* * *
Добры дзень, дарагi мой Адам!
Вось такi тэкст я знайшла ў падручнiку. Раней я займалася гiсторыяй расейскай мовы, i ў мяне засталася хрэстаматыя. Тэкст, як бачыш, не на лiтаратурнай мове, а на гаворцы, так, прынамсi, пазначана ў кнiзе. Мне было цiкава яго знайсцi i перапiсаць для цябе. У гэтай жа хрэстаматыi знайшлiся прыклады i лiтаратурнай беларускай мовы, я iх усе перачытала па некалькi разоў i нават вывучыла чатыры радкi з паэмы Янкi Купалы...
Тэкст пра журавоў быў запiсаны ў XIX стагоддзi ў Мiнскай вобласцi. Мяне гэта ўсхвалявала да слёз, бо кожны раз на канверце я разборлiва i старанна пiшу — горад Мiнск.
На жаль, не магу займацца беларускаю моваю так, як займаюся расейскай i ангельскай. У нашым Сегедскiм унiверсiтэце няма нават факультатыўных лекцый па тваёй мове. Мусiць, i ў Мiнскiм унiверсiтэце не выкладаюць родную мову дзяўчыны Агi з вёскi Татахозы. Праўда?
Дарагi Адаме! Я атрымала твае лiсты з малюнкамi. Толькi вось Ладак пакрыўдзiўся, бо ён цяпер не адзiны беларускi чорт у Венгрыi. Я спрабавала яго суцешыць, казала, што ён для мяне найдаражэйшы за ўсiх чарцей на свеце. Ладак не верыў. Ён зрабiўся капрызлiвы, зласлiвы i зацяты. Што з iм рабiць? Напiшы, як мне абыходзiцца з непаслухмяным чортам?
Татахоза. 1976. Жнiвень. 18. Агi.
* * *
Лежачы побач з мадзьяркаю, згадаў iншую жанчыну. Высокая, з доўгiмi, ледзь не па клубы, валасамi, вузкiмi, уразлёт, вачыма, са шпаркiм, амаль мужчынскiм крокам — яна праходзiла паўз маё акно. Не ведаю: анi хто яна, анi як клiкалi, анi чым займалася. Ведаю, што ў кабiнеце фiзiкi я сядзеў каля самага акна, i паўз яго праходзiла жанчына з брунатнымi валасамi. У кепскае надвор'е яна хавала шыкоўныя валасы пад чорную хустку, а ў сонечныя днi яна хавала драпежныя вочы за ахоўныя акуляры. Чамусьцi я быў упэўнены, што жанчына ведае пра мяне i знарок анi разу не кiнула нават мiмалётнага позiрку ў мой бок. Самападман. Ён скончыўся разам з лекцыямi па нялюбай фiзiцы. А вось жанчыну, што праходзiла паўз акно вучэльнi, я любiў, цi амаль любiў, бо згадаў у найiнтымны момант.
Лежачы побач з гладкашэрснай венгеркай, успомнiў хлапечую зачараванасць высокай, iмклiвай жанчынай з чорнымi, уразлёт, вачыма. Успамiны затуманiлi рэальнасць, i я не заўважыў, як знiк уладальнiк расчараванага голасу, але ягоны сыход прыемна нагадаў, што свет яшчэ не канчаткова абнахабiўся i сапсеў.
Мы апраналiся, ехалi на электрычцы ў Санкт-Ленiнбург, цалавалiся ў тамбуры, на пероне, у метро, каля iнтэрната, дзе жылi венгерскiя вывучальнiкi транснацыянальных моў. Агi заплакала, i я бачыў у празрыстым змроку белае ночы кожную слязу. Але гэты шлях сентыментальны, а таму, як мне, дык малацiкавы. Адзiнае абвастрэнне ў нашых адносiнах адбылося каля чыгуначнай станцыi, калi я даведаўся, што электрычка прыйдзе толькi праз паўгадзiны, i пачаў настойваць на прагулянцы ў лес. Агi вельмi наравiста адпрэчыла. Развiталiся мы на iнтэрнацкiх прыступках, як героi цнатлiвых савецкiх кiнастужак 50-х гадоў.
Ісцi да цёткi Тосi мне зусiм не хацелася. Мяне перапаўняла радасць, чамусьцi карцела зрабiць паскудства. І я надумаўся затэлефанаваць Валодзю Бортнiку. Ён здзiвiўся... Чаму так позна? Можа, нешта здарылася? Па ягоным голасе я адчуў, што клышатопка Бялькевiч пазiрае ў Бортнiкаў рот. Я паабяцаў папрасiць прабачэння. З неўрастэнiчкамi трэба трымацца добразычлiва. Асцярожны Бортнiк, намацаўшы ў маiм абяцаннi страхоўку, пагадзiўся сустрэцца каля крамы Пасаж.
У мiнскiх мастакоў было ўлюбёнае месца ў краме Пасаж.
Якое гнюснае слова — улюбёнае, як гаршчок, поўны бруднасцяў, яго нясеш, а ён хлюп-хлюп — улюбёнае.
Дык вось, улюбёным месцам быў аддзел мастакоўскага рыштунку. У iм было ўсё, што трэба мастаку для поўнага i глыбокага задавальнення. Не было хiба што кандомаў, але я асабiста не люблю кахацца праз гумку, нават праз замежную i вельмi тонкую; гэта тое самае, як лiзаць цукар праз шкло. Непрыемны стан. Вось у падобны стан я i задумаў загнаць Яню Бялькевiч. Бортнiк, пэўна ж, i не здагадваўся, якi плюгкi каравяк я збiраюся падкласцi ягонай каханцы пад абцас. Бялькевiч, дык тая ўвесь час нешта падазравала, яна i на асфальце бачыла купiны. І як жа мне карцела напляваць у вочы гэтай дзеўцы з капрызлiвым характарам! Але я не шукаю сабе непрыемнасцей, нават калi раблю iх iншым.