Выбрать главу

Усе лагернiкi павiнны былi хадзiць “у нагу”, я не ведаю, як хто, цi як палонныя, цi як салдаты, карацей, толькi “ў нагу”. І не важна, iдуць двое, трое, чацвёра цi сто чатыры, усе абавязкова крочаць толькi “ў нагу”. Мусiць год, калi не болей, пасля вяртання да цывiльнага жыцця, я з усiмi хадзiў толькi па-лагернаму. Нават з жанчынамi, дзяўчатамi, бацькамi — толькi па-артэкаўску. І нiяк не мог адвучыцца. Ідзеш-iдзеш з чалавекам, зiрк унiз, пераступiш з падскокам i заспакоiшся, i палёгку нейкую адчуеш, бо ўжо ў ненармальнасцi хаджэння “ў нагу” бачыцца нармальнасць, патрэбнасць i неабходнасць.

Лагернiкам забаранялася казаць пры сустрэчы са старэйшымi “прывiтанне”, “вiтаю вас” i розныя “здраўствуйце”. Вiтацца дазвалялася наступным чынам: з ранiцы i да 12.00 — “добрай ранiцы”, з 12.00 да 18.00 — “добры дзень”, з 18.00 i да ранiцы — “добры вечар”. А я, нiбы ўпарты iрландзец, якi дэманструе аднаасобны суверэнiтэт, упарта даваў “дзень добры”. Але мяне не праследавалi i не каралi за перастаноўку слоў, ад якой сэнс не змяняўся. Наогул нацменам дазвалялася крыху болей, чым расейцам, маўляў, малодшы брат — ён дурнейшы, тое-сёе варта i не пачуць i дараваць.

Што да пакаранняў, дык яны ў Артэку насiлi больш назыўны, чым матэрыяльны характар. Важатыя пагражалi, што патэлефануюць бацькам; начальнiк казаў, што напiша лiсты. Усе разам абяцалi выгнаць з лагера i выправiць дамоў. Толькi нiхто iм не верыў. У рэальнасцi ж яны маглi наступнае: не пусцiць на танцы, не ўзяць у кiно, не дазволiць ехаць на экскурсiю i, у самым крайнiм варыянце, паклiкаць увечары ў пакой для важатых, а там палохаць i абяцаць, што ў наступны раз паб’юць. Каб каго сапраўды бiлi, я не чуў, бо наогул у Артэку ўсё брыдкае вельмi старанна ўтойвалася, i яшчэ там была сiстэма замены.

Да прыкладу, я ўзбунтаваўся — адмовiўся вучыць 10 абавязковых пiянерскiх песень. Калi на палянцы нас пасадзiлi ў кружок i пачалi надыктоўваць словы, я ўзняў руку i заявiў, што зусiм кепска пiшу па-расейску. За такi жарт мяне, як мiнiмум, можна было б паставiць пасярод пляца на вечаровай лiнейцы i перад усёй Крыштальнай дружынай высмеяць i прынiзiць, сказаўшы: вось пiянер, якi не здатны вывучыць мову, на якой гаварыў Ленiн. I, павер ты мне, сораму не абабраўся б. Толькi Галiна з Ноўгарада павяла сябе iнакш. Не хочаш быць як усе? Выдатна. Будзь лепшы. Яна спытала: “Хто яшчэ не ведае расейскага правапiсу?” Маё непадпарадкаванне падтрымалi два казахi, Мухтар i Амангельды. Тады важатая вельмi ўрачыста паведамiла, што мы вызваляемся ад 10 пiянерскiх песень i накiроўваемся ў бiблiятэку, дзе зможам узяць кнiгi на родных мовах i чытаць iх, пакуль астатнiя будуць спяваць. З боку важатай усё было зроблена вельмi тактоўна, так, што падумалася: мусiць, папярэдняя мiжнародная змена з неграмi ды кiтайцамi ўсё ж прывучыла сяго-таго паважна ставiцца да iншародцаў, якiя не вывучылi вялiкую ды магутную мову мiжнацыянальных зносiн. Але ж i з майго бунту выйшаў пшык.

Толькi калi я ў пэўным сэнсе падмануў Галiну, дык Амангельды з-пад Джамбула быў шчыры. Галавасты апалонiк, iнакш i не скажаш пра яго, звычайны хвастаты зародак жабкi. I вочы ў казаха былi вузкiя i лупатыя адначасна; вочныя яблыкi так i хацелi выскачыць з чэрапа, а напятая смуглявая скура iх не пускала. Імя маленькага крываногага казаха з-пад Джамбула спачатку нiхто не мог запомнiць. Але калi такое вымавiш i запомнiш, дык ужо i не забудзеш, каб i хацеў. Пабудзi мяне сярод ночы i спытай, з якiм казахам давялося пазнаёмiцца ў Артэку, i пачуеш — Амангельды. У ягоным Джамбуле адбыўся землятрус, таму разам з нашчадкамi начальнiкаў у Крым паехалi дзецi шматдзетных пралетарыяў i сялян. Амангельды быў восьмае, але не апошняе дзiця ў бацькоў. Я не цiкавiўся, кiм працаваў бацька жабкападобнага казаха, але сям’я iхняя яўна не гаравала i не галадала. Ты б толькi бачыла, як ён расцiснуў падэшваю на асфальце скрыль кавуна...

Недзе напрыканцы першага тыдня нам далi на дэсерт кавун. Скрылi былi чырвона-сакаўныя, падобныя да вялiзных пеўневых грабянёў. А з-пад-джамбульскае жабяня вазьмi ды скажы: “У нас такiмi кавунамi ў футбол гуляюць!” Нiколi не бачыў, як гуляюць у футбол кавуном, а вось як гулялi глобусам — бачыў. Вясковы школьны заўгас выкiнуў на сметнiк можа з дваццаць геаграфiчных наглядных прыладаў. А вясковыя дзецi не знайшлi лепшага занятку, як бiць па iх нагамi. Потым за школаю на сметнiку доўга ляжала брудная гурба папераламаных глобусаў, такiх падобных да чарапоў. Як глобусы, так i кавуны я вельмi любiў i люблю. Што да кавуноў, да гэтых ягадаў з гароднiны, дык магу есцi не толькi ружовыя, а i ледзь-ледзь ружовыя i прахалодна-несалодкiя. А вось Амангельды, запэўнiўшы, што нiводзiн казах не будзе есцi крымскiя кавуны, пайшоў мiж радамi крэслаў i сталоў i ўсiм землякам загадаў выкiнуць дэсерт. Землякi, нечакана для астатнiх, паслухалiся свайго апалонiка i, выйшаўшы з сталоўкi, пакiдалi скрылi хто ў сметнiцу, а хто i на зямлю. Амангельды радаваўся i цiснуў кавуны абцасамi. Крышку пазней я даведаўся, што зусiм i не Амангельды прыдумаў выкiнуць на сметнiк дэсерт, яму загадаў Мухтар.