушы, якую мы з сястрой спілавалі надоечы, шыўся, быццам мог там уратавацца».

Са здранцвення Алеся вывеў сябрук Сяргей Аскерка: «Вылазь ужо са свайго бамбасховішча...» Хлопцы накіраваліся туды, да пшанічнага палетка, дзе падалі бомбы, не пацэліўшы ў цягнік. Нечакана яны ўбачылі адну з іх, якая не разарвалася:

— Мо яна незараджаная? — сказаў я ў роздуме.

— Выдумляй. Што яна табе — стрэльба дзядзькі Сідара, з якой ён калгасны сад вартаваў?

— Ды ты паслухай. Нямецкія рабочыя, што з антыфашыстаў, замест толу ў бомбы сыплюць пілавінне. Зразумеў? І яшчэ запіскі розныя туды кладуць».

Цікаўнасць узяла верх над небяспекай, і Сяргей асмеліўся разабраць бомбу. Хіба ж думаецца пра небяспеку ў такім узросце, асабліва, калі хочаш упэўніцца ў пацвярджэнні правільнасці сваіх меркаванняў?! Аднак, як і трэба было чакаць, бомба была самая што ні ёсць сапраўдная. Не аказалася ў ёй ні пілавіння, ні запіскі ад нямецкіх рабочых, як таго хацелася сябрам. Больш за ўсё расчараваўся Сяргей. У Алеся ж з’явіліся свае думкі: «Я пазіраў на яго і не мог зразумець, чаго больш было ў маёй душы: радасці, што смерць абмінула яго, ці болю ад таго, што не спраўдзілася такая жаданая надзея».

Апошні эпізод у апавяданні нясе найбольш значную сэнсавую нагрузку. У ім, як у фокусе, бачацца падлеткі саракавых гадоў — з іх непадрыхтаванасцю да вайны і з жаданнем пераканаць — найперш саміх сябе — вайна гэтая антычалавечная. Не могуць жа людзі добрай волі, дзе б яны ні жылі, у тым ліку і ў самой Германіі, змірыцца з ёй, пагадзіцца з насіллем. Калі многае не пацвердзілася ў сапраўднасці, гэтыя падлеткі, не чакаючы прызыўнога ўзросту, па загадзе сэрца, сумлення і ўзяліся за зброю.

Калі смелы — страх мінае

Само ж ваеннае жыццё, а калі дакладней — баявое камсамольскае юнацтва неаднаразова сутыкала А. Капусціна з выпадкамі, якія самі па сабе маглі стаць сюжэтам захапляльных твораў. Хоць бы знаёмства з савецкім падпольшчыкам Уладзімірам Капусціным, ягоным аднафамільцам. Той, не з’яўляючыся ні таварышам Сашы, ні ягоным сваяком, раптам пачаў часцяком наведвацца ў іхнюю хату. Пасядзіць, пагаворыць. Аднойчы прапанаваў пазнаёміцца з лістоўкай. А. Капусцін падумаў, ці не правакацыя гэта?

Толькі звычайная цікаўнасць ды жаданне даведацца, што робіцца на фронце, пераадолелі страх. Тым больш, што адразу ўбачыў напісаны вялікімі літарамі загаловак «Весткі з Савецкай Радзімы». «Але ж Уладзімір працуе дзяжурным па чыгунцы, значыць, служыць фашыстам?» — не давала спакою думка. Той, бадай, здагадваючыся, што на душы ў Алеся, прапанаваў: «Калі хочаш, перапішы...»

З таго моманту і пачалі з’яўляцца ў наваколлі лістоўкі, якія распаўсюджвалі члены падпольнай групы пад кіраўніцтвам А. Капусціна. Пасля вайны ён даведаўся, што працаваў разам з яшчэ адным разведчыкам, у якога была мянушка Арол. Той дзейнічаў на тэрыторыі Рагачоўскага раёна. У. Капусцін жа меў мянушку Воран. На Жлобіншчыне доўга многія думамі, што ён, палітрук Чырвонай Арміі, здрадзіў Радзіме і служыў немцам.