Выбрать главу

З падобнай упэўненасці і нарадзілася першая кніга прозы А. Капусціна «Суд ідзе» (1959). Змест яе склалі аповесць «На крутых паваротах», а таксама шэраг апавяданняў, сюжэты якіх аўтару падказала яго судовая практыка. Не сказаць, аднак, каб аўтару ўдалося адразу пераадолець своеасаблівае супраціўленне фактычнага матэрыялу, выйсці з палону схематычнасці. Тым не менш, было відочна: А. Капусцін знайшоў сваю тэму, да якой на той час не часта звярталіся іншыя пісьменнікі.

У наступных кнігах «Мерай закона і сумлення», «Суд вырашыў» адбывалася далейшае ўжыванне ў тэму. Калі чытаеш лепшыя з гэтых апавяданняў пад агульнай назвай «Запіскі суддзі Верасава» (атрымалася свайго роду аповесць у навелах), то ловіш сябе на думцы, што перад табой паўстаюць не проста складаныя жыццёвыя характары, а менавіта лёсы людзей. Так, людзей, хоць пісьменнік і расказвае пра многіх з тых, хто спатыкнуўся, а то і ўчыніў злачынства. Але А. Капусцін далёкі аднабакова падыходзіць да таго, што адбылося, ён імкнецца разабрацца ў тым, што ж рухала чалавекам у той ці іншы момант. І гэта Аляксандру Пятровічу ўдавалася, таму ягоныя творы прыцягвалі чытацкую ўвагу не толькі цікавымі, а і часам неардынарнымі сітуацыямі, што і бывае тады, калі адбываецца парушэнне закона, а і тым, наколькі пільна прыглядаўся пісьменнік да сваіх персанажаў, зазіраючы ў самую душу іхнюю, спрабуючы разабрацца ў паводзінах тых, хто парушыў закон.

Бяда прыходзіць, калі яе не чакаеш

Жыццё падказвала новыя тэмы, але яно ж неспадзявана падставіла і падножку. Перажыванні ваенных гадоў, цяжкія раненні, кантузія не прайшлі бясследна — пачало здаваць сэрца. Спачатку не звяртаў на боль асаблівай увагі, не верылася, што ў такім узросце — і сарака няма! — хвароба зваліць. А яна, няўмольная, у канцы 1960 — пачатку 1961-га ўсё ж паклала ў ложак.

І калі знаходзіўся ў бальніцы, і калі вярнуўся дамоў, зразумела, было не да таго, каб нешта пісаць. Адзінае жаданне не пакідала, надавала сіл выстаяць: «Жыць!» У цяжкія хвіліны одуму прыгадвалася найбольш памятнае з ваеннай біяграфіі — і з той часіны, калі быў падпольшчыкам, і з партызанства, і, вядома, ажывалі ў памяці франтавыя ўражанні. У такія моманты, калі, як быццам, сам час не тое што спыняўся ў сваёй хадзе, а паварочваў назад, каб пачаць адлік дням, месяцам, гадам у зваротным накірунку, міжволі прыходзілі і словы даўняй, дадзенай на пачатку баявой маладосці, прысягі.

«Клянуся!» — цяпер гэта набывала зусім іншы сэнс, таксама значны, але куды больш асабісты. Ён, А. Капусцін, як бы знаходзіўся адначасова ў дзвюх асобах. Пакутаваў, змагаўся з хваробай пасталелы чалавек, які ўжо нямала пабачыў на сваім веку. Разам з тым, нябачна прысутнічаў і той ранейшы, рамантычна акрылены, бескампрамісны юнак. І гэты першы даваў клятву не толькі сабе сённяшняму, цяперашняму, а і колішняму.

Немач хоць не хутка, але адступіла. Прыйшло жаданне зноў узяцца за пяро. Па-ранейшаму выкройваў вольны час, ахвяраваў і выхаднымі днямі. Лягчэй стала, калі ў 1965 годзе пачаў працаваць загадчыкам аддзела газеты «Гомельская праўда». Лягчэй у тым сэнсе, што займаўся любімай творчай справай, хоць часу ўсё роўна неставала. Пісаць для душы выпадала рэдка і тады, калі перайшоў на працу ў рэдакцыю навукі і культуры Беларускага тэлеграфнага агенцтва (БелТА).

З’явілася другое дыханне

Па сутнасці, новы этап у творчасці А. Капусціна пачаўся, калі ён звязаў свой лёс з «ЛіМам». На пасаду адказнага сакратара штотыднёвіка яго ў 1973 годзе рэкамендавалі Максім Танк і Іван Шамякін, тагачасныя кіраўнікі Саюза пісьменнікаў Беларусі. М. Танк, як вядома, тады з’яўляўся старшынёй праўлення СП БССР, а І. Шамякін — першым намеснікам старшыні. У сваёй рэкамендацыі яны не памыліліся. І на пасадзе адказнага сакратара, і на пасадзе намесніка галоўнага рэдактара (з 1974 года) Аляксандр Пятровіч праявіў сябе і вопытным журналістам, і добрым арганізатарам. Умеў згуртаваць людзей, аб’яднаць іх агульнай задумай. Дый у калектыве прыйшлася даспадобы таварыскасць, чалавечнасць новага кіраўніка.