Выбрать главу

24-га красавіка. Урок беларускай літаратуры па тэлебачанні. “Творчасць Ніла Гілевіча”. Вяла — Л. А. Ламека. Бліскуча! Нарэшце і мне пашанцавала — пасля тых дзвюх няўдач (тэленарыс Шлега і тэленарыс Гайдука).

26-га красавіка. “Звязда” апублікавала маю чарнобыльскую паэму”Не хварэй!”. Наркевіч — гаспадар слова. Учора на адкрыцці чарнобыльскай фотавыставы Кляшчука прачытаў урывак з яе — апошнія строфы. Успрынялі добра. А сёння пачуў ўжо і тэлефонныя водгукі — вельмі хвалебныя.

У 17 гадзін пайшлі з Нінай на чарнобыльскі мітынг да Палаца спорту. А там — ні душы. Каля гадзіны стаялі, сноўдалі, пакуль не сталі няўсцерп балець — у мяне паясніца, у Ніны — ногі. Вымушаны былі пайсці адтуль. А позна вечарам пачуў, што шэсце “Чарнобыльскі шлях” разганялі амапаўцы, многіх арыштавалі (нібыта — сотні), не абыйшлося без крыві. Ну, што ж, асэсар адкрыта ідзе супроць Незалежнай Беларусі і свабоды беларускага народа. А паколькі яго зграя шматлікая — наперадзе нас чакае самае невясёлае.

27-га красавіка. Стала вядома: арыштаваны Ю. Хадыка, Л. Баршчэўскі і многія-многія іншыя. Пахапалі на вуліцы. Збіраюцца судзіць. Па тэле і радыё гучаць страшныя асуджэнні і пагрозы ў адрас арганізатараў “Чарнобыльскага шляху” і БНФ. Ганаруся, што быў членам аргкамітэта “ЧШ”.

29-га красавіка. Быў на вечары песень Лучанка. Выконвалі Іван і Алесь Краснадубскія (бацька і сын, які не ўступае бацьку, — праспяваў маё “Прыйдзі, як снег…” вельмі прачула). Не пайсці на вечар не мог — Ігар Міхайлавіч надта прасіў, не хачу ўскладняць з ім адносіны. А пайшоўшы — пашкадаваў: публіку сабраў І. М. “адменную”. Апрача трох суаўтараў (Бураўкін, Някляеў, Гілевіч) — ні душы з нашай творчай інтэлігенцыі! А яшчэ, на няшчасце, вялікі дождж загнаў у машыну і прымусіў пабыць на фуршэце. Праўда, трымаліся з Нінай асабняком, ні з кім ні слова (апрача Сняжковай). І хутка пайшлі дадому. Сумна і горка.

30-га красавіка. Днём — сустрэча ў БУК. Нават цяплей і шчырэй, чым на філфаку БДУ. Усе настроены вельмі патрыятычна. Але — дзяўчаткі з аркестра, які вітаў мяне маршам, гавораць (між сабой) не па-беларуску. Некалькі запісак — як я стаўлюся да падзей 26-га красавіка, і гарачыя воплескі пасля майго адказу. Была і рэктар Я.Д. Грыгаровіч. Пасля сустрэчы гутарылі з ёю з паўгадзіны ў яе кабінеце. Быў і А. Трусаў. Сказала: чатырох рэктараў збіраюцца “з’есці”, мяне — першую. Прызналася, як думае ўратаваць ад выключэння студэнтаў, якія актыўна ўдзельнічалі 26-га ў “Чарнобыльскім шляху”. Галоўнае, кажа, не дапусціць, каб учынілі пагром універсітэта.

Вечарам — на юбілейнай урачыстасці ў Доме Літаратара: 75 — М.І. Ермаловічу. Вяла — Іпатава. Дала і мне слова. Зацягнулася вечарына бязбожна. На фуршэт — не застаўся, пайшлі з Брылём дадому.

3-га траўня. У 14 гадзін — сустрэча з гімназістамі ў СШ № 54; арганізаваў — стары настаўнік Чарняўскі М.І. І гімназісты, як і студэнты, слухалі душой і сэрцам і рэагавалі на мае адказы і на публіцыстычныя вершы гэтак жа, як студэнты. Што мяне вельмі і вельмі цешыць. Моладзь не прымае здрадніцкага курсу самазванцаў, што выдаюць сябе за выбраных народам. Веру — што і не прыме!

6-га траўня. Юбілейны вечар В. Коўтун. Нешта сказаў і я — юбілейнае. Бясспрэчна, асоба не ардынарная — і ў літаратуры, і ў сферы грамадскай чыннасці. Шкада, што ўрачыстасць праходзіла ў малюпасенькай зале Музея Купалы. Тое, што можа мець шырокі грамадскі рэзананс, павінна праводзіцца ў зале вялікай, шматлюднай. Былі паслы Балгарыі і Эстоніі. Бураўкін на фуршэце, вельмі рэзка выказаўся пра хамства асэсара, што дазваляе сабе ў храме перад вернікамі гаварыць палітычныя прамовы, ды яшчэ спекулятыўныя. Ён таксама шкадуе, што 29-га папаўся на лучанкоў “кручок”.

7-га траўня. Зранку пісаў ліст (ад імя Рады СПБ) у абарону Ю.В. Хадыкі, які ўсё яшчэ ў астрозе і галадае.

Перад абедам заходзіў Далідовіч — забіраў мае два радкі пра яго ў Стаўбцоўскую газету. Сур’ёзны мужык.

У 14 гадзін — у ТБМ. Адобрыў ліст у абарону арыштаваных бэнээфаўцаў. Падалі на подпіс ліст з падзякай украінскім “баявікам” — таксама ад Сакратарыята ТБМ. Адхіліў і сказаў: гэта не трэба рабіць, іх удзел у нашым “Чарнобыльскім шляху” толькі нашкодзіў нам. Стала ясна, як новыя сакратары ТБМ не думаюць, а адно глядзяць у рот З. П. Што ні скажа, што ні зробіць — усё на “ура”. Нават сур’ёзныя палітычныя пралікі.