Выбрать главу

Маладосць ёсць маладосць. Надаралася, члены падпольнай групы дзейнічалі безаглядна, не думалі, чаго гэта будзе каштаваць і для іх саміх, дый для блізкіх ім людзей. Нездарма, азіраючыся на пройдзены шлях, А. Капусцін дзяліўся такімі развагамі: «Па юнацкай нявопытнасці, а часам і па легкадумнай саманадзейнасці мы, здаралася, дапускалі ўчынкі, якімі выкрывалі сябе. І ратавала нас толькі тое, што людзі не выдавалі: здагадваліся, бачылі, але маўчалі. Жылі ж мы сярод сваіх людзей, якія таксама ненавідзелі фашыстаў».

Адзін з падобных учынкаў... А. Капусцін з Мішам Таўсцялёвым паехаў на станцыю Салтанаўка, дзе яшчэ ў чэрвені сорак першага года згарэў склад сельпо. Вяскоўцы ведалі, што там засталася плаўленая, змешаная з зямлёй, соль і часта наведваліся туды. Набралі такой солі ў мяшок і Саша з Мішам, а яшчэ яны прыхапілі з сабой тармазны башмак, які валяўся побач. Хто-хто, а яны, якія выраслі каля чыгункі, добра ведалі, што пры дапамозе такога няхітрага прыстасавання, калі патрэбна, спыняюць рух цягніка. Значыць, калі башмак з’явіцца на рэйках там, дзе ніхто яго не чакае, крушэнне немінучае. Праз некалькі дзён задуму ажыццявілі. Паставілі тармазны башмак на адным з пуцей Жлобін — Гомель. Па дарозе назад трапілі пад дождж, таму вярнуліся дамоў не толькі змораныя, але і мокрыя.

Капусцін заснуў адразу, як бы праваліўся ў нейкую вялікую яміну. З абдымкаў сну яго вырваў голас фашысцкага паслугача, якога ўсе празвалі Гусачок, даўно забыўшы яго сапраўднае прозвішча. Той клікаў на чыгунку разбіраць завал — цягнік усё ж сышоў з рэек. Саша пачаў збірацца. Але тут Гусачок заўважыў яго мокры пінжак. Маці, адчуваючы, што бяды не абмінуць, хуценька растлумачыла:

— Гэта ж я пыл выбівала з пінжака, ды забылася яго ў хату забраць... Ноччу ж дождж пайшоў.

Такі адказ Гусачка як быццам задаволіў. Праўда, нездарма кажуць: адна бяда не ходзіць. Калі хлопцы, разбіраючы завал, сабраліся кінуць башмак — ён, як на тое ліха, ляжаў на самым бачным месцы — у яміну з вадой, перад імі, як з-пад зямлі, вырас Гусачок.

З хвіліны атарапеласці ўсіх вывеў голас А. Капусціна. Адкуль і смелаць узялася?! А мо смеласць гэтую і падказала выключнасць становішча? Як у народзе кажуць: ці то пан, ці то прапаў. Саша ўшчыльную наблізіўся да Гусачка і прама заявіў, не віляючы:

«— Калі што, запомні гад, знойдуцца людзі, якія табе не даруюць даносу!»

Пранясло... Як і неаднойчы праносіла, калі трапляў у смяротна небяспечныя сітуацыі, працягваючы барацьбу з фашысцкімі акупантамі ў партызанскім атрадзе імя С. Будзённага брыгады імя К. Варашылава. Народнымі мсціўцамі сталі многія з руднянцаў — і маладзейшыя, і людзі сталага ўзросту. Усіх аб’ядноўвала жаданне помсціць ворагу. І А. Капусцін добра ведаў і мог паручыцца за кожнага, як і яны за яго. Юрка Хількевіч, Міша Таўсцялёў, Барыс Андрушкевіч, Сяргей Каласоўскі, Міша Старавойтаў.

З партызан — на фронт

Гады партызанства сталі для А. Капусціна і пачаткам ягонай літаратурнай дзейнасці. Летам 1943 года ў падпольнай абласной газеце «Гомельская праўда» была змешчана яго першая карэспандэнцыя. Паведамлялася ў ёй пра тое, як разведчыкі атрада, нечакана трапіўшы ў варожую засаду, не разгубіліся. Дзейнічалі па ўсіх законах армейскага майстэрства. Кожны выбраў найбольш зручнае месца — балазе, мясцовасць дазваляла гэта — і закідалі фашыстаў гранатамі.

Для супрацоўніцтва з газетай А. Капусціна падахвоціў сам галоўны рэдактар яе Мікалай Пахомаў, які пабываў у атрадзе. Камандаванне і параіла яму пагутарыць з ім, бо ўсе ведалі, што спрабуе сёе-тое пісаць. Дый аўтарытэтам карыстаецца сярод таварышаў па зброі, з’яўляецца камандзірам аддзялення, хоць і не вайсковец.

Вызваленне Гомельшчыны, як вядома, пачалося ў 1943 годзе. У канцы яго скончылася і партызанства А. Капусціна. Колішніх народных мсціўцаў, якія падыходзілі па ўзросце, прызывалі ў дзеючую армію. Яму ж прапанавалі службу ў рэчыцкай міліцыі, што аднаўляла сваю дзейнасць. Прапанова радавала, але адначасова і засмучала. Радавала, бо ведаў, што яму і гэтым разам давяраюць, ускладаюць надзеі як на чалавека сумленнага, прынцыповага. Засмучала, бо ў той час, калі хлопцы з яго аддзялення праз некалькі дзён прадоўжаць барацьбу з ворагам, давядзецца знаходзіцца ў тыле ворага. Унутраны голас, канечне, спрабаваў пераканаць, што і тут лёгка не будзе. Давядзецца і пад кулі трапляць — усё ж нямала рознай погані за гады вайны развялося. Аднак перавагу браў разлік больш цвярозы: «Тваё месца на фронце!» Таму на адным дыханні напісаў рапарт аб адпраўцы на фронт. Зрабіў тое, што падказала сэрца.