Выбрать главу

1-га красавіка. Нягледзячы на “дзень падманаў”, — у Доме Літаратара адбыўся відэазапіс урока “Творчасць Н. Г.” з удзелам аўтара. Урок бліскуча — на мой погляд — вяла Л. А. Ламека. Як шчыра і пранікнёна яна гаварыла вучням тое, што ёй хацелася сказаць! А сказаць ёй хацелася штосьці вельмі і вельмі істотнае, значнае.

2-га красавіка. Самы ганебны ў сучаснай гісторыі Беларусі дзень. Хэўра запраданцаў на чале з асэсарам пайшла насустрач запаветным марам імпершавіністаў — вярнуць Беларусь у склад Расеі. Першы крок у справе інкарпарацыі зроблены, саюз утвораны. “Кумір” шалее ад радасці, хоць і не зусім па-ягонаму атрымалася: ён хацеў ужо сёння пачаць жыць адною агульнай дзяржавай пад назвай СССР.

Ну, але радасць каланізатараў і запраданцаў заўчасная: гэта пацвердзіў народ, які выйшаў на праспект, а затым сабраўся каля Палаца Спорту. Тысяч 30, а можа і больш. Калі народ, а пераважна моладзь, гэтак рэагуе на прадажніцкую дзейнасць улад, то — не загінем! Будзем жыць!

3-га красавіка Па тэле — інтэрв’ю з Кавалёнкам, з Філарэтам. За першага — проста сорамна! Слынны сын Беларусі! Уносіў дзяржаўны, бел-чырвона-белы Сцяг у залу ВС РБ. За другога… Як прыкра, што я верыў яму як духоўнаму абаронцу нацыянальных інтарэсаў Беларусі; нават быў за абедзенным сталом аднойчы. Відаць, разлічваў, што прыбярэ мяне да рук, адчуўшы маю гістарычную злосць на гібельныя для Беларусі Уніі. Пралічылася Барада! Мяне далучыць да запраданцаў? Як той Бронісь казаў: смяяцца хачу! Дарэчы, апошнія гады два нашы вітанні пры сустрэчы — афіцыйна стрыманыя. І ніякіх размоў.

8-га красавіка. Учора і сёння — два вечары на “Харошках”. Запрошаны быў з “прыцэлам”: Гаявая вылучана на Дзяржаўную прэмію Беларусі. Былі і некаторыя іншыя члены Камітэта па прэміях. Бясспрэчна — прэміі яна заслугоўвае! Таленавітая інтэрпрэтацыя нашых народных танцаў — і бліскучае іх выкананне! Пазнаёміўся з Гаявой асабіста. Па-мойму, паўторна. Даўным-даўно калісьці “мімалётна” знаёміліся. Трымаецца звышсціпла. Сёлета ёй будзе 60. Прыезджая, а вось жа паслужыла беларускаму мастацтву хораша.

18-га красавіка. Сустрэча на філфаку. У вялікай зале. Днём. Апрача філолагаў былі гісторыкі, юрысты, хімікі. “Грымеў” звыш дзвюх гадзін. Слухалі — з вялікай душэўнай аддачай. У нашы дні гэта вельмі пэўны паказчык. Як і безліч пытанняў, якімі засыпалі. Моладзь абуджаецца да актыўнага палітычнага жыцця. Яна ўжо не тая, як — помню — гадоў дзесяць назад. І гэта — выдатна! Адкрыў сустрэчу У.Н. — словам досыць фармальным і непрадуманым. На шчасце, кароткім. Прысутнічалі два дэканы: Шупляк П.А. і Плотнікаў Б.А.

19-га красавіка. На пасяджэнні Камісіі па спадчыне Танка выяснілася, што Яўген Іванавіч увесь час вёў дзённік — з 1941 па жнівень 1994. Буду прасіць пачытаць (у друк пойдзе са скарачэннямі). Б. пахваліўся, што ўжо прачытаў — “запоем” за суткі. Р. зазначыў, што — “Лісткі календара” цікавейшыя — у іх больш літаратуры і гісторыі.

20-га красавіка. Напісаў па просьбе Казловіча артыкул для “Круга” — “Воз сцялежыўся”. Спачатку Казловіч меркаваў, што гэта будзе “перадавіца” ў № 2, але атрымаўся артыкул завельмі для перадавіцы, ды і тэматычна… не зусім загалоўны. Але ж і дастанецца мне ад Філарэта!

Дэталь: замаўляючы артыкул, Казловіч прасіў не чапаць… праблему беларускай мовы. “Каб не адштурхнуць пэўнага чытача”. Ну і ну! Усё з аглядкай на “пэўнага”! Усё — каб “пэўны” не пакрыўдзіўся! А як гэта я не зачаплю пытанне аб мове?..

23-га красавіка. Да паўдня — на чытаннях М. Гарэцкага. Выступіў з даволі працяглым словам (хоць і значыцца ў праграме як прывітанне). Трэба будзе аформіць свае думкі пра Гарэцкага ў артыкул. Быў і Брыль. І Быкаў — да першага перапынку. Ні з кім не развітаўшыся, паехаў. У прэзідыуме сядзелі побач. Чуж — чужаніца. Дасягнулі свайго “апрацоўшчыкі”! Заўважыў, як было яму непрыемна, калі адзін з дакладчыкаў рэзка крытыкаваў Адамовіча А. за тое, што ў кнізе “Беларускі раман” (яго доктарская) нават не ўспамінае імя Гарэцкага (а гэта ж быў 1962 год, ужо ў кнізе Перкіна пра “Дзве душы” аж некалькі старонак было). Сапраўды, загадка нейкая: Адамовіч, які пасля напісаў бліскучую “Браму…”, не згадаў у доктарскай імя Гарэцкага!