Выбрать главу

У ТБМ — бяда: вылезла тое, чаго я баяўся. Цумараў усе гады прапіваў прыбыткі ад кіёскаў, няма ў касе 14 млн — і кіяскёрша маўчыць, кажа, браў Цумараў пад распіску; дзе распіскі? — маўчыць, няма. Да таго ж не вяртае ліцэнзію на права камерцыйнай дзейнасці. Як мая душа чула!

У 15 гадзін — Рада СПБ, аб кнігавыданні. Нічога новага. Той жа плач і бездапаможнасць. І тая ж бессаромная хлусня Л-шы.

Зачытаў ліст у абарону Ю. Хадыкі і папрасіў прыняць, каб пайшоў па трох адрасах ад імя Рады СПБ. Тут і пачалося! Адны — на чале з Н-кам — адразу ж рушылі з залы. Белазоры чэкіст разявіўся штосілы на Н. Гілевіча, што абараняю “бандэраўцаў”, пасля чаго пайшоў таксама. Ліст быў прыняты адзінагалосна. Праўда, скарацілі тэкст на адзін абзац (і дарэмна!)

Вечарам быў на аўтарскім канцэрце спевака А. Атаманава. Па завершанні — сказаў пра яго слова, вельмі пахвальнае, вядома. Ён варты гэтага. Таленавіты і — мае густ. А галоўнае — у яго рэпертуары нямала песень, якія сёння надзвычай патрэбны маладой аўдыторыі, — песень у абарону і славу незалежнай Беларусі.

8-га траўня. Паслухаў і паглядзеў святочны сход і канцэрт. Нашмат горш, чым чакаў. Гэны колькі разоў падкрэсліў: “отечество восстановим!” Набрыдзь-генерал заклікаў граміць і знішчаць беларускі нацыяналізм. У канцэрце — ніводнага верша і песні на беларускай, апроч абрыдзелай “Гуляць дык гуляць”. Самы раз гуляць! Агульнае ўражанне — гнюснае. У зале — маладыя сытыя морды, сям-там ветэран, але… але… з бліскучых, не з акопнікаў.

9-га траўня. Званіла маці арыштаванага Сіўчыка — Галіна Васілеўна (калісь заходзіла да мяне ў ВС). Прасіла — можа б падаў свой голас у абарону яе сына). Паабяцаў напісаць ліст Генеральнаму пракурору — ад сябе асабіста.

10-га траўня. Напісаў і аддрукаваў ліст Генеральнаму пракурору РБ Капітану з патрабаваннем — неадкладна выпусціць з астрогу арыштаваных Ю.В. Хадыку і В.В. Сіўчыка.

16-га траўня. Сёння суседу Васілю Вітку — 85! Раніцой зайшлі з Нінай павіншавалі, з ружамі. А дзед — малайчына! Што значыць усё жыццё сачыць за рэжымам працы, адпачынку і харчавання: з вечара — штодзень — доўгія пешыя прагулянкі, ніколі — ні грама спіртнога, яда — тваражок, грэчневая кашка на алеі, ні адной зацяжкі дыму… “А вы — могли бы?!” — пытаў некалі Маякоўскі. Не магу. І дзякаваць Богу, што не магу. Гэта — рашуча не для мяне. У мяне — усё наадварот. За выняткам курэння. Дыму не цярплю ўсё жыццё і я. Калі б у дадатак да маіх “заган” я ды яшчэ курыў — даўно б загнуўся!..

17-га траўня. На юбілейным вечары Б. Сачанкі. Было б 60. Гаварылі як у гадавіну смерці: аддавалі належнае. Асабліва як змагару за мову і як рэдактару энцыклапедыі. Што зусім справядліва. Артысты чыталі апавяданні і гумарэскі. Уражанне: талент няроўны. Аж крыўдна! Асабліва нецікавы ў гумарэсках. Ну, але кіраўнік энцыклапедыі быў выдатны — і вельмі шкада, што страцілі яго.

На вечары амаль не было яго равеснікаў. Знаёмая Беларусь!..

21-га траўня. Ездзіў у выдавецтва, глядзеў афармленне 6-томніка (які або не выйдзе наогул, або я не дачакаюся). Засмучаны тытулам, буду прасіць перамаляваць — пакласці на вокладцы мой роспіс, і толькі.

Глядзеў вечарам кандыдата ў прэзідэнты РФ генерала Лебедзя. Уразіў. Думаю, што і вельмі многіх у Расіі. Падобна, што не выпадкова вылучыў сябе на пасаду цара-бацюшкі.

23-га траўня. Юбілейны вечар “Роднага слова” (соты нумар). Упрасілі выступіць (не лепшая мая прамова ў зале Дома літаратара). Праграма скампанаваная няўдала, зацягнулі бязбожна (каля трох гадзін). Пасля — банкет. Шкадую, што застаўся. Трэба ставіць кропку. Грамада — не мая і не для мяне.

24-га траўня. Зноў слухаў генерала Лебедзя. Па-мойму, паблытае раскінуты палітолагамі пасьянс. Наколькі ведаю Расію і яе народ — ён мае будучыню. Стане царом! Гэты раз — не, але наступны — абавязкова! Цяпер жа зойме не ніжэй трэцяй зверху прыступкі. У ім ёсць галоўнае, чаго хочуць, па чым засумавалі расейскія мужыкі і бабы: ён навядзе парадак. Пакончыць з мафіёзамі, з карумпіраваным чыноўніцтвам, з бандытызмам. Чалавек справы. Калі, вядома, ацалее сам.

31-га траўня. Ну, Расея! Ну, Расея! Проста цуд дый годзе! У прэзідэнты — глядзеў па тэле — лезе нехта Брынцалаў. Уласнік фармацэўтычных заводаў, мульцімільярдэр. Пашляк несусветны. Мала клоуна Жырыноўскага — наце, палюбуйцеся яшчэ і на такога! Ну, Расея! Ну весяліш ты Еўропу і цэлы свет здорава! Толькі нам, беларусам, ад гэтага зусім-зусім не весела. Страшна!