Выбрать главу

чорны агонь

ты апякаеш толькі

ці нават свеціш

не хачу

каб глядзела ты на мяне

свечка жыцця дрыжыць

над небыццём маім

неба не ведаю выйсця

з маленькай самай сцяблінкі

дапамажы

маёй непамыснасці

калі горла сціскаюць

пальцы самоты

кажу: я сам сцяг

і я ж сцяганосец.

1978

***

пасеяў я на гары

зерне жыцця

і не дачакаюся хлеба

што да стала прыходзіць

сонцам паліцца

дажджом згінаецца

вялікага ў нашым маўчанні

маленькага ў галасах зямлі

пад галінкаю ветру

пад рукою неба

пад дрэвам свету

прыносяць прыносяць чалавека

і побач з зернем кладуць

вітаю, браце!

1977

ІДУЧЫ

з імем тваім ідучы:

так маю тут шмат

што няма чаго адабраць

усё я аддаць магу

з радасцю тваёй ідучы:

тут днее ўвесь час

з глыбіняў цемры

святло дастае рука

з болем тваім ідучы:

колер праўды ў гэтай крыві

ужо вугалямі хлусні

не датыкайцеся да жывых ран

ах калі пустаруч ідучы:

абарані нас ад нас

айчына

1978

***

Пад ліпай знайшоў не зямлю,

а маці світальную: неба

ласкава на ўлонні трымала.

Нябёсы ў хусцінку кладзі,

у кветках вясёлых хусціну

і сцягвай на вузел любові.

А будзе праходзіць жыццё,

стамлёная жытка-жабрачка,

аддай ёй хатуль без развагі.

На ўсіх хай раздзеліць жыццё,

хай чэсна пароўну падзеліць,

усіх нас яднаючы з небам.

1978

У НАКІРУНКУ ДОБРЫХ СЛОЎ

У накірунку добрых слоў

свет пашыры, зрабі яго

хоць на адно жыццё глыбейшым.

Надзеі ападаюць тут,

ніхто іх не збярэ. Як ліст,

шапочуць пад нагамі думкі.

Ты сярод іх стаіш, як дрэва

зямное, верхавіну час

з учора і да заўтра хіліць.

Ды карані глыбей. Адтуль

ідуць угору сны і сум.

Там золата быцця цямнее.

Прыгожы некаму і ты,

бо з птушкамі расцеш у неба

у накірунку добрых слоў.

1978

ІШЛА БАГОЎКА ПА ВЯСЁЛЦЫ

Луг змаладзелы небам пах.

Ішла багоўка па вясёлцы.

I жаўранкагалосы хтось

глыбей яшчэ ў Літву ўваходзіў.

Спагадная (ён так спяваў),

калі цябе кажу — мне добра.

Дазволь і ў цемрадзі ў вачах

святло тваёй вяршыні ўбачыць,

твой боль губамі адшукаць

і паўтараць цябе на памяць,

гарэць у вугальку тваім,

на стол тваёю лыжкай легчы

ці гэтай трэсачкаю, што

сталу пад ножку падкладаюць,

пад хлебам і пад сэрцам каб,

калі ўсе сядуць, не гайдаўся...

1978

notes

Заўвагі

1

Паводле народнай легенды, азёры ляталі, пакуль ім не далі назваў.

2

У старадаўнія часы продкі паэта пры пахаванні нябожчыка-воіна клалі з ім побач у дамавіну і ягоны баявы меч. (Заўвага перакладчыка.)