Выбрать главу

* * *

Дарагi Адам!

Мне вельмi-вельмi хочацца, каб гэты лiст ты атрымаў адразу, як толькi прыедзеш у Мiнск.

Я думаю-думаю пра цябе, ты мой першы любiмы сябра. Можа, ты пакрыўдзiшся за "сябра", але для мяне гэта больш чым палюбоўнiк. Каб я напiсала табе, што закахалася ў цябе i мне больш за ўсё падабаецца займацца з табою сексам цi я нiколi ў жыццi не забуду нашае пачуццё — быў бы падман. А хлусiць не хачу i не буду. Ты мiлы-мiлы, быць побач з табою прыемна. А больш за ўсё мне падабаецца гаварыць з табою. Ты першы i адзiны хлопчык, з якiм мне прыемна размаўляць. У тваiм характары ёсць кранальная непасрэднасць. Наша каханне ты будзеш памятаць нават тады, калi я забудуся пра яго.

Яшчэ зусiм светла, хоць на гадзiннiку — глыбокая ноч. Я пiшу, седзячы каля акна. Светла, i не трэба запальваць лямпу.

Спадзяюся, твая цётка Тося не сварылася на цябе, здаецца, сягоння мы развiталiся крышку раней, чым заўсёды.

Шкада, усё так хутка скончылася. Каб ты разумеў па- венгерску, я пiсала б табе вершы.

Шкада, ты так i не намаляваў мой партрэт, i не тое, каб для мяне мела вялiкае значэнне наяўнасць самога партрэта, зусiм не, хацелася паглядзець, як ты працуеш. Я сама зусiм не ўмею маляваць, зусiм.

Заўтра, па дарозе на заняткi, я ўкiну лiст у паштовую скрыню i ўзрадуюся, бо ты хутка атрымаеш вестачку. А вось на вакзал я вырашыла не прыходзiць, не люблю плакаць i цалавацца на пероне.

Р. S. З Венгрыi дашлю сваю фотакартку, а ты, калi ласка, дашлi сваю цi намалюй маленькi аўтапартрэт.

Прабач, але не было добрай белай паперы, вось таму першы лiст атрымаўся жоўты i непрыгожы.

Буду цябе памятаць доўга-доўга.

Дзякуй за каханне.

Ленiнград. 1976. Лiпень. 21.

Твая каханая Агi.

Крым. 23. VI. 1993